Домой Общество «Ня быць скотам» па-бабруйску…

«Ня быць скотам» па-бабруйску…







У аўторак, восьмага верасьня, бабруйская кааліцыя дэмакратычнай моладзі правяла экалягічную акцыю прыборкі тэрыторыі помніка прыроды Лукавая Гара.

Да акцыі далучыліся актывісты з усяго Бабруйску. Моладзь вырашыла паказаць сваім прыкладам, што калі хочаш зьмяніць штосьці ў паводзінах людзей — трэба пачынаць з сабе.

Моладзь прапанавала правесьці на Гары акцыю пад назвай «Ня быць скотам». Гэты радок зь верша Янкі Купалы хлопцы ўзгадалі адразу, калі ўбачылі, што людзі «натварылі» у помніку прыроды…

Між тым на тэрыторыі прыродаахоўнай зоны забаронена зьнішчэньне дрэваў і хмызьнякоў, разьвядзеньне вогнішчаў, разбіўка турыстычных лягераў, стаянка й рух транспарту і г.д.

Але шматлікія наведвальнікі жывапіснай мясьціны, здаецца, увогуле не зьвяртаюць увагу на забароны. Дарэчы, у гэтым годзе раптоўна зьнікла адна з шыльдаў, дзе быў пазначаны сьпіс рэчаў, якія нельга рабіць на Лукавай Гары.

У выніку, «культурны адпачынак» груп мясцовых і немясцовых жыхароў абарочваецца горамі сьмецьця, пакінутымі сярод прыгажэйшай часткі горада.

Працоўнікі зелянгаса й мясьцовага ЖЭЎ час ад часу прыбіраюць тэрыторыю. Але… колькасьць сьмецьця амаль ня зьменьваецца…

Падчас прыборкі «БК» пагутарыў з валантэрамі. Па іх меркаваньні, адной з прычынаў дрэннага стану прыродаахоўнай зоны зьяўляецца абыякавае стаўленьне ўладаў да гэтай праблемы.

«Мы, кааліцыя дэмакратычнай моладзі Бабруйску, зьбіраемся зрабіць афіцыйны зварот да ўлады ў гарвыканкам — наконт таго, як можна палепшыць стан заказьніку.

Наша прапанова будзе ўключаць некалькі пунктаў: патрэбна зрабіць агароджу там, дзе на гэтае месца заязджаюць аўтамабілі. Трэба паставіць сьметніцы на ўсей тэрыторыі заказьніка. І, самае галоўнае, трэба садзіць дрэвы і хмызняк, бо адбываецца сур’ёзная эрозія глебы».

Удзельнікі акцыі спадзяюцца, што гэта будзе ня проста зварот, а дыялёг. Яны гатовы самі добраўладкоўваць і даглядаць тэрыторыю. І — адкрыты для прапаноў.

«Мы з прыемнасьцю дапаможам, калі да нас будуць зьвяртацца. Зьвязацца з намі можна праз суполку ў сацыяльнай сетке VK — «Ня быць скотам». Менавіта там мы будзем дамаўляцца, абмяркоўваць розная мерампрыемствы й навіны, посьціць усялякія цікавінкі».

Актывісты прапануюць усім неабыякавым бабруйчанам далучацца да іх па спасылке http://vk.com/club101815930

Даведка. Лукавая Гара знаходзіцца ля Шостага мікрараёну й займае плошчу ў 30,5 гектараў. У 1994-м годзе вырашэньнем бабруйскага гарвыканкаму гэтае месца было аб’яўлена ландшафтным заказьнікам мясцовага назначэньня.

Александрына Глаголева