Домой В стране Новая дзіцячая дапамога: пакрыўдзілі маці-адзіночак, ІП, адвакатаў і натарыусаў

Новая дзіцячая дапамога: пакрыўдзілі маці-адзіночак, ІП, адвакатаў і натарыусаў

Павышаныя памеры штомесячнай дапамогі па даглядзе за дзецьмі да трох год павялічылі ледзьве не ўдвая дастатак матуль у поўных семях; амаль на 180 тысяч скарацілі даход жанчын, якія зяўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП), адвакатамі і натарыусамі; і прыкладна на 120 тысяч паменьшылі скарбонкі маці-адзіночак, немаўля якіх не дасягнулі 1,5 гады, піша «Тут і цяпер».

Ураўнілаўка па катэгорыях

Памер новай дапамогі цяпер прывязаны не да бюджэта спажывецкага мінімума (БСМ), а да сярэднемесячнага заробку па краіне, які на III квартал мінулага года склаў 4 037 686 рублёў (менавіта так вызначаецца новая дапамога). Такім чынам, яе памер з 1-га па 31 студзеня раўняецца: на першае дзіця 1 413 190 руб. (35% ад сярэдняга заробку), на другога і наступных 1 615 070 руб. (40%), на дзіця-інваліда да трох год 1 810 960 (45%). Як бачна, лічбы паміж гэтымі катэгорыямі не надта адрозніваюцца, што наводзіць на думку аб спробе зрабіць усіх «дэкрэтніц» і іх дзяцей аднолькавымі, нягледзячы на розныя патрэбы.

Так, дзяржава свядома пазбаўляецца ад паняцця «маці-адзіночка», бо адсачыць, хто на самой справе выхоўвае дзіця без бацькі, а хто носіць статус «ілжэ-адзіночкі», чыноўнікі не ў стане. Але і пры такім раскладзе больш пашанцавала дзецям «адзіночак», якія дасягнулі палутара гадоў ім па старых нормах прызначаецца штомесячная дапамога з надбаўкай у 40% (з 1 лістапада 2012 года гэта 1 230 040 руб. на першае дзіця). А вось «адзіночкі» з немаўлятамі да 1,5 гадоў прайгралі замест сумы з надбаўкай у 75% (1 540 052 руб. на першынца) яны вымушаны «шыкаваць» на 1 413 190 руб.

Асобным радком стаяць маці-індывідуальныя прадпрымальніцы, адвакаты і натарыусы, якія могуць прэтэндаваць толькі на 50% ад новых сум. Палову дапамогі гэтым катэгорыям вырашылі плаціць, паколькі, па меркаванні дзяржчыноўнікаў, кожны з іх мае магчымасць падпрацоўваць і не перапыняць сваю дзейнасць. Атрымоўваецца так: нарадзіў, перадыхнуў пару дзён і зноў за працу па поўнай праграме, а дзеці ў іх такія, што самі аб сабе паклапоцяцца, пакуль маці занятыя? І калі ІП яшчэ могуць атрымаць дапамогу у 100%, спыніўшы сваю індывідуальную дзейнасць, то ў адвакатаў і натарыусаў такой магчымасці няма.

Пераразлік заднім лікам

Закон «Аб дзяржаўнай дапамозе семям, выхоўваючым дзяцей» уступіў у сілу 1 студзеня бягучага года, аднак новыя сумы амаль ніхто з дэкрэтніц не атрымаў. У рэдкіх выпадках бухгалтары на «прасунутых» прадпрыемствах налічылі адпаведны памер дапамог. Астатнія схамянуліся толькі пасля зваротаў матуль і абяцалі ў лютым зрабіць пераразлік за студзень.

Прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны тлумачаць затрымку «асаблівасцямі аўтаматызаванага разліку дапамогі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне». Гэта азначае, што дагэтуль ва ўпраўленнях сацыяльнай абароны не пастаўлена новая кампутарная праграма, з дапамогай якой налічваюць грошы.

У нас і зараз няма новых сум і мы не робім пераразліку. Хоць закон і дзейнічае з 1 студзеня, а практычна ўсё дагэтуль на нулі праграма выдае мінулагоднія сумы. Здавалася б, у нас усё павінна змяніцца ў першую чаргу, але на справе, як заўжды, у апошнюю, пракаменціравала сітуацыю Галіна Бязуглая, спецыяліст упраўлення сацыяльнай абароны адміністрацыі Завадскога раёна сталіцы. Новую праграму хутчэй за ўсё установяць з панядзелка (28 студзеня І.С.). Але і гэта не азначае, што пераразлік у лютым можна будзе атрымаць у прывычную дату у лепшым выпадку гэта будзе пасля 20-х лічбаў.

Атрымоўваеца, што абяцанкі дзяржавы толькі бліснулі надзеяй, а іх выкананне адклалася на пэўны тэрмін. Між тым, матулі ўжо паспелі распланаваць бюджэт з улікам «новых грошай» і ў чарговы раз засталіся з носам.

Замужняя Аліна, маці Марыйкі (2,5 гады), якая ўжо паўгода ходзіць у дзіцячы садок:

На студзеньскія грошы я вельмі разлічвала, бо пачаліся маразы, а са старога камбінезону дачка вырасла, і я планавала набыць іншы (самы сціплы варыянт каштуе ад 600 тысяч). Канешне, гэтыя грошы і ў лютым не будуць лішнімі, але каштаваць яны ў канкрэтных пакупках будуць зусім інакш, чым зараз. Калі ўсё ж такі мне налічаць абяцаныя 1 413 190 рублёў, я буду задаволена хаця б тым, што змагу за апошнія паўгады знаходжання ў дэкрэце крыху «адбіць» свае сплочаныя амаль за дзесяць год працы падаткі. На момант, калі я пайшла ў дэкрэт, яны складалі амаль тую суму, што і апошняя дапамога (440 тысяч). З мужа вылічваюць падаткаў яшчэ больш, так што можна сказаць, што ён і сплочвае мне гэтую дапамогу.

Вольга, маці-адзіночка 8-месячнага Вані:

Давялося чуць немала непрывабных каментарыяў, а то і адкрытай злараднасці ад матуль з поўных сямей, што ім дапамогу павысілі ўдвая, а «адзіночкам» урэзалі. А ці думаў хто, наколькі ў сувязі з гэтым павелічэннем падымуцца цэны? Дзяржава напускае туману новымі памерамі дапамогі, каб потым, калі скокнуць цэны на харчаванне ды вопратку, сказаць: «Дык мы ж вам так узнялі дапамогу!». Думала ў студзені накупіць у запас сыну кансерваў, а зараз баюся, ці не павялічацца да лютага цэны і на колькі рэальна хопіць пераразлічаных грошай.

Дзіця у сад, сама на адпачынак?

Адзін са станоўчых момантаў новага закона тычыцца афармлення немаўляці ў дзіцячы сад. Згодна з новым палажэннем, калі ты аддаеш дзіця ў сад і не ідзеш на працу, альбо занятая на 0,5 стаўкі, альбо працуеш дома, то можаш атрымоўваць 100-працэнтную дапамогу (раней гэта лічба складала 50%). Як ні дзіўна, некаторыя матулі ўспрынялі гэтую норму як параджэнне дармаедства, маўляў, аддала дзіця і сядзіш дома ў столь плюеш.

Між іншым, каб дзіця прывыкла да новага месца, патрэбна не менш як паўгода у гэты час немаўля больш хварэе, а каму патрэбны работнік, які тыдзень на працы, а два на бальнічным? Так што ў гэтым плане дзяржава сапраўды паклапацілася пра матуль і даравала 100% дапамогі не для таго, каб дэкрэтніцы адпачывалі, а каб перажыць адаптацыю да садку.

Вераніка, маці-адзіночка Антона (2,1 гады):

Спарабавала падпрацоўваць дома, але невыспаўшаяся загнаная маці не лепшы вырыянт для сына. Наймаць няню, каб падпрацоўваць не варта аўчынка вырабу, а хочацца, каб дзіця не цярпела нястачы. І хоць сітуацыя мая і не крытычная, але аддам сваю маляўку ў садзік раней і пайду на працу на поўны дзень.

Замужняя Таццяна, маці гадавалай Дашы:

З новымі памерамі дапамогі я адназначна выйграла, калі не ўлічваць маю пазіцыю як грамадзяніна адносна справядлівасці прынятых нормаў. Магчымасць часткова выйсці на працу і атрымоўваць дапамогу ў поўным памеры гэта цудоўна, але рашэнне гэта неабдуманае. Раней перспектыва згубіць у грошах стрымлівала многіх матуль, якія аддавалі дзіця ў сад як мага пазней. А зараз, мне здаецца, можам сутыкнуцца з праблемай яшчэ большага перапаўнення садоў, спатрэбяцца новыя ясельныя групы, паўстане пытанне педагагічнага напаўнення гэтых устаноў. Да таго ж павысіцца нежаданне людзей ісці на працу на ўмоўна кароткі тэрмін замест дэкрэтніц, і такія месцы будуць незапатрабаванымі.

Змена правіл размеркавання дапамогі прывяла да чарговай парадаксальнай сітуацыі: адным катэгорыям матуль памеры выплат павысілі за кошт другіх, парушыўшы тым самым норму Канстытуцыі, дзе сказана, што «усе маюць аднолькавае права на падтрымку дзяржавы».

Ірына СІНІЦА