Домой Общество На якіх аўто ездзяць беларускія чыноўнікі

На якіх аўто ездзяць беларускія чыноўнікі

У параўнанні з суседскімі, нашы чынушы — сапраўдныя аўтамабільныя «крэзы».

Байнэт ускалыхнула звестка пра непамерныя амбіцыі старшыні Ельскага райвыканкама Гомельскай вобласці. Райвыканкам абвесціў тэндар на закупку аўтамабіля для свайго начальніка.

Тэндарная аб’ява з’явілася на сайце Goszakupki.by. Купіць хочуць Touareg V6 TDI Tiptronic або яго аналаг, рухавік — 3.0 V6 TDI, 150 кВт / 204 л.з., каробка перадач — 8-ступеньчатая AT, колер — чорны перламутр. За такі аўтамабіль Ельскі райвыканкам гатоў выкласці 587 100 000 беларускіх рублёў. «Відавочна, старшыні надакучыла ездзіць на ровары», — кпіць Байнэт.

Галоўнае — ні ў чым сабе не адмаўляць

Наогул, нашы чыноўнікі сабе ні ў чым не адмаўляюць. Не так даўно ў аддзеле продажаў «Аўтасалон — AV» афіцыйнага прадстаўніка «Аўдзі» ў Беларусі адзначылі, што па дзяржзакупках актыўна прадавалася AUDI А4. «Кошт адносна прывабны — 23 тысячы еўра», — казалі ў аўтасалоне.

У «Таёта Цэнтр Мінск» распавялі, што папулярнасцю ў дзяржструктур карыстаюцца далёка не самыя танныя маркі: «У нас купляюць прэзідэнцкія гаражы. Дзяржструктуры часта набываюць у нас аўтамабілі. Гэта ў асноўным Camry, Land Cruiser 150, Land Cruiser 200. Але цяпер, у 2011-2012 гадах, тэндэнцыя такая: больш купляюць юрыдычныя асобы. Таму каля дзяржустаноў можна ўбачыць аўтамабілі дырэктараў пэўных прадпрыемстваў». Сярэдні кошт на Camry — 40 тысяч долараў. Можна і за 60 тысяч купіць, у лепшай камплектацыі. Новы Land Cruiser каштуе 100 тысяч. На Toyota Camry ездзіць міністр культуры Павел Латушка, а Land Cruiser быў заўважаны каля Нацыянальнага прэс-цэнтра падчас прэс-канферэнцыі намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна.

Купляюць чыноўнікі і «мерсэдэсы». У афіцыйным прадстаўніцтве аўтамабільнай кампаніі «Мерсэдэс бэнц» ў Мінску гэты факт пацвярджаюць, аднак падрабязнасці раскрываць не сталі.

А вось «фальксваген» беларускія чыноўнікі не любяць. Чамусьці набываюцца машыны гэтай маркі толькі самага нізкага ўзроўню. Міністраў у такіх не возяць.

Цікава, а на чым ездзяць суседзі?

На пачатку свайго прэзідэнцтва Даля Грыбаўскайтэ ездзіла на 'Mercedes-Benz S 500 L' і яе аўтамабіль губляўся сярод іншых удзельнікаў руху на дарозе. // Фота lrytas.lt

На пачатку свайго прэзідэнцтва Даля Грыбаўскайтэ ездзіла на 'Mercedes-Benz S 500 L' і яе аўтамабіль губляўся сярод іншых удзельнікаў руху на дарозе. // Фота lrytas.lt

Літва: крызіс прэзідэнцкага гаража

У гаражы прэзідэнцкага палаца Літвы — 15 легкавых аўто. З іх адзін возіць экс-прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Цяперашні прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ нядаўна перасела ў лімузін Дэпартамента аховы кіраўніцтва.

Між тым прадстаўніцкія аўтамабілі прэзідэнцкі гараж не закупляе. Прэзідэнцкі палац абвясціў конкурс на арэнду аўтамабіляў з вадзіцелямі.

У аб’яве сказана, што патрэбны «лімузіны з трымальнікам для сцяжка з правага боку», а таксама «вялікія прэстыжныя легкавыя аўтамабілі». «Дамова аб арэндзе машын патрэбен для таго, каб у выпадку неабходнасці не давялося ў спешцы шукаць пастаўшчыка паслуг», — сказаў прадстаўнік прэзідэнцкага палаца.

Па словах чыноўнікаў, ні адзін з саветнікаў прэзідэнта не мае «свайго» службовага аўтамабіля». Акрамя таго, прэзідэнцкі палац інфармаваў, што ў яго распараджэнні знаходзяцца толькі 6 кіроўцаў легкавых машын і 2 «кіроўцы-трактарысты».

Расійскі палітык Барыс Нямцоў 15 гадоў таму, будучы віцэ-прэм’ерам Расіі, першым прапанаваў перасадзіць чыноўнікаў на аўтамабілі айчыннай вытворчасці. // Фота lenta.ru

Расійскі палітык Барыс Нямцоў 15 гадоў таму, будучы віцэ-прэм’ерам Расіі, першым прапанаваў перасадзіць чыноўнікаў на аўтамабілі айчыннай вытворчасці. // Фота lenta.ru

Расія: стаўка на сваё

У 2011 годзе адміністрацыі розных расійскіх гарадоў і ўправы раёнаў аб’яўлялі конкурсы на набыццё аўтамабіляў Ford Mondeo, UAZ Patriot, Chevrolet Niva і нават Lada-2107.

У пачатку 2011 года большасць дзяржаўных ведамстваў Расіі адмовілася ад набыцця дарагіх аўтамабіляў на карысць іх арэнды. Калі ў 2010 годзе напракат бралі ўсяго 20-30% машын, то ў 2011 годзе гэты паказчык павялічыўся да 70%. Найбуйнейшым арандатарам стаў Пенсіённы фонд, які атрымаў у часовае карыстанне 47 аўтамабіляў.

Пры гэтым гучала прапанова перасадзіць расійскіх чыноўнікаў на асабістыя аўтамабілі. Утрыманне службовага аўтамабіля сярэдняга класа з улікам жыццёвага цыкла машыны, эксплуатацыйных выдаткаў, зарплаты кіроўцаў абыходзіцца міністэрствам і ведамствам у сярэднім у 100 тысяч рублёў у месяц. На думку ініцыятараў гэтага законапраекта, калі згаданую суму нават часткова выкарыстоўваць на персанальную прыбаўку да зарплаты або заахвочванне чыноўнікаў, то многія з цікавасцю ўспрымуць скарачэнне ведамаснага аўтапарка.

Украіна: абмежаванне на куплю

Ва Украіне — адзін з самых вялікіх «чынавенскіх гаражоў». Колькасць службовых аўтамабіляў для чыноўнікаў складае тут каля 7 тысяч. Гэта ледзь ці не самы вялікі чынавенскі аўтапарк у Еўропе.

Чыноўніцкія целы там да гэтага часу возяць прадстаўнічыя аўтамабілі. Напрыклад, работнікаў апарату Вярхоўнай Рады — службовыя «опелі» і «шкоды», дэпутатаў — прадстаўнічыя «таёта-камры». На службе ў Вярхоўнай Радзе ёсць нямала «мерсэдэсаў», але там запэўніваюць, што набывалі іх вельмі даўно. Нават спікер Уладзімір Літвін, кажуць, ездзіць на «мерсэдэсе», які перайшоў да яго ад папярэднікаў. На машыну папярэднікаў перасеў і прэм’ер Мікалай Азараў.

Уся справа ў тым, што ўкраінскім дзяржустановам забаранілі набываць дарагія машыны: урад прадоўжыў да 2014 года дзеянне пастановы аб эканоміі бюджэтных сродкаў, якая, у прыватнасці, забараняе чыноўнікам купляць за кошт казны дарагія аўтамабілі. Нават чыноўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта перасадзілі на бюджэтныя «шкоды актавія».

Абмежаванні на набыццё ўкраінскімі чыноўнікамі дарагіх аўтамабіляў былі ўведзены яшчэ ў 2001 годзе (іх увёў тагачасны першы віцэ-прэм’ер Юры Еханураў). Віктар Януковіч, у другі раз стаўшы прэм’ерам у 2006 годзе, гэтыя абмежаванні зняў. У лістападзе 2008-га, у пачатку фінансавага крызісу, урад Юліі Цімашэнка наогул забараніў дзяржслужачым купляць службовыя машыны. Зрэшты, міністрам не сталі забараняць выкарыстанне ўжо набытых іншамарак, таму сама Цімашэнка ездзіла на Мercedes-600.

Польшча: прыярытэт роварам

У Польшчы чыноўнікаў перасаджваюць на ровары. Прычым ініцыятыва зыходзіць ад мясцовых улад. Напрыклад, у Гдыні мэрыя закупіла ровары для сваіх супрацоўнікаў. Ёсць і заахвочванне: прыедзеш на працу на ровары — атрымаеш у падарунак бутэрброд ці квіткі ў кіно.

За апошнія гады колькасць веласіпедыстаў у Польшчы павялічылася ў разы. Ездзіць на ровары стала модна.

Латвія: аўтамабілямі не карыстаюцца

Бюро па барацьбе і прадухіленні карупцыі Латвіі адзначае, што службовую машыну наогул нельга выкарыстоўваць для асабістых патрэб. Гэта прадугледжваюць адпаведныя правілы. У іх, дарэчы, агаворана, якія службовыя асобы маюць права ездзіць на машыне дадому.

Але і гэтым чыноўнікам даводзіцца несалодка. Калі службовая асоба выкарыстоўвае службовую машыну для паездак з дома на працу і назад, то за гэта трэба плаціць падатак. Некаторыя міністры ўжо са студзеня гэтага года пачалі плаціць за карыстанне службовым аўто.

Вось і пыляцца ў гаражы Міністэрства культуры адразу два аўтамабілі 2009 года выпуску — Volvo S40 і Toyota Avensis, а ў Міністэрстве ўнутраных спраў — такі ж «нулявы» Volkswagen Passat. Аказалася, што самы вялікі аўтапарк у Міністэрства замежных спраў — звыш ста адзінак тэхнікі, пераважна 3-4-гадовай даўніны, хоць ёсць і зусім новыя экспанаты, напрыклад, Volvo S80 2008 года выпуску і Mercedes-Benz E200 таго ж года.

А на чым ездзілі папярэднікі?

Былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі ездзіў на «Волзе».

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч змяніў некалькі службовых машын. «Спачатку я ездзіў на «Волзе». Потым мне далі «членавоз» — «Зіл-117». Я на ім ездзіў толькі тры разы, прымаць у паслоў даверчыя граматы. Нават у Віскулі я ездзіў не на ім — мой «Зіл» тады завозіў у Віскулі Ельцына і Кучму. Потым Савет Міністраў закупіў патрыманыя «мерсэдэсы» (былі такія доўгія машыны), а пасля ўжо 15 новых «мерсэдэсаў», якімі я амаль не карыстаўся. Але 90% часу мяне вазіла «Волга», — запэўнівае Шушкевіч.

Больш пашанцавала былому старшыні Нацбанка Станіславу Багданкевічу. «Па Мінску я ездзіў на „Волзе“, але была ў мяне машына і прадстаўнічага класа — ці то „БМВ“, ці то „Мерсэдэс“. Да іх дадаваліся два кіроўцы. Гэта быў стандарт для кіраўніка Нацбанка яшчэ з савецкіх часоў», — сказаў Багданкевіч.

Эканаміст Сяргей Чалы прапаноўвае прапісаць правілы таго, што можа дазволіць сабе чыноўнік:

— Увогуле, скандалы ўзнікаюць таму, што ў нас няма правіл, у якіх прапісана, на якой машыне можа ездзіць чыноўнік. Усё залежыць ад ступені нахабства чыноўнікоў: яны толькі здагадваюцца аб планцы ў тратах на сябе дзяржаўных сродкаў.

Я думаю, варта прапісаць узровень трат дзяржаўных сродкаў на добрыя машыны і іншыя прадметы раскошы для чыноўнікаў рознага ўзроўню. Тады і скандалаў не будзе, і карупцыйных спраў стане менш.

Сяргей КОЎШ ТУТ I ЦЯПЕР