Музыка Сяржук Доўгушаў і вядучая моўных курсаў «Мова нанова» Ірына Ласіхіна вырашылі ажывіць у нашым горадзе спрадвечную беларускую традыцыю супольных спеваў.
Праходзіў першы бабруйскі Спеўны сход 13 кастрычніка ў тайм-клубе «1387». Адкрыць музычныя сустрэчы вырашылі «Народным альбомам». Заспяваць разам з Сяржуком Доўгашавым сабраліся каля 25 бабруйчан. Распачалі з дыхальнай размінкі пад кіраўніцтвам Ірыны Ласіхінай. А першай песняй, якую заспявалі хорам пад акампанемент баяніста Яўгена Курыльчыка, стала «Маладое піва», што напісаў Міхал Анемпадыстаў.
Спеўныя сходы даўно вядомыя ў Менску і некаторых іншых беларускіх гарадах. Гэта грамадская ініцыятыва, якая стваралася, каб любы чалавек, незалежна ад таго, ці мае музычную адукацыю ці здольнасці, мог навучыцца спяваць беларускія песні.
Ініцыятар Спеўных сходаў – музыка Сяржук Доўгушаў. Падчас размовы з бабруйчанамі ён распавёў, што Бабруйск – адзін з ягоных улюбёных гарадоў, і ён мае мару – зладзіць Спеўны сход з габрэйскай грамадой.
Таксама Сяржук прэзентаваў тым, хто прыйшоў заспяваць, сайт spevy.by, які ён зараз стварае. На сайце будуць размяшчацца беларускія песні, музыка, у асноўным, народныя, але таксама і класіка таго ж Манюшкі, Агінскага і інш. Робіцца усё гэта, каб захаваць нашу спадчыну, і каб любы жадаючы мог заспяваць з сябрамі беларускія песні, нават калі ён іх не ведае – на сайце ён знойдзе і словы, і музыку. Spevy.by – цалкам валанцёрскі праект, і Сяржук збірае на яго сродкі на краўдфандынгавай платформе «Талака».
Каб не прапусціць наступны Спеўны сход у Бабруйску, сачыце за абвесткамі на старонцы ў фэйсбуку , а таксама на старонках тайм-клуба «1387».
Падрабязней пра тое, як бабруйчане спявалі «Народны альбом», глядзіце ў нашым відэасюжэце.
Марына Міхневіч