Домой Общество Наўруз Байрам па-бабруйску

Наўруз Байрам па-бабруйску









Азербайджанская дыяспара Бабруйска адсвяткавала Наўруз Байрам (мусульманскі Новы год).

Святкуюць яго тры дні з 20 па 22 сакавіка у дні вясновага раўнадзенства, а паводле старажытнай зораастрыйскай традыцыі 21 сакавіка надыходзіць новы год.

У гэты час усё расце і квітнее, гаворыць старшыня азербайджанскай дыяспары ў Бабруйску спадар Эйюб Юсіфаў. Прыходзіць вясна, усё ўпрыгожваецца зелянінай. Гэтае свята для мусульман нешта накшталт хрысціянскай Пасхі. У нашай краіне 21 сакавіка ніхто не зачыняе дзверы ў хаце, усе весяляцца

На святкаванне ў рэстаран «Глорыя» прыйшлі шматлікія госці, прыехалі нават прадстаўнікі амбасады Азербайджана ў Беларусі. Наведаў Бабруйск і прадстаўнік кангрэса азербайджанскай суполкі ў Беларусі, чатырохразовы чэмпіён Еўропы, пяціразовы чэмпіён свету, алімпійскі прызёр, Заслужаны майстар спорту міжнароднага класа па дзюдо Націг Багіраў. Усе віншавалі адзін аднаго са святам, весяліліся. Гучала нацыянальная музыка і спевы.

У Беларусі, вядома, не такі размах святкавання, як у Азербайджане, гаворыць спадар Эйюб. Там па традыцыі паляць вогнішчы, незамужнія маладзіцы варожаць

Але і ў Бабруйску свята прайшло даволі весела. Па краіне яго адзначалі ў розныя дні, дзеля таго, каб можна было запрасіць гасцей з розных гарадоў. Напрыклад, азербайджанская амбасада ў Мінску, па словах спадара Эйюба, адзначыла Наўруз Байрам яшчэ 16 сакавіка.

Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара