Лявон Вольскi пасля канцэрту.
Лявон Вольскі раздае аўтографы сваім аматарам.
Наплыў прыхільнікаў творчасці беларускага рокера ўсё расце ды расце.
На святочным канцэрте, які праходзіў з нагоды Дня горада, выступаў вядомы гурт “Крамбамбуля”. Пасля канцэрта мы пагутарылі з яе лідэрам, легендай беларускай рок-музыкі — Лявонам Вольскім.
— Спадар Лявон, як вам Бабруйск?
— Бабруйск вельмі прыгожы горад, але, нажаль, няма часу, каб паглядзець яго больш дасканала. Тут ёсць адзін гатэль у раёне “ФанДАКа”, які, на мой погляд, з’яўляецца адным з лепшых у краіне. У ім можна не толькі нармальна пераначаваць, але і зрабіць гэта не вельмі дорага, што з’яўляецца рэдкасцю для беларускіх гарадоў.
— Кожны ваш канцэрт праходзіць па-рознаму. І, вядома, публіка заўсёды розная. Што вам больш за ўсё спадабалася на канцэрце ў Бабруйску?
— Мне вельмі спадабалася тое, што публіка, хоць і не вельмі адукаваная, але вельмі добра паддаецца адукацыі. Было бачна, што большасці з тых, хто прыйшоў на канцэрт, было цяжка спяваць па-беларуску, але гэта ўдалося выправіць.
— У Беларусі атрымалі шырокую папулярнасць і “NRM”, і “Крамбамбуля”. А ў якім з іх вы адчуваеце сябе самога?
— Ну, “Крамбамбуля” — гэта хутчэй праект, а не гурт, усё ж такі. Гэта такі праект, які мы рабілі жартуючы. Урэшце, мы ім штосьці нават зарабляем, дзякуючы карпаратывам. Гэта, канешне, смешна, але факт застаецца фактам. А “NRM” — гэта больш духоўны праект, больш ідэалагічны. Цяпер я яшчэ крышачку займаюся і сольнай дзейнасцю. Дзе канкрэтна, не магу сказаць, бо гэта розныя мае часткі ў розных праектах.
— Ці плануеце з “Крамбамбуляй” запісаць новы дыск?
— Так, плануем, але пакуль што не ведаем, як ён будзе называцца і што ў яго ўвойдзе. Ёсць у ім ірландскія матывы, нешта беларускае-народнае хочам крышачку “падняць”. А зараз будзем пісаць саўнд-трэк да аднаго беларускага фільма, але не буду казаць якога, няхай гэта будзе сюрпрызам.
— Спадар Лявон, вы не толькі вядомы музыкант, але таксама і пісьменнік. Чым вам больш падабаецца займацца: літаратурай ці музыкай?
— Канешне ж, я больш музыкант! Адразу ёсць нейкі водгук, адразу ёсць нейкі розгалас і аддача. Заўсёды прыемна пачуць рэакцыю публікі на тваю творчасць. А калі ты пішаш раман ці апавяданне, то гэта доўгая песня… Ніколі не даведаешся, як адрэагавала на тваю пісьменнасць уся публіка. І тым больш, гэты жанр мастацкай дзейнасці не вельмі зараз папулярны ў нашай краіне.
— Ці ёсць у вас у чарнавых варыянтах нейкія літаратурныя працы, якія чакаюць свайго выхаду?
— Канешне ж, ёсць! Але, нажаль, не магу сказаць, якія. Цікавей будзе чытаць, калі не ведаеш, пра што там можа быць.
— Калі б вы, Лявон, не сталі музыкай ці пісьменнікам, то чым бы займаліся?
— Я стаў бы мастаком. Доўгі час вучыўся на мастака і мею нават вышэйшую асвету, але так і не стаў тым, на каго вучыўся…
— Што б вы параілі чытачам нашай газеты.
— Заставацца такімі ж гасціннымі, якімі бабруйчане з’яўляюцца зараз.
Яўген ВАСЬКОВІЧ
Фота аўтара