«Мытнаму камітэту неабходна кардынальным чынам ачысціць свае рады ад
іржы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка ў Мінску на нарадзе па
пытанні ўмацавання абараназдольнасці, правапарадку і бяспекі дзяржавы.
Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, ён назваў недапушчальнай сітуацыю
з карупцыяй у мытных органах. «Гэта сведчыць аб правалах у рабоце
Дзяржаўнага мытнага камітэта. Карупцыя з хранічнага захворвання
перарасла ў ракавую пухліну», — зазначыў А.Лукашэнка.
Паводле яго слоў, увядзенне новага Мытнага кодэкса не прывяло да
спрашчэння працэдуры мытнага афармлення, неапраўдана зацягнулася
распрацоўка новых нарматыўных прававых актаў у мытнай сферы.
А.Лукашэнка зазначыў, што галоўная задача пагранічнага і мытнага
камітэтаў — паставіць надзейную перашкоду міжнароднай арганізаванай
злачыннасці на знешніх рубяжах, абарона эканамічных інтарэсаў краіны.
«Мы павінны не адгароджвацца ад знешняга свету, а забяспечыць
неабходныя ўмовы лёгкага ўваходжання Беларусі ў сусветную эканоміку.
Далейшае развіццё супрацоўніцтва з краінамі ЕС, СГА — наша найбліжэйшая
перспектыва, і работа мытнікаў, памежнікаў павінна гэтаму адпавядаць.
Галоўную ролю тут закліканы адыграць канцэпцыя развіцця органаў
пагранічнай службы на 2008—2017 гады і дзяржаўная праграма па
абуладкаванні дзяржмяжы на перыяд да 2012 года, якія распрацоўваюцца»,
— заявіў А.Лукашэнка.
Дзяржпагранкамітэт, на яго думку,
пакуль не стаў эфектыўным каардынатарам дзейнасці дзяржорганаў і іншых
арганізацый у галіне правядзення дзяржаўнай пагранічнай палітыкі і
арганізацыі пагранічнай бяспекі.
А.Лукашэнка акцэнтаваў
увагу на неабходнасці выключыць нанясенне ўрону добрасумленным
удзельнікам знешнеэканамічнай дзейнасці. Ён даручыў ураду і
Дзяржсакратарыяту Савету бяспекі звярнуць асаблівую ўвагу на работу
мытных органаў.