«Марафонец» Анатоль Санаценка прыпыніўся ў Крэатыўнай прасторы «1387» і вярнуўся на дыстанцыю.
28 верасня навучэнцы нетрывіяльных курсаў Мова нанова, што ўжо пяты год ладзяцца ў тайм-клубе «1387», не толькі засвойвалі розніцу паміж словамі «гаспадыня» і «гаспадарка», але і слухалі вершы на беларуская мове. На гэтых занятках госцем курсаў быў паэт і перакладчык, празаік, галоўны рэдактар «Бабруйскага кур’ера» Анатоль Санаценка.
Нагодай для візіту стаў ягоны своеасаблівы «літаратурны марафон» прысвечаны 100-годдю з дня смерці знакамітага французскага паэта, празаіка, стваральніка тэрміна «сюррэалізм» Гіёма Апалінэра.
Літ. марафон стартаваў 17-га верасня. Анатоль Санаценка па ўласнай ініцыятыве штодзённа ў сваім блогу на сайце «Бабруйскі кур’ер», са спасылкай у «Фэйсбуку», публікуе па адным вершы Апалінэра, перакладзеным ім з французскай на беларускую мову, і плануе фінішаваць 9 лістапада – менавіта ў дзень юбілея.
Распачаўся літаратурны марафон перакладам першай кнігі кароткіх вершаў славутага паэта – «Бестыярыюм, або картэж Арфея». Усяго Анатоль Санаценка плануе апублікаваць каля 80 вершаў, у тым ліку тыя, якія ніколі не перакладаліся – ні на беларускую, ні на расейскую мовы.
Госць імпрэзы не толькі пазнаёміў слухачоў курсаў з новымі перакладамі Апалінэра, але і з тымі, што ўжо публікаваліся ў ягоным паэтычным зборніку «Вяртанне на Радзіму». Таксама ён распавёў пра цікавыя біяграфічныя дэталі з жыцця паэта, у тым ліку, тыя, якія тычацца паходжання Гіёма Апалінэра – з шляхетнага літвінского (беларускага) роду Кастравіцкіх.
Акрамя знаёмства з творамі выдатнага паэта з беларускімі каранямі, наведнікі курсаў даведаліся падчас сустрэчы яшчэ пра аднаго выбітнага беларуса, дарэчы, сучасніка Апалінэра – вынаходніка Якуба Наркевіча-Ёдку.
Антон Пуціла
Фота аўтара