Домой Общество Крама «Беларусачка». Але ніводнага слова па-беларуску

Крама «Беларусачка». Але ніводнага слова па-беларуску


Урачыстае адкрыццё фірмовай крамы «Беларусачка» адбылося ў нашым горадзе 14 жніўня. «Бабруйскі кур’ер» вырашыў паглядзець, што хаваецца за назвай, адсылаючай да нацыянальных матываў.

Фантазія малявала стыльныя рэчы з элементамі беларускага арнамента, якія нарэшце можна будзе набыць у Бабруйску, беларускамоўных прадаўцоў, афармленне інтэр’еру з нацыянальным каларытам…

Назва «Беларусачка» прываблівае сваім патрыятычным настроем. Але зайшоўшы ў краму, разумееш, што ад беларускасці тут толькі як раз прыгожая назва і краіна рэгістрацыі фірмы. Ну і працаўнікі таксама беларусы. Больш ні ў самой краме, ні на этыкетках адзення, ні на карпарытыўным сайце няма ні слова па-беларуску. А ў новай краме мы знайшлі проста жаночую вопратку для дому беларускай вытворчасці з італьянскіх тканінаў.

У дзень адкрыцця аб’ява на дзвярах абяцала 25% зніжку. Але нельга сказаць, каб было вельмі шмат пакупнікоў. Хоць, бабруйчане, канешне, зацікавіліся новай крамай.

Асартымент «Беларусачкі» — жаночае адзенне для хатняга адпачынку і сну. Кошты — ад прыблізна 120 тысяч рублёў і вышэй. Матэрыялы, паводле прадстаўніцы кампаніі ў Бабруйску Кацярыны, натуральныя і зусім не танныя, італьянскай, турэцкай, балгарскай вытворчасці. Стыль адзення распрацоўваюць свае мастакі і дызайнеры. На ўласных прадпрыемствах у Менску і Салігорску ідзе пашыў.

Кацярыне кошты на вопратку «Беларусачкі» не здаюцца высокімі. «Я лічу, што нашыя жанчыны дараслі да таго ўзроўню, каб і дома насіць прыгожае і якаснае адзенне», — кажа Кацярына.

Гандлёвая марка «Беларусачка» («Belarusachka») была зарэгістраваная ў 2005 годзе. Належыць яна гандлёва-вытворчаму прадпрыемству «ТэкстыльМаркет». У Бабруйску гэта першая фірмовая крама. І адчынілася яна, здаецца, зусім невыпадкова. Бо, як распавяла Кацярына, дырэктар «ТэкстыльМаркету», Уладзімер Шапаткоўскі, — бабруйчанін.

А вось што да мовы, то ў кампаніі нам патлумачылі, што ўсё пішацца па-расейску, бо здаўна вядзецца праца пераважна на Расею.
Кацярына распавяла, што прадаваць сваю прадукцыю «Беларусачка» пачала не так даўно. На сайце знаходзім інфармацыю, што першая фірмовая крама ў нашай краіне адчынілася толькі ў 2011 годзе.

Пакідалі мы новую краму з прыемным уражаннем ад працы прадаўцоў, але і з моцным шкадаваннем, што такі прыгожы брэнд — «Беларусачка» — мае так мала агульнага з сапраўднай беларускасцю. Што ўвогуле датычыць большасці беларускай тэкстыльнай прадукцыі.

Марына Міхневіч