Домой Общество Колькі шансаў ёсць у апазіцыі патрапіць у Палату прадстаўнікоў

Колькі шансаў ёсць у апазіцыі патрапіць у Палату прадстаўнікоў

Ці хапіла на гэты раз апазіцыі часу для таго, каб падрыхтавацца да парламенцкай кампаніі? І ўвогуле, ці рыхтаваліся незалежныя палітыкі да выбараў?

Пра гэта «Тут і цяпер» папрасіла паразважаць некаторых экспертаў.

Па восені чакаць 500 долараў сярэдняга заробку?

Звычайна пасля любой выбарчай кампаніі, калі надыходзіць час для аналізу і «разбору палётаў», многія палітыкі, якія лічаць сябе дэмакратамі, кажуць: мы прайгралі, таму што не было доступу да інфармацыйных рэсурсаў, таму што ў прадстаўнікоў улады было больш часу і магчымасцей для падрыхтоўкі, таму што вакол суцэльныя фальсіфікацыі і гэтак далей…

Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць, што ў апазіцыі і цяпер вельмі мала шанцаў патрапіць у Палату прадстаўнікоў.

«Уласна кажучы, гаворка нават не пра выбары, а пра палітычную кампанію, якая не мае выразна вызначаных мэт і задач, — разважае аналітык. — Няма індыкатараў, на падставе якіх можна было б сказаць, што кампанія прайшла паспяхова альбо правалена. Таму гаварыць пра гатоўнасць да выбараў вельмі складана. Усё ў гэтай кампаніі неяк няпэўна…».

На пытанне «Ці патрапіць усё ж такі апазіцыя ў парламент?» Карбалевіч адказвае так: «Думаю, апазіцыя апрыёры не можа трапіць у парламент, таму што сапраўдных выбараў у краіне няма. Калі хтосьці і патрапіць, то толькі таму, што такое рашэнне прыме выканаўчая ўлада. Але зноў жа, я з цяжкасцю веру, што такое будзе. Да таго ж гэтыя выбары, на мой погляд, нікому нецікавыя — ні ўладзе, ні грамадству, ні Захаду. Напэўна, упершыню за апошнія гады ў нас такія самотныя выбары».

А вось улада, на думку палітолага, да выбарчай кампаніі рыхтуецца.

«Нездарма ж Лукашэнка так настойліва патрабуе давесці сярэднюю зарплату да 500 долараў, — кажа Валерый Іванавіч. — Улада павінна з чымсьці ісці на выбары».

Ізноў усё спішам на складаныя ўмовы?

Са слоў намесніка старшыні Партыі БНФ экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010 Рыгора Кастусёва вынікае, што апазіцыя не падрыхтавана да парламенцкай кампаніі.

«Я скажу так: падрыхтаваны настолькі, наколькі сёння дазваляюць умовы падрыхтавацца апазіцыі да гэтых выбараў, — гаворыць Рыгор Андрэевіч. — Канечне, хацелася б лепш, але ацэнку трэба даваць адпаведна ўмовам, у якіх зараз знаходзіцца апазіцыя. Таму сёння патрабаваць ад апазіцыі нечага большага, я лічу, не зусім правамерна».

Калі кожны сам за сябе…

Старшыня арганізацыйнага камітэта па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Навасяд пакуль што не можа знайсці адказ на пытанне, ці збіраецца хто-небудзь увогуле нешта рабіць на гэтых выбарах.

«Пытанне ў тым, хто і што збіраецца рабіць на гэтых выбарах, — разважае палітык. — Калі хтосьці агітуе за байкот, то мяне цікавіць, што канкрэтна для гэтага будзе зроблена; калі за ўдзел-то з чым пойдуць і што робяць, каб людзі пачулі слова кандыдата? Мне цікава: хоць нехта збіраецца штосьці рабіць на гэтых выбарах?

Аналітыкі пішуць, што мы ўжо прайгралі гэтыя выбары. Палітыкі, якія байкатуюць выбары, наогул, па-мойму, нічога рабіць не збіраюцца. Тых, хто ідзе на выбары ад апазіцыі, вельмі мала. На мой погляд, адзіны, хто ўжо падрыхтаваўся да выбараў, — гэта ўлада.

На жаль, у апазіцыі няма адзінага сцэнарыя — гэта, напэўна, самае сумнае ў цяперашняй сітуацыі. Кожны сам за сябе…

Ці ёсць пры такім раскладзе ў апазіцыянераў шанцы патрапіць у Авальную залу? Цяжка сказаць. Шчыра кажучы, я нават не ведаю, хто з дэмакратычных „цяжкавагавікоў“ наогул ідзе на выбары. У нас вельмі многія хочуць назіраць, пісаць аб парушэннях правоў чалавека і свабод. Але вельмі мала кандыдатаў, на прыкладзе якіх уся гэтая інфармацыя будзе здымацца. Таму цяжка нават разважаць пра тое, з чым апазіцыя падышла да гэтых выбараў і якім будзе вынік».

Горкая праўда ад Вольгі Карач

Кіраўнік зарэгістраванага ў Чэхіі Міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом» Вольга Карач не стала хадзіць навокал ды вакол і адразу заявіла: апазіцыя не гатова да парламенцкіх выбараў. Яна агучыла пяць прычын, па якіх апазіцыя не мае шанцаў на перамогу.

«Першая — псіхалагічная траўма пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, калі ілюзія свабоды (у тым ліку апазіцыйныя палаткі каля ГУМа) рэзка і невытлумачальна змянілася крывавым разгонам мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года і ў турме апынуліся ўсе штабы і апазіцыйныя кандыдаты, — аналізуе палітык.

Другая — вера ў тое, што лёс Беларусі вырашае хто заўгодна, толькі не беларускі народ. Такое меркаванне распаўсюджана і сярод апазіцыі, і сярод насельніцтва. А калі народ нічога не вырашае, то які сэнс праводзіць падрыхтоўчую работу і наогул працаваць з ім? Працаваць трэба з тымі, хто прымае рашэнне. Менавіта таму сёння (дарэчы, і не толькі сёння) па краіне гуляюць чуткі пра нібыта „15 пустых месцаў“ у спісах будучых дэпутатаў парламента, пададзеныя ў адміністрацыю А.Лукашэнкі.

Трэцяя — нізкі ўзровень матывацыі да падрыхтоўкі і ўдзелу. Паколькі ў краіне адсутнічае свабодны падлік галасоў і самі выбары нельга назваць сумленнымі, то ад падрыхтоўкі (добрай ці дрэннай) нічога не залежыць. Мяркуйце самі: у 2004 годзе падчас агітацыйнай кампаніі на парламенцкіх выбарах мая каманда набрала 25 000 подпісаў, мы прайшлі акругі па тры разы, і былі людзі ад апазіцыі, хто проста „вісеў“ у спісах. Пры добрай падрыхтоўчай рабоце і пры яе адсутнасці вынік аднолькавы. Дык які сэнс тады рыхтавацца?

Чацвёртая — адсутнасць работы над памылкамі. За апошнія 18 гадоў ні разу не было публічнага аналізу поспехаў і памылак, і не было ніякіх змен у „сцэнарыях“ наступных выбарчых кампаній. На жаль, адзіная палітычная сіла, якая робіць такі аналіз, і вынік, як кажуць, навідавоку, — гэта адміністрацыя Лукашэнкі. Мы назіраем, што „ў іх“ інфармацыя сцякаецца ў нейкі адзіны цэнтр, і калі недзе ў глыбінцы было вынайдзена нешта крэатыўнае і эфектыўнае па барацьбе з „чужымі элементамі“, то будзьце ўпэўнены — на наступных выбарах гэты метад будзе ўкаранёны па ўсёй краіне. На жаль, трэба прызнаць, што Аляксандр Лукашэнка вучыцца на сваіх памылках і высновы з іх робіць. На сваю карысць, вядома.

Пятая — з кожным днём памяншаецца колькасць актывістаў у дэмакратычных арганізацыях. З кампаніі ў кампанію заўважна, як радзеюць шэрагі дэмакратаў. Гэта ўплывае не толькі на колькасны, але і на якасны склад актывістаў. Параўнайце, колькі людзей, напрыклад, назірала за выбарамі ў 2001 годзе, у 2006 і колькі будзе назіраць у 2012. Гэта лічбы іншага парадку, і розніца будзе ў сто разоў. Зразумела, што бясконцыя рэпрэсіі і масавая эміграцыя беларусаў зрабілі сваю „чорную справу“, але каб быць гатовым да выбараў, у першую чаргу неабходна валодаць неабходнымі чалавечымі рэсурсамі. Кажучы простай мовай, павінны быць людзі. А хіба яны ёсць?..».

Марына МІТ