Домой Видео Карэспандэнтку «Бабруйскага кур’еру» Марыну Маўчанаву – аштрафавалі

Карэспандэнтку «Бабруйскага кур’еру» Марыну Маўчанаву – аштрафавалі

 «Бабруйскі кур'ер» Марына МаўчанаваСуд пакараў журналістку штрафам на 20 базавых велічыняў (580 рублёў) па сумнавядомым артыкуле 23.34 КаАП.

Журналістку Марыну Маўчанаву, разам з іншымі трымя калегамі, затрымлівалі яшчэ ў мінулым годзе – 4 кастрычніка. Усе яны ў той дзень асвятлялі пратэстнае шэсце, што адбывалася ў горадзе. Для ўдзельнікаў і карэспандэнтаў яно скончылася масавым затрыманнем, а потым – судамі, соднямі і штрафамі (Марына ўначы была шпіталізавана з ІЧУ з прычыны падвышанага ціску). У кватэры, па ейным месцы прапіскі, тады прайшоў ператрус. Цяпер жа, амаль пасля чатырох месяцаў, суд прызнаў журналістку вінаватай па артыкуле 23.34 КаАП…

Агулам па гэтай адміністрацыйнай справе прайшло пяць паседжанняў. У тым ліку – у першы і другі дзень лютага.   Найбольш падзейным склалася паседжанне ад 1 лютага.

Дагэтуль, на пазамінулым паседжанні Марына Маўчанава хадатайнічала аб далучэнні да сваёй справы відэазапісаў з адміністрацыйнай справы журналіста Дзяніса Носава, затрыманага ў той жа дзень, і на тым жа месцы, а таксама – аб выкліку ў якасці сведкі тэхнічнага спецыяліста УУС Аляксандра Лобана. І тое, і іншае хадатайніцтва суд не задаволіў. Затым вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы і азнаёміліся з відэазапісамі, зробленымі супрацоўнікам міліцыі перад затрыманнем.

Але найбольш працяглай і яркай часткай суда стала тая, у якой з палымянай 20-хвіліннай прамовай выступіў адвакат Маўчанавай – Аляксандр Рыжкоў. Прывяду толькі некаторыя яе фрагменты:

«С протоколом мы категорически не согласны. Указано, что Молчанова участвовала именно в шествии. Согласно закону, шествие – организованное массовое движение группы граждан, именно – в целях привлечения внимания к каким-либо проблемам или публичного выражения своих общественно-политических настроений. То есть, участниками такого массового мероприятия являются люди, преследующие определенные цели (привлечение внимания к общественно-политическим проблемам и т. д.). На видеозаписи четко видно, что Марина Святославовна с редакционным бейджем на шее идет рядом с девушкой со схожим бейджем, они о чем-то беседуют. В руках у нее кофе, и нет никакой символики, – на видео вообще нет никакой символики! Она ничего не выкрикивает, и просто, по сути, выполняет обязательства по договору подряда, реализовывает свое конституционное право на получение и хранение информации».

«Решительно согласен со свидетелем Анатолием Санотенко, который пояснил суду, что Молчанова действовала 4 октября 2020 года на основании Конституции, на основании 36-й статьи Закона о СМИ, на основании Закона об информации, информатизации и защите информации. То, что Молчанова являлась на тот момент корреспондентом, а не журналистом, не отменяет ее права на получение, хранение и распространение информации… Если должностному лицу органа, ведущего административный процесс, кажется, что Марина Молчанова в целях привлечения внимания к каким-либо проблемам… приняла участие в шествии, то это совсем не значит, что это действительно так. Мнение или предположение не может являться относимым, достоверным и допустимым доказательством, как того требует Закон»…

Адвакат таксама ўказаў на шматлікія парушэнні закону і нестыкоўкі ў разглядзе адміністрацыйнай справы журналісткі, пачынаючы ад артыкула 23.39, які фігураваў у позве на першае апытанне па справе, і заканчваючы двума адрасамі «месца здзяйснення правапарушэння», якія так і засталіся (!– рэд.) ў пратаколе пасля дапрацоўкі.

Таксама абаронца звярнуў увагу суддзі і ўсіх тых, хто сабраўся ў зале суда, на адсутнасць якой-небудзь прававой падставы для перадачы справы ад аднаго супрацоўніка міліцыі іншаму… На тое, што ліст з міліцыі ў суд у межах аднаго гораду ішоў 23 дні, хоць, у адпаведнасці з ПВКаАП, справа аб адміністрацыйным правапарушэнні, звычайна, неадкладна накіроўваецца ў суд. Справы ж, якія разглядаюцца ў іншыя тэрміны – на працягу пяці содняў з моманту заканчэння падрыхтоўкі справы.

Было ўказана і на іншыя міліцэйскія «праколы»: журналістка ў аддзяленні заявіла два хадатайніцтвы – аб ужыванні відэазапісу і аб прадастаўленні магчымасці заключыць пагадненне з адвакатам. Супрацоўнік органаў Алег Аскірка не толькі фактычна адмовіў у іх, але і не пазначыў у пратаколе матывы адмовы… У канцы прамовы абаронца папрасіў суд спыніць працэс з прычыны адсутнасці ў дзеяннях яго падабароннай складу адміністрацыйнага правапарушэння.

 

Сённяшняе фінальнае паседжанне было кароткім. Суддзя Алена Гормаш вынесла сваё рашэнне – аштрафаваць Марыну Маўчанаву на 20 базавых велічыняў (580 рублёў). Карэспандэнтку «Бабруйскага кур’еру», якая, апроч гэтага, з’яўляецца лідаркай мясцовай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў, асудзілі па «народным артыкуле» 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Маёмасць журналісткі, арыштаваная ў дзень затрымання, застаецца пад арыштам да выканання судовай пастановы… Журналістка мае намер аспрэчваць гэтае рашэнне, і заявіла, што «я буду змагацца да канца, абскарджваць гэтае рашэнне ў абласным судзе, Вярхоўным судзе, аж да Камітэта па правах чалавека».

Падрабязней глядзіце ў нашым відэарэпартажы.

 

Антон Пуціла
Фота, відэарэпартаж аўтара і Віктара Масаловіча