Мясцовыя выбары ў Бабруйскі гарадскі Савет дэпутатаў адбудуцца 25 красавіка. У спісе зарэгістраваных кандыдатаў ёсць кіраўнікі разнастайных прадпрыемстваў, арганізацый, а таксама сябры партый і чыноўнікі.
Усяго зарэгістравана ў кандыдаты ў дэпутаты 87 чалавек. З іх 13 — прадстаўнікі партый. Большасць «партыйных» прадстаўляюць Камуністычную партыю Беларусі (восем чалавек). Другое месца ў гэтым спісе заняла Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (чатыры чалавекі). Замыкае тройку лідэраў і спіс «партыйных» Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» (адзін чалавек). Астатнія кандыдаты запісаны як беспартыйныя.
Зарэгістраваны кандыдатамі таксама чатыры чыноўнікі: Максім Суботкін (начальнік аддзела па знешнеэканамічных сувязях, развіццю прадпрымальніцтва і рынкавай інфраструктуры кіравання эканомікі гарвыканкама), Міхаіл Загорцаў (кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна), Міхаіл Кавалевіч (намеснік старшыні гарвыканкама), Юрый Гарбакоў (першы намеснік аддзела адміністрацыі Першамайскага раёна), а таксама іншыя.
Дэпутатамі хочуць стаць яшчэ і Аляксандр Казак (галоўны рэдактар гарвыканкамаўскай ґазеты «Бабруйскае жыццё», Сяргей Малішэўскі (намеснік начальніка кіравання ўнутраных спраў гарвыканкама), Наталля Казакова (начальнік кіравання па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама).
Балатуюцца кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў: Цеймураз Бачарышвілі (дырэктар ААТ «Славянка»), Алег Цітоў (дырэктар унітарнага камунальнага даччынага вытворчага прадпрыемства «Вадаканал»), Вераніка Вінель (дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча), Ала Пшанічная (галоўны ўрач радзільнага дома), Алег Тайменцаў (дырэктар хлебазавода), Васілій Крычко (дырэктар Бабруйскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага мастацкага каледжа) і іншыя.
Вырашыў пазмагацца за дэпутацкі мандат і старшыня першаснай арганізацыі працаўнікоў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» Вольнага прафсаюза Беларускага спадар Міхаіл Кавалькоў.
З сарака выбарчых акруг, якія існуюць у нашым горадзе, дзве з іх з’яўляюцца безальтэрнатыўнымі. Гэта Тухачоўская і Савецкая выбарчыя акругі № № 6 і 7. Па Тухачоўскай выбарчай акрузе балатуецца прадстаўнік Камуністычнай партыі Беларусі Юрый Васіленя, а па Савецкай — Алег Цітоў.
А вось тройка лідэраў па налічаным заробку за мінулы год (па інфармацыі ґазеты «Бабруйскае жыццё», № 26). Трэцяе месца заняў галоўны інжынер ААТ «Бобруйскагромаш» Сяргей Казачэнка — 58.261.918 рублёў. Другім стаў Міхаіл Загорцаў (кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна горада Бабруйска) — 64.185.785 рублёў. Самым жа заможным аказаўся дырэктар філіяла РУП «Магілёўэнерга» Бабруйскія электрычныя сеткі Вячаслаў Азярэц — 77.165.829 рублёў.
Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара