Домой Общество Іосіф Сярэдзіч: «Трэба разам біць у адну кропку»

Іосіф Сярэдзіч: «Трэба разам біць у адну кропку»

20 студзеня Бабруйск наведаў Іосіф Сярэдзіч – рэдактар і заснавальнік рэспубліканскай газеты «Народная воля».

Бабруйск наведаў Іосіф Сярэдзіч – рэдактар і заснавальнік рэспубліканскай газеты «Народная воля». Тут ён сустрэўся з чытачамі сваёй газеты: распавёў пра гісторыю выдання, пагутарыў з прысутнымі людзьмі, даў парады наконт сацыяльных праблем, пакінуў для абдумвання свае філасофскія разважанні.

Сустрэча адбылася а 18-й гадзіне ў памяшканні Рады дэмакратычных сіл. Паглядзець на вядомага госця, задаць свае пытанні – сабралося больш за 30 чалавек.

Выступоўца – Іосіф Сярэдзіч – пачаў размову па-беларуску. Перш-наперш ён распавёў аб сваім жыццёвым шляху і гісторыі газеты, якую заснаваў.

Сп. Іосіф нарадзіўся на Берасцейшчыне ў 1949 годзе. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. З 1990 па 1995 год рэдагаваў «Народную газету». Але адмысловым указам Лукашэнкі быў звольнены з пасады.

З 1995 года сп. Іосіф з’яўляецца рэдактарам «Народнай волі».

З моманту свайго стварэння газета пазіцыянуе сябе як апазіцыйную дзеючай уладзе. Газета актыўна ўдзельнічае ў асвятленні амаль усіх палітычных кампаній, пачынаючы з 1996 года.

З 2005 па 2008 год «Народная воля» была выключана з каталога падпіскі РУП «Белпошта». Тады выданню давялося выкарыстоўваць дапамогу валанцёраў, каб чытачы мелі магчымасць атрымліваць «Народную волю».

– З 2008 года, – кажа Іосіф Паўлавіч, – як вы ведаеце, нас дапусцілі да шапікаў, да афіцыйнай друкарні ў Мінску… Нас і газету «Наша ніва». А вось некаторыя рэгіянальныя і іншыя яшчэ барахтаюцца: хто без каталогаў, хто без шапікаў… Праблема наогул яшчэ не вырашана ў цэлым.

Потым сп. Іосіф прыгадаў, што апошні буйны «наезд» меў месца пару гадоў таму. Тады «Народная воля» амаль тры месяцы «не вылазіла» з судоў.

– Але я адчуваў, – кажа Сярэдзіч, – што нас спрабуюць загнаць у нейкае стойла, прымусіць нас стаць на калені ў чарговы раз і напалохаць такім чынам, што… За тры дні да апошняга судовага паседжання быў ультыматум: «Альбо ты, галоўны рэдактар, звальняеш такіх журналістаў, як Святлана Калінкіна і Марына Коктыш, альбо праз тры дні суд насамрэч вырашыць пытанне наконт таго, існаваць «Народнай волі» ці не. Аднак я падняўся і сказаў: «Я не гандляваў людзьмі і гандляваць не збіраюся».

Як выявілася, гэта была спроба «сілавікоў» запужаць галоўнага рэдактара нялюбай газеты. На апошнім судовым паседжанні, яшчэ не паспела суддзя штосьці сказаць, як прадстаўнік Міністэрства інфармацыі і зачытвае заяву, што яны адклікаюць свой іск.

– Мы заўжды прытрымліваемся нейтральнай пазіцыі, – кажа сп. Іосіф. – Гэта галоўны закон любой журналістыкі. Газета павінна быць газетай, даваць інфармацыю.

Іосіф Паўлавіч, для прыкладу, сказаў, што набыў апошні нумар адной з бабруйскіх газет. І заўважыў, што галоўнай тэмай на ўсіх старонках з’яўляецца «купанне ў палонцы». Аднак гэта, на думку галоўнага рэдактара «Народнай волі», не з’яўляецца галоўным.

– Вы што, усе тут мільянеры? У вас што, ва ўсіх дах над галавой? У вас што, няма ніякіх праблем? – зазначыў Іосіф Паўлавіч.

«Народная воля», як сказаў у працяг Іосіф Сярэдзіч, піша пра тое, што хвалюе беларусаў.

– Так, мы трымаем дыстанцыю з палітычнымі структурамі, каб нікому не служыць. Але трэба разам біць у адну кропку.

Выступоўца заўважыў, што за любой уладай павінен быць кантроль. Трэба выводзіць на старонках прэсы «гэтых прайдзісветаў».

– На Захадзе пенсіянерцы не трэба карміць сваіх дзяцей, – дадае сп. Іосіф. –Там пенсіянеры – самыя шчаслівыя людзі. Таму давайце ствараць тое асяроддзе, каб мы ўсе разам усталі з каленяў.

Іосіфу Паўлавічу прысутныя на вечарыне бабруйчане задавалі шмат пытанняў, і на ўсе ён стараўся адказваць грунтоўна.

Александрына Глаголева,
Яўген Васьковіч