Домой Общество Ігар Мельнікаў: «Расія дала больш магчымасцяў убачыць»

Ігар Мельнікаў: «Расія дала больш магчымасцяў убачыць»




Днямі ў Бабруйск прыязджаў наш зямляк, кандыдат гістарычных навук, магістр паліталогіі Варшаўскага ўніверсітэта сп. Ігар Мельнікаў.

Сустрэча адбылася ў антыкавярні «1387», што ў будынку гасцініцы «Бабруйск».

Мельнікаў прадставіў бабруйчанам сваю кнігу «Мяжа ля Заслаўя 1921 — 1941 гг.», прысвечаную гісторыі савецка-польскага памежжа пад Мінскам у міжваенны час.

На імпрэзе сабралося не менш за 20 чалавек. Падчас гутаркі Ігар Мельнікаў заўважыў, што зараз у Заслаўі ёсць некаторыя будынкі міжваенных часоў, якія знаходзяцца ў занядбаным стане. Але іх можна аднавіць.

— І чаму ўлады гэтага не робяць, я не ведаю, — сказаў гісторык. — Бо гэта ж ідэалагічна карысныя месцы памяці.

Пасля расповяду сп. Ігара, а сваёй кнізе, які суправаджала слайдшоў з фотаздымкамі аб міжваенным 20-годдзі, аўтару было зададзена шмат пытанняў з залі. Задалі і мы:

— Сп. Ігар, у адным са сваіх інтэрвью Вы сказалі на конт абранай Вамі прафесіі: «Той, хто не ведае памылак мінулага, рызыкуе паўтарыць іх у сучаснасці і будучыні». Але калі зацыклівацца на тым, што было, можна згубіць сувязь з мінулым. Якім чынам Вы вырашаеце дадзеную праблему для сябе?

— Правільна. Варта памятаць і памылкі таго часу, але, безумоўна, жыць сёняшнімі рэаліямі — то бок ведаць нашую гісторыю ў комплексе. Бо Беларусь — гэта не толькі ў 1919 год і савецкі час, але значна больш за гэты перыяд. І я лічу, што гэта праца кожнага чалавека, кожнага адмыслоўца, які проста павінен працаваць, каб давесці да іншых мінулае.

— У свой час Вы працавалі ў Расіі. Як гэтая праца дапамагла Вам у плане цікаўнасці да гісторыі?

— Мне давялося знайсці нейкія дакументы. Безумоўна, праца ішла. Хаця Расія дала, канешне ж, больш магчымасцяў убачыць, што такое бандыцкі капіталізм. Гэта быў вельмі добры досвет працы ў багатых фірмах, дзе сапраўды еўрапейскі ўзровень бізнесу.

— Вы рэлігійны чалавек?

— Я веру ў Бога, але спецыяльна ў царкву не хаджу. Аднак мне хапае таго, што я проста веру.

— На што робіце акцэнт у сваіх навуковых працах? Што найважней адлюстраваць, на Вашу думку?

— Важна каб гэтая гісторыя была зразумелая людзям, каб яна з аднаго боку мелася папулярнаю, а з другога — каб усё было заснавана на гістарычных дакументах: каб гэта былі факты, гісторыя, не перакручаная, але даступная, нармальнай мовай, каб быў зразумелы сэнс апавядання.

Мерапрыемства доўжылася цягам дзвюх гадзін. Пасля яго да аўтара гістарычных прац падыходзіла шмат народу — пацікавіцца пытаннямі гісторыі.

Зараз сп. Ігар працуе над кнігай «Заходняя беларуская атлантыда. Частка ІІ».

Яўген Васьковіч

Фото Александрына Глаголева