Домой Культура І зноў вітаем «Ідылію»

І зноў вітаем «Ідылію»







«Дунінцы» лічаць, што адноўлены спектакль можа стаць візітоўкай бабруйскага тэатра
У абласным тэатры драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча 5 і 6 красавіка адбылася прэм’ера. У цяперашнім сезоне кіраўніцтва нашага тэатра прыняло рашэнне аднавіць «Ідылію» — камедыю заснавальніка беларускай драматургіі і нашага хвалебнага земляка, чыё імя носіць бабруйскі тэатр. Першапачаткова яна была пастаўлена ў нашым горадзе ў 2005 годзе, але некалькі гадоў адсутнічала ў рэпертуары «дунінцаў».
Аднаўленнем ды пастаноўкай новага-старога спектакля займаўся добра знаёмы бабруйскім тэатралам рэжысёр Сяргей Палешчанкаў. Некалі Сяргей паставіў на бабруйскіх падмостках усе дунінскія п’есы, прычым, першыя дзве («Пінская шляхта» і «Залёты») падчас працы галоўным рэжысерам. «Ідылія» ж была трэцяй у спісе п’ес Дуніна-Марцінкевіча ў рэпертуары нашага тэатра.
У 2006 годзе яна прымала ўдзел у Міжнародным тэатральным фестывалі «Класіка сёння» ў Днепрадзяржынску (Украіна). Там акторка Віталіна Лебедзева была адзначана як «Лепшая маладая актрыса фестывалю», а Наталля Кашпур стала уладальніцай прыза за «Лепшую жаночую ролю другога плану».
Рэжысёр прызнаўся, што недзе на 70 адсоткаў захаваў ранейшую пастаноўку, але змяніліся некаторыя выканаўцы галоўных роляў і час. Прытым, што змяніўся час, спектакль, па-ранейшаму, поўны алюзій… Акрамя рэжысёра-пастаноўшчыка над аднаўленнем «Ідыліі» працавалі мастак Наталля Ярашэвіч і балетмайстар Маргарыта Папруга. У спектаклі, як і раней, гучыць музыка Вадзіма Сажына, але ў больш сучаснай аранжыроўцы. Акрамя старых выканаўцаў, на галоўныя ролі ўведзены два новых — артыст Яўген Ракіцкі, увасабіўшы вобраз Караля Латальскага, а таксама — артыст Аляксей Калупанка (Ян Губач, слуга Латальскага). Амаль поўнасцю змянілася тэатральная масоўка.
Новую версію «Ідыліі» прэм’ерны бабруйскі глядач прыняў вельмі цёпла. Пасля прэм’еры сваімі думкамі і пачуццямі з намі падзяліліся (гл. відэа) кампазітар Вадзім Сажын, артыст Вадзім Бабініч (выканаўца ролі Банавантуры Выкрутача), а таксама — артыстка Наталля Кашпур (выканаўца ролі яго жонкі — Аршулі).

Антон Пуціла.

Фото Вiктара Масаловiча