Домой Культура Глеб Лабадзенка: «Бабруйскі Лядовы палац — гэта шклянка і жах…»

Глеб Лабадзенка: «Бабруйскі Лядовы палац — гэта шклянка і жах…»

Некалькі дзён таму вядомы беларускі журналіст Глеб Лабадзенка прэзентаваў у Бабруйску кнігу «Дзіцячая заМова». А пасля прэзентацыі мусіў не задаваць пытанні, як звычайна яму гэта даводзіцца рабіць па сваёй рэпарцёрскай працы, а адказваць на іх для «Бобруйского курьера».

— Вы працавалi ў выданнях «Комсомольская правда в Белоруссии» і «Звяздзе». Параўнайце гэтыя газеты.

— «Камсамолка» мела больш лёгкi фармат, «Звязда» — больш кансерватыўны. Рэдактарка «КП» Юлiя Слуцкая казала, што мы не жоўтая, мы — папулярная газета. Фармат рубрыкі «Вандроўкi па Беларусi», якую я вёў, быў вельмi лёгенькi. Для хатняй гаспадынi, каб кожны, хто едзе на лецiшча, у электрычцы купiў i ў дарозе пачытаў.

Любую тэму можна падаць самаму шырокаму колу чытачоў. То бок, калi, умоўна кажучы, я глыбока ведаю тэму архiтэктуры, гэта не значыцца, што я абавязаны ў артыкуле пiсаць навуковы даклад. Я павiнен зацiкавiць, нейкi мiф мясцовы напiсаць. Напрыклад, там я рабiў iнтэрв’ю з Барадулiным, Бураўкiным, Некляевым, Сёмухам. Але першапачаткова гэта быў не фармат «Камсамолкі». Як і беларуская лiтаратура з архiтэктурай. Дзякуючы мудрасцi той рэдактаркi мне ўдавалася ў той фармат усё гэта заганяць.

Потым у «Звяздзе», натуральна, у гэтым плане было лягчэй пiсаць пра беларускую лiтаратуру i архiтэктуру. Таму што гэта тэма была запатрабавана там таксама. Але, натуральна, «Звязда» — строга кансерватыўная газета. Хаця тагачасны рэдактар Уладзiмiр Наркевiч дазваляў шмат, напрыклад, нейкiя вясёлыя рэпартажы.

Мы з Яўгенам Валошыным (журналіст «Звязды») ездзiлi ў Рым i пiсалi, як мы пілі там вiно, што бутэль, аб’ёмам шэсць лiтраў, каштавала пяць еўра. Ён дазваляў такое пiсаць. Гэтыя старпёры, якiя толькi пра свае надоi i намалоты пiсалi, якiя ўжо 70 гадоў сядзелі ў рэдакцыi, бясiлiся і шалелі, калi гэта чыталi. Але Уладзiмiр Бранiслававiч, якога выгналi потым з пасады, быў проста фантастычным i блiскучым рэдактарам. Я не чакаў сустрэць на гэтай пасадзе такога чалавека.

Дарэчы, са «Звязды» выйшла ўся сённяшняя «Радыё Свабода». Пачынаючы ад двух кiраўнiкоў — дырэктара «Радыё Свабода» Лукашука, i кiраўнiка менскага бюро — Жданка. Журналіст Вiталь Цыганкоў, напрыклад, i гэтак далей. Мы з iмi часта ходзiм у лазню папарыцца. I нiхто з iх пра Уладзiмiра Бранiслававiча кепскага слова не сказаў. Хаця гэты чалавек увесь лукашэнкаўскi час быў рэдактарам «Звязды».

— Якiя газеты вы самi чытаеце? Цi толькi iнтэрнэт-выданнi?

— Папяровыя я сёння нiякiя не чытаю. Мой бацька выпiсвае «Нашу нiву». Я пэўны час выпiсваў «Народную волю», але я не сiстэмны чалавек, забыў на пошту схадзiць — i ўсё… Усе навiны чытаю ў iнтэрнэце. Сайт «Нашай нiвы» кожны дзень адкрываю, таму што падобная акумуляцыя навiнаў для мяне вельмi важная. Рэгiянальныя сайты вельмi шмат чытаю. Ёсць арыгiнальны сайт «Весткi-Iнфо», якi ахоплiвае Глыбоччыну, Пастаўшчыну, Астравеччыну. На слуцкi сайт рэгулярна захожду, на ваш сайт, «Брэсцкую газету» праглядаю. Вядома, чытаю, у асноўным, незалежныя рэсурсы, бо раёнкi чытаць — гэта задушыцца i памерцi на месцы — пiянерыя савецкая!

— У вас было даволi незвычайнае вяселле. Вы з маладой апранулi нацыянальныя касцюмы. А ў iнтэрнэце пiсалi, што вамі была скуплена ўся навакольная самагонка…

— Наконт самагонкi — гэта хлусня. Я не п’ю моцныя напоi, — нi гарэлку, нi самагонку, нi каньяк, нi вiскi. Гэта журналісты выдумалi з галавы. Не было моцных напояў на вяселле ўвогуле.

А што тыцыцца нацыянальнага стыля вяселля, дык па-iншаму быць не магло.
Па-першае, — не ў Менску. У менскiх ЗАГСах толькi труну ставiць i нябошчыкаў адпяваць. Жахлiвыя, савецкiя… Чырвоныя дарожкi раскатаныя, брыдкая мэбля савецкая стаiць. Як можна такi важны i яркi дзень у гэтай брыдоце спраўляць?

У нас ёсць месцы, дзе вяселле спраўляць не сорамна. Напрыклад, палац Бутрымовiча 1790 года ў Пінску. Цудоўны!

Бутрымовiч — гэта хто? Дзед Напалеона Орды, ні больш, нi менш. З гэтага палаца зрабілі Дом шлюбаў. У Крычаве палац Пацёмкiна — цяпер таксама Дом шлюбаў. Шыкоўны палац, старадаўнi. І ў Нясвiжы, у Ратушы.

Мне тэма Радзiвiлаў вельмi блiзкая, таму для нас гэта быў свядомы выбар, каб вянчанне прайшло ў касцёле Божага Цела ў Нясвiжы — знакавым для ўсёй Беларусi храме. Радзiвiлы — ладная частка нашай гiсторыi. У крыпце гэтага храма пахаваная большая частка выбiтных людзей гэтай сям’i. Гэта па-першае. Па-другое, хацелася, каб вяселле было «па-беларуску».

У нас была iдэя зрабіць рэканструкцыю старадаўняга вяселля. Але мне хацелася б падаць прыклад астатнiм. І я разумеў, што, калi мы ўжо сiльна архаiчна яго зробiм, то, напэўна, людзi скажуць: «Гэта, канешне, прыкольна, але ж мы так не можам зрабiць». I таму я выбраў такi лайт-варыянт — гарадское вяселле з элементамi архаiкi.

Мы мусiлi стаяць на рушніку, былі хлеб-соль, і ўсе гэтыя старажытныя звычаi і традыцыi, напрыклад, падарунак толькi праз сурвэтку бралі. Мы кансультавалiся са знаўцамi фальклору, каб зрабіць не прафанацыю, а каб сапраўды нейкiя элементы архаiчнага вяселля ўпiсаць у гарадскую тканку. Я потым чытаў у інтэрнэце каментары, кшталту, «клоўны нарадзiлiся ў вышыванкi». Але мяне не цiкавяць думкі iнтэрнэт-троляў, якiя толькi лухту ўсякую пішуць. Таму я абсалютна рады, што тады так удалося зрабiць.

— На фатаздымках вы файна выглядалi…

— Ну дык яно так і было насамрэч. I больш за тое. Калi не арэндаваць лiмузiн, дык гэта досыць бюджэтна выходзiць. Па грошах мы зрабiлi танней, чым любое звычайнае вяселле. Таму што без рэстарацыi гэта было. Мы, пасля вяселля ў Нясвiжы, нанялi аграсядзiбу на суткi, з начоўкай. Гэта каштавала сiмвалiчных грошай, дзесьцi 150 даляраў па тым курсе — фактычна бясплатна.

— На якой мове будуць размаўляць дома вашы дзецi?

— Мой 11-месячны сын ужо «тата» гаворыць, а не «папа». У гэтым пытанні варыянтаў нейкiх быць не можа. Таму што мы з жонкай гаворым толькi па-беларуску. I, можа быць, часткова на гэтай глебе ў свой час мы сышлiся i закахалiся.

Я не ўяўляю побач с сабой чалавека, не блiзкага мне па духу. А блiзкi мне па духу толькi прабеларускi чалавек, якi жыве з гэтым у сэрцы. Дарэчы, я вельмi эмацыйны па свайму складу… I калi мне штосьцi балiць i хвалюе, я магу быць неталерантным, непалiткарэктным… I таму я шчаслiвы, што мая жонка гаворыць са мной толькi па-беларуску. І ўвогуле, не толькi са мной, а з усiмi.

А рускай мове ў нас дзiця i так навучыцца, як толькi пойдзе ў свет. Нават калi аддаць у беларускi садок i школу.

Я размаўляў з бацькамi, у каго дзецi больш дарослыя. Яны гавораць, што дзеці размаўлялі толькі па-беларуску да таго часу, пакуль не пайшлі ў беларускамоўны садок ці школу… Таму я не баюся, што дзiця не будзе ведаць рускай мовы. Смешна ў нашым грамадстве гэтага баяцца. Самае важнае — даць беларускую мову з дзяцiнства, на генетычным узроўні, каб першая мова была беларускай. А потым ужо трэба будзе ведаць і рускую мову. І астатнія мовы…

— Дзе вы цяпер працуеце?

— Журналістам-фрылансерам працую. Друкуюся ў розных месцах. Сталай працы не маю. Займаюся творчасцю. Паштоўкі зрабіў, кніжку зрабіў. Куча ўсякіх праектаў. Калі працуеш у штаце, напрыклад, у газеце, то мала часу, бо маеш абавязкі службовыя, — трэба хадзіць на працу, нейкую норму па матэрыялах выконваць. І творчасцю займацца цяжка.

— Вы шмат бывалі ў Бабруйску. Што найбольш вам падабаецца ў нас?

— Так, я вельмі шмат разоў бываў у Бабруйску. Мне падабаецца драўляная архітэктура. Дом купчыхі Кацнельсон, напрыклад. Касцёл неагатычны, да якога «хлеў» прыбудавалі, — вельмі ўнікальны, цікавы.

Канешне, самы маштабны помнік — гэта Бабруйская крэпасць. Царква, дзе калісьці быў басейн, і потым зноўку зрабілі храм.

І — я выкарыстаў бы словазлучэнне — комплекс жыдоўскай забудовы Бабруйска. Таму што большасць мураваных дамоў, якія захаваліся ў вас — жыдоўскія. Гэта вельмі сімвалічная спадчына, бо ў выніку Халакосту ў Беларусі, нажаль, вельмі мала жыдоў засталося. Хаця сем стагоддзяў з гэтым народам мы жылі ў міры і згодзе поруч. І я лічу, што менавіта ў Бабруйску трэба комплексна разглядаць гэтую жыдоўскую забудову. Фактычна толькі ў вас гэта захавалася цалкам.

Я падлічыў, што па колькасці помнікаў архітэктуры Бабруйск пасля Гародні на другім месцы ў Беларусі стаіць. Вось, напрыклад, у Бабруйску ў ваданапорнай вежы кавярню зрабілі. А ў Менску на праспекце Жукава — таго нягодніка Жукава, які столькі беларусаў пагубіў, — ваданапорная вежа пустуе. Дах у мінулым годзе знялі, цяпер яе дождж разбурае. А ў Бабруйску зрабілі.

На фоне Гарадзеншчыны, у Магілёўскай вобласці як агнём выпалілі ўсё. Яна бедная на каштоўнасці. Бабруйск разам з Магілёвам, з’яўляецца галоўным цэнтрам архітэктурнай спадчыны вобласці. Таму мяне бянтэжыць, што ў гэтым годзе, на фэсце экскурсаводаў, у Бабруйску не было экскурсій! Хаця 220 тысяч чалавек у горадзе жыве! Гэта самы вялікі райцэнтр у Беларусі!

Не здзіўлюся, калі я ў бабруйскай архітэктурнай спадчыне буду арыентавацца лепш за некаторых бабруйчан. Жывеце сярод скарбаў, і не ведаеце гэтых скарбаў!

І ў Менску тая ж самая сітуацыя. Злавіце менчука, запытайцеся пра самыя старыя будынкі ў горадзе. Не ведаюць! Таму што так выгадавалі гэтае савецкае пакаленне. Гістарычныя помнікі архітэктуры ўлада лічыла перажыткамі буржуазнага мінулага. Рэлігія — опіўм для народа! Храмы руйнаваліся. Вельмі добра, што бабруйскую царкву, дзе быў басейн, вярнулі вернікам. Цяпер я чакаю, пакуль ад касцёла страшны «хлеў» адваляць, бо ён такі цудоўны храм сабой затуліў!

Вось пабудавалі Лядовы палац у Бабруйску. Я так спадзяваўся, што гэта неяк крэпасці дапаможа. Гэты палац — ўбоства, шклянка, НЛА. Гэта жах, антыархітэктура! Што застанецца ад сённяшняга часу? Вось гэтыя шклянкі?! Я не разумею гэтай архітэктуры, яна непрыгожая, яна ўтылітарная. Яе не выкарыстаеш на паштоўках, сувенірах. Ну хто возьме ў рукі сувенір з бабруйскім Лядовым палацам? І з менскім, і з пружанскім, і з усімі астатнімі? Архітэктура са шкла, пайшла мода на хмарачосы… Увесь свет перахварэў імі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, калі Манхэтэн будаваўся ў Амерыцы. Паглядзіце на гэтыя хмарачосы, і параўнаце іх з сённяшнімі беларускімі…

Я вельмі чакаю, пакуль касцёл адродзіцца. І калі штосьці з крэпасцю вырашыцца. Таму што крэпасць разбураецца — гэта трэба добра разумець. Яна занядбаная. Я па сваіх фотаздымках нават бачу, калі іх параўноўваю, што, напрыклад, гэтая аканіца разбураецца ўсё больш, адтуліны ўсё павялічваюцца. Мясцовыя людзі цэглу расцягваюць… Пабудавалі Лядовы палац, а крэпасць як стаяла закінутай, так і стаіць — гэта сорам!

— Аб чым марыць Глеб Лабадзенка?

— Я мару, каб зрабіць усё, што я задумваю. Каб усё, што ў маіх сілах, здзейсніць. Таму што задумак больш, чым сродкаў вырашэння. Але я вельмі рады, што мае мары здзейсніваюцца не дзякуючы нейкім грантам ці падтрымкам, а дзякуючы той форме, якую я вынайшаў і праз свой блог пашыраю.

Калі ў мяне ёсць нейкая ідэя, я абвяшчаю на блогу, і людзі сабіраюць грошы, напрыклад, каб надрукаваць кнігу. Так прайшло некалькі акцыяў у падтрымку Рыгора Барадуліна, калі былі сабраныя тысячы і тысячы даляраў. Так прайшла акцыя дапамогі 85-гадовай сястры Васіля Быкава, якая адна жыве ў вёсцы. «Дзіцячая заМова» таксама выйшла дзякуючы талацэ. 700 кніжак замовілі яшчэ да яе выхаду. Таму я вельмі, вельмі мару, каб мае задумы і далей здзяйсняліся.

Васіль Кулікоў