Домой Главные новости «Гісторыя Пілата – вельмі актуальная шмат для каго ў нашай краіне». Што...

«Гісторыя Пілата – вельмі актуальная шмат для каго ў нашай краіне». Што казаў біскуп на Вялікдзень у бабруйскім касцёле

4 красавіка каталікі адзначылі Вялікдзень – Свята Ўваскрасення Езуса Хрыста. У бабруйскім касцёле вігілійнае набажэнства ў суботу, 3 красавіка, а таксама ўрачыстую Імшу ў нядзелю цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для г.Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх прасіў вернікаў маліцца за Беларусь і тых, хто сустракае Вялікдзень у няволі.

Вялікдзень

Вялікдзень«Калі не скончыцца гвалт над людзьмі, ніякага адзінства не будзе»

У сваіх казаннях біскуп звярнуўся да біблійнай гісторыі і нагадаў вернікам пра палітычны фон ў часы ўкрыжавання Езуса Хрыста, правёў паралель паміж прэфектам Іудэі Понціем Пілатам і першасвятарамі Аннай і Каяфай, якія выдалі Езуса на смерць, і сучаснымі карумпаванымі судамі і тымі органамі, якія «павінны абараняць народ, а не здзеквацца над ім».

«Як толькі да Каяфы і Анны дайшлі першыя чуткі пра ўваскрасенне, яны запанікавалі. І адразу паспрабавалі падкупіць вартаўнікоў магілы Езуса, – прамаўляў біскуп падчас гаміліі. – Калі вы скажаце, што спалі, будзеце шчодра ўзнагароджаныя, казалі першасвятары вартаўнікам. Так яны спадзяваліся спыніць навіну пра цуд. Але ці магчыма спыніць вецер, які пралятае? Людзі хутка зразумелі супярэчнасці, якія перапаўнялі аповеды вартаўнікоў. Гісторыя не распавядае пра канец гэтых двух мужоў, але калі яны пражылі яшчэ некалькі гадоў, яны ўбачылі хуткае павелічэнне вучняў Хрыста. Яны былі сведкамі праслаўлення таго, каго ўкрыжавалі».

У віншавальным слове напрыканцы Імшы Аляксандр Яшэўскі звярнуўся да тэмы сацыяльна-палітычнага крызісу ў Беларусі, прыгадаў, што селётні год улады абвесцілі «годам народнага адзінства».

«Але калі не скончыцца гвалт над людзьмі, ніякага адзінства не будзе, – зазначыў каталіцкі іерарх. – Лепшая палітыка – стаць на бок Бога. А гісторыя Пілата – вельмі актуальная шмат для каго ў нашай краіне».

«Маліцеся за нашых братоў і сясцёр, якія ў гэтыя святы знаходзяцца ў няволі»

Біскуп звярнуўся да бабруйскіх каталікоў з просьбай аб малітве за  Беларусь, бо толькі Бог можа змяніць сітуацыю і людскія сэрцы і схіліць іх да пакаяння.

Вялікдзень

«А без пакаяння адзінства ніколі не будзе, і без прызнання памылак і перапрашэння за іх, – казаў Аляксандр Яшэўскі. –  Успомнім Святога Яна Паўла ІІ. Папа першым прызнаўся ў грахах Касцёла, і распачаў у Вялікую пятніцу перапрашаць чалавецтва, хоць гэта былі страшныя грахі – інквізіцыя і іншыя, Папа прызнаўся ў іх перад крыжом і папрасіў прабачэння. Вось так распачынаецца адзінства. Вось так распачынаецца згода. І таму, я, як веруючы чалавек, прашу вас, маіх братоў і сясцёр па веры – не па поглядах палітычных – у кожнага могуць быць свае, прашу вас аб веры, а яна ў вас адзіная. Прашу маліцца, рабіць дабро, быць міласэрнымі, але таксама змагацца са злом, з несправядлівасцю, з якой мы ніколі не можам пагадзіцца. Просім добрага Бога аб ласцы пераменаў, паяднання. Молімся за нашых братоў і сясцёр, якія ў гэтыя святы знаходзяцца ў няволі, каб Бог іх там суцешыў, і каб яны адчувалі нашую падтрымку, малітву, салідарнасць».

З Вялікдня да нядзелі 11 красавіка ў Каталіцкім Касцёле будзе доўжыцца святочная велікодная актава. Скончыцца яна Нядзеляй Божай Міласэрнасці. З раскладам набажэнстваў у бабруйскім касцёле можна азнаёміцца на сайце парафіі https://sviatynia.by/rasklad/ .

 

Марына Міхневіч