Домой В регионе «Галоўная прычына крызісу ў Беларусі – адсутнасць у нашых сэрцах Езуса Хрыста»....

«Галоўная прычына крызісу ў Беларусі – адсутнасць у нашых сэрцах Езуса Хрыста». Божае Нараджэнне ў Бабруйску

25 снежня вернікі Каталіцкага Касцёлу, пратэстанцкіх і некаторых праваслаўных цэркваў адзначаюць адну з галоўных урачыстасцяў у літургічным каляндары – Нараджэнне Сына Божага Езуса Хрыста.

Святкаваннню папярэднічае адмысловы чатырохтыднёвы пост, які завецца Адвэнтам. Увечары 24 снежня служыцца Вігілійная Імша – «пастэрка».

У бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Вігілія Божага Нараджэння сёлета прайшла а 22-й гадзіне 24 снежня. 25 снежня ў 10.30 у касцёле адбыўся святочны міні-канцэрт, падрыхтаваны каталіцкай моладдзю і дзецьмі. Галоўная святочная Імша распачалася аб 11-й гадзіне раніцы.

Усіх, хто ўваходзіў у касцёл на ранішнюю Імшу, каля дзвярэй металашукальнікамі аглядалі два супрацоўнікі міліцыі. Шмат каму з парафіянаў такі «прапускны рэжым» не спадабаўся, людзі былі абураныя. Міліцыя заўсёды дзяжурыла каля бабруйскага касцёла на вялікія святы, але супрацоўнікі стаялі збоку і назіралі, ніколі раней яны не спынялі людзей і не абшуквалі іх металашукальнікамі наўпрост каля дзвярэй…

Падчас Імшы замест казання ксёндз-вікарый Канстанцін Карака зачытаў пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Разважаючы пра сутнасць Свята Божага Нараджэння, пра абставіны народзінаў Езуса Хрыста, пра тое, чаму Яму як не было месца больш за дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлееме, так часта няма гэтага месца ў нашым жыцці і сёння, арцыбіскуп не абмінуў увагай бягучую сітуацыю ў Беларусі. Сярод іншых, у Пасланні былі такія словы:

«Свята Божага Нараджэння — гэта свята Божага дару быць дзецьмі Божымі, які мы атрымліваем ад пакорнага Бога. Ці ёсць Яму месца ў «доме» нашага сэрца? Ад гэтага адказу будзе залежаць наша сучаснасць і вечнасць. Езус стукае, адчынім Яму.

Гэта вельмі важна цяпер у нашай Бацькаўшчыне Беларусі, якая перажывае нябачаны ў сваёй гісторыі грамадска-палітычны крызіс, які працягваецца ўжо пяць месяцаў.

Сярод шматлікіх адказаў, якія прапануюць палітыкі, эканамісты і грамадскія дзеячы, неабходна звярнуць увагу на тое, што галоўнай прычынай крызісу з’яўляецца адсутнасць у нашых сэрцах Езуса з Яго законам любіць Бога і бліжняга, прабачаць, нават сваім ворагам, быць справядлівымі. Мы павінны будаваць нашу Бацькаўшчыну як цывілізацыю жыцця і любові. Не зможам зрабіць гэтага нянавісцю і гвалтам, але ўзаемнай любоўю, бо не можам злоўжываць самі сабой».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі змог вярнуцца на Радзіму толькі непасрэдна перад Божым Нараджэннем, 24 снежня. Амаль чатыры месяцы ён вымушана правёў у Польшчы – 31 жніўня арцыбіскупа не пусцілі ў Беларусь, бо МУС нібыта прызнаў ягоны пашпарт несапраўдным.

Аляксандр Лукашэнка ж пазней сказаў, што Кандрусевіч выязджаў у Польшчу, каб атрымаць нейкія кансультацыі, як разбураць Беларусь. Цяпер Лукашэнка дазволіў Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца, бо нібыта прыслухаўся да просьбы Папы Рымскага Францыска, ліст з якой у Беларусь прывёз адмысловы пасланнік Папы, у 2011 – 2015 гг. нунцый (пасол) Вытыкана ў Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджароці.

Як прахадзіла святкаванне Божага Нараджэння ў бабруйскім касцёле, глядзіце ў нашым відэсюжэце.

 

Марына Міхневіч