Домой В стране Экс-кіраўнік Інстытута сацыялогіі Коршунаў скептычна ацаніў уладнае апытанне

Экс-кіраўнік Інстытута сацыялогіі Коршунаў скептычна ацаніў уладнае апытанне

апытання
Генадзь Коршунаў. Фота: БелТА

З’явіліся вынікі «апытання грамадскай думкі» да «Усебеларускага народнага сходу». Вынікі супярэчаць таму, што беларусы бачаць на ўласныя вочы. Але затое прыемныя для ўладаў — гэта стыль працы праўладнага аналітычнага цэнтра Ecoom Сяргея Мусіенкі.

«Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць гэтае апытанне Генадзя Коршунава, былога кіраўніка Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук.

Паводле замераў Інстытута сацыялогіі, увесну 2020 года ўзровень даверу да Лукашэнкі трымаўся 33,5% па Беларусі. І гэта яшчэ ў давыбарчы перыяд, яшчэ нават да пасадкі Віктара Бабарыкі.

«У мяне пакуль што шмат пытанняў да гэтага апытання. Хто яго праводзіў? Як праводзіў? Якія былі пытанні? Хто на іх адказваў? Якая мэта? Якая сістэма задач? Якая сістэма гіпотэз? У прафесійнай сацыялагічнай супольнасці ніхто не бачыць адказаў», — кажа Коршунаў.

«Ну і навошта было апытваць 10 тысяч? Звычайна нават тысячы рэспандэнтаў дастаткова, калі мы робім сацыялогію па Беларусі. А дзесяць тысяч — гэта калі трэба атрымаць вельмі дэталёвую карціну па кожнай сацыяльна-дэмаграфічнай групе, па кожнай вобласці.

Апытваць 10 тысяч чалавек, як паказвае практыка, вельмі дорага і доўга. Гэта месяцы працы, я такое рабіў. Калі яны зрабілі тое ж менш як за 4 тыдні — гэта нейкі неймаверны, феерычны сацыялагічны поспех.

Пытанні да метадаў. Як я чытаў — частку апытвалі па тэлефоне, частку фэйс-ту-фэйс. У чым сэнс пілатажа па тэлефоне? Гэта розныя метады.

Вельмі шмат супярэчнасцяў.

Як я разумею, частку людзей апытвалі на прадпрыемствах. Гэта эканамічна актыўнае насельніцтва. Другі этап — проста выпадковае апытанне. Але як яно праводзілася? На вуліцах? Марозам? Па кватэрах пры кавідзе? Невядома. Але як злучыць гэтыя два блокі потым у адно? Вельмі цяжкая задача.

Ну і шыкоўная ўсё ж сітуацыя з тэрмінамі. Нібыта 8 лютага быў скончаны збор інфармацыі. А 10 лютага ўжо паказалі даныя. Гэта яны паспелі дзесяць тысяч шматстаронкавых адказаў унесці ў базу і давесці яе да працоўнага рэжыму за два дні? Феерычна!

З такой колькасцю рэспандэнтаў час на апрацоўку таксама істотны. Ёсць паняцце «рамонту выбаркі», калі па нейкай групе ёсць частка няякасных адказаў. Гэта прафесійныя матэматычныя рэчы, якія патрабуюць часу і разлікаў.

Зрэшты, мне так і не зразумела, хто гэтае апытанне рабіў.

Я бачыў і Ecoom, і цэнтр Ротмана, і прадстаўнікоў нейкай «Украінскай палітыкі». Паглядзеў іх сайт. Дарэчы, і так і не ўбачыў сведчанняў хоць нейкай датычнасці да сацыялогіі. Хто за што адказваў? Чыя інтэрв’юерская сетка? Вельмі шмат пытанняў. Адказаў няма. Таму тое, што нам прэзентавалі, — проста нейкія лічбы», — сказаў Коршунаў.

 

nn.by