Домой Культура Дзякуй за «ласку», ці Пытанне — рубам

Дзякуй за «ласку», ці Пытанне — рубам






Дачакаліся! Нарэшце атрымалі лісты!

Размова зноў ідзе пра наш гаротны Іезуіцкі касьцёл, пра будынак былой гаўптвахты. Пра той будынак, які бачыў немаўляткам Вінцэся Дуніна-Марцінкевіча, які са стромы Беразіны пазіраў на падзелы Рэчы Паспалітай. Які прастаяў і вайну 1812 года, і першую, і другую сусьветныя, і польскую. Які спакойна перастаяў і Рэч Паспалітую, і Расейскую Імперыю, і СССР, і хочацца спадзявацца будзе стаяць яшчэ вельмі доўга.

Мы ўжо пісалі пра яго наведваньне ў пачатку лютага сябрамі Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Між тым нядаўна з Мінкульту і Бабруйскага гарвыканкаму прыйшлі адказы на нашы звароты.

Паглядзім, што ў іх…

Мінкульт вучыць нас, якія правы і абавязкі маюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. І — адфутболівае звароты ў Магілёўскі гарвыканкам. Праўда, паведамляе, што ў красавіку запланавана праверка крэпасьці. Мусім чакаць.

Адказ Бабруйскага гарвыканкаму больш «аптымістычны». Нам паведамляецца, што «ў адносінах уладальніка будынка… Бабруйскага унітарнага камунальнага даччыннага прадпрыемства па абслугоўваньню жыльлёвага фонду Ленінскага раёна складзены адміністрацыйны пратакол… матэрыялы адміністратыўнай справы 26.02.2013 г. перададзены ў суд». А таксама што: «У мэтах прадухілення пранікнення старонніх асоб абноўлена агароджа будынка». І — «У 2013 годзе плануецца завершыць работы па рамонту пашкоджанага ў выніку пажара шыфернага даху, намечаны меры па закрыцці аконных і дзвярных праёмаў першага паверха будынка».

9 сакавіка, пад час чарговага наведваньня тэрыторыі касьцёла, высьветлілася што… вароты ў агароджы завараныя знутры. Дзеля гэтай працы трэба было вылучыць машыну, кіроўцу і сваршчыка са сваркай. Адна гадзіна працы…

26 сакавіка былі закладзены цэглай дзьверы. Дзеля гэтага спатрэбілася два вядры раствора і таксама гадзіна працы. Цэгла валяецца побач. Будаўнікі працуюць насупраць. Трэба толькі здейсніць адзін гераічны ўчынак — пералезьці агароджу. Вароты ж заварылі два тыдні таму…

Тым часам дзьверы ў падвал і вакно ў сакрыстыю, праз якія можна было трапіць ў будынак, засталіся расчыненыя. Па-ранейшаму дзіры ў даху, шыбы выбіты… Чакаем вясновых дажджоў?

Хіба такія вялікія сродкі патрэбны каб правесьці кансервацыю будынка? Колькі яшчэ трэба даслаць лістоў і напісаць артыкулаў, каб добра залатаць дах, прыбраць сьмецьце і надзейна закласьці вокны і дзьверы? (Зрэшты — выканаць свае абавязкі).

Што яшчэ трэба зрабіць, каб у ліпені, ў час «Вянка дружбы», не было сорамна за нашу гістарычную спадчыну перад гасьцямі Бабруйска? Каб салдацікі зноў не бегалі на фоне руін.

І ўрэшце — галоўнае пытаньне: калі ў 2013 годзе плануецца адрамантаваць дах. А калі папярэдне замуравалі дзьверы, — дах будзе латаць брыгада Карлсанаў?

Ігар Ткачоў

Фото автора