Домой В стране ДЭВАЛЬВАЦЫЯ. НАЦБАНК АДПУСЦІЎ КУРС РУБЛЯ

ДЭВАЛЬВАЦЫЯ. НАЦБАНК АДПУСЦІЎ КУРС РУБЛЯ

На афіцыйным сайце Нацбанка Беларусі, з‚явілася заява, якая здымае абмежаванні з банкаў па фарміраванні валютных курсаў куплі-продажу замежнай валюты насельніцтву. Эксперты кажуць, што пра класічную дэвальвацыю казаць не прыходзіцца, бо частку валюты экспарцёрам усё роўна прыйдзецца прадаваць па курсе Нацбанка. Але насельніцтва долары і еўра будзе купляць па рынкаваму кошту.

«У рамках рэалізацыі плана паэтапнага выхаду на адзіны курс беларускага рубля і стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку Нацыянальны банк з 11 мая 2011 г. адмяніў рэкамендацыйныя абмежаванні па ўстанаўленні банкамі курсаў здзелак па куплі-продажы замежнай валюты з насельніцтвам.

Дэфіцыт валютных сродкаў на дадзеным сегменце рынка склаўся ў сакавіку бягучага года ў выніку павышанага попыту грамадзян на наяўную замежную валюту для набыцця транспартных сродкаў за мяжой, а таксама ў сувязі з распаўсюджваннем розных чутак, якія правакуюць ажыятажныя паводзіны насельніцтва.

Выкарыстанне рынкавых падыходаў да фармавання курсу беларускага рубля пры ажыццяўленні здзелак з фізічнымі асобамі дазволіць не толькі задаволіць попыт грамадзян на замежную валюту, але і пазбавіць сэнсу далейшае актыўнае набыццё замежнай валюты насельніцтвам для стварэння зберажэнняў, якое назіралася ў апошні час у сувязі з чаканнем змены абменнага курсу».
«Гэта па-ранейшаму не дэвальвацыя — гэта множнасць курсаў», — лічыць незалежны эканаміст Сяргей Чалы.

«Таму што застаўся продаж валюты па курсе устаноўленым Нацбанкам. Не здымаюцца абмежаванні па продажы валюты для абменных пунктаў. Да эканомікі гэтае рашэнне адносінаў не мае. Проста нарэшце ўрад вырашыў знізіць напружанне ў грамадстве», — упэўнены эксперт.

«Банкі выставяць курсы, па якіх насельніцтва захоча пазбавіцца ад валюты, думаю гэта будзе курс, які цяпер трымаюць валютчыкі — у раёне Br 4000 за долар», — прагназуе Сяргей Чалы.

«Вымушанае і чаканае рашэнне. Прычым ажыццёўленае непрафесійна. Курс валюты павінен вызначацца біржай, а не банкамі», — упэўнены былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

«У першыя дні будзе поўная блытаніна, адзін банк будзе прадаваць па адным курсе, іншы па іншым. Але з часам курсы стабілізуюцца і валюта з‚явіцца», — лічыць С. Багданкевіч.

Ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка, каментуючы рашэнне аб новых правілах продажу замежнай валюты на наяўным рынку БелаПАН паведамілі, што Нацыянальны банк не будзе прадаваць валюту камерцыйным банкам для абменных пунктаў.

Рашэнне аб адмене рэкамендацыйных абмежаванняў прынята ў сувязі з сітуацыяй, якая сітуацыяй на наяўным валютным рынку, а таксама з мэтай выхаду на адзіны курс беларускага рубля, заявілі ў Нац банку.

У галоўным банку краіны спадзяюцца на тое, што адмена рэкамендацыйных абмежаванняў дазволіць ліквідаваць чорны валютны рынак, які ўтварыўся ў сувязі з дэфіцытам валюты на наяўным рынку. Там таксама лічаць, што адмена абмежаванняў на валютным рынку дазволіць збіць ажыятажны попыт насельніцтва на валюту.
Дарэчы, некаторыя камерцыйныя банкі аператыўна адрэагавалі на заяву Нацбанка, устанавіўшы новыя абменныя курсы.

http://www.belaruspartisan.org/