Ці верыце вы, што ўлада ў краіне не будзе перадавацца ў спадчыну?

Не так даўно кіраўнік дзяржавы падчас візіту ў Венесуэлу сказаў літаральна наступнае: «Тое, што ў Венесуэле мой сын Мікалай, сведчыць: ёсць каму пераняць эстафету гадоў праз 2025». Цяпер ён сцвярджае, што не гатовы перадаваць «экстафету» ніводнаму са сваіх трох сыноў. Дык якому Лукашэнку верыць? На гэтую тэму разважаюць эксперты «Тут і цяпер».

АФІЦЫЙНА

Ніякай перадачы ўлады ў спадчыну ў Беларусі быць не можа, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

«Я ўсё больш са здзіўленнем чытаю і чую пра тое, што вось тут Лукашэнка гэта назаўжды, гэта навечна, сказаў ён. У які раз кажу, не апраўдваючыся перад вамі Мае дзеці прэзідэнцтва наеліся пры сваім бацьку. Ніякай перадачы па спадчыне ўлады быць не можа».

Андрэй Ягораў, палітолаг:
«Беларусы дастаткова рацыянальныя, каб разумець, што нясе дыктатура»

Як пакавае досвед дыктатураў на тэрыторыі Еўропы, яны ніколі не перадаваліся ў спадчыну ў сучасным свеце. Усе дыктатуры існавалі да таго часу, пакуль жыў сам дыктатар. Таму ў Беларусі, як у еўрапейскай краіне, гэта малаверагодна. Ну але ж гэты чалавек можа розныя рэчы разглядаць, нават самыя неверагодныя. Мне здаецца, мы не дажывем да таго часу, калі гэтая магчымасць стане не гіпатэтычнай, а рэальнай. Мне б хацелася верыць, што, усё ж такі, з гэтай праблемай беларусы справяцца значна раней, чым прыйдзецца абіраць паміж працягам спадчыннай дыктатуры і пераходам да нейкага іншага ладу жыцця ў краіне. Беларусы дастаткова рацыянальныя і разумныя, каб разумець, што зараз дыктатура гэта асноўная прычына, якая тармозіць і развіццё краіны, і іх уласны лёс, і перашкаджае нармальнай будучыні іх дзяцей. Таму мы павінны вырашыць гэтую праблему на працягу жыцця хаця б майго пакалення.

Валянціна Сядых, юрыстка:
«Спадчынная ўлада найбольш верагодны сцэнар»

Дзе мы такое можам бачыць? У Паўночнай Карэі, у Сірыі і ў Азербайджане. Але ва ўсіх трох пералічаных краінах такое магчыма таму, што сапраўдная ўлада ёсць у нейкага пануючага клана, у якім трэба падтрымліваць раўнавагу. Вось няма Кім Чен Іра. І што? Цяпер будзе які-небудзь Хунь Юнь Сунь? Дык ён жа ўсіх перастраляе. І каб была раўнавага, ставіцца сынок. Гэта, вядома, вядзе да дэградацыі, як самой сістэмы, так і ўсёй краіны. Але сістэма ратуе перш найперш сябе, а не краіну. У Беларусі існуе ўлада, якая заточанае на тое, каб захаваць кіруючую кліку. У нас ужо ўсё ў парадку з дэградацыяй. Грамадзянскай супольнасці няма. Найбольш актыўныя звальваюць з краіны.

Здарыўся такі казус, што наша «афрыка» апынулася ў Еўропе. Ну і што? Геаграфія нас ні ад чаго не бароніць і не надае нам ніякіх стандартаў. Але ў такіх сістэмах часам спрацоўвае іншае. Калі ў кліцы захоўваецца раўнавага гэта добра. А калі яна губляецца, то гэта канчаецца пераваротам. Прычым выхадцам з той самай клікі. Такі сцэнар найбольш верагодны.

Аляксандр Старыкевіч, журналіст:
«Такі сцэнар не для дадзенага часу і не для дадзенага месца»

Я не веру ў магчымасць перадачы ўлады па спадчыне. Можна шукаць тлумачэнні, але вера не заўсёды грунтуецца на нейкіх абектыўных чынніках. Я ўсё ж такі думаю, што пры ўсіх заганах нашага грамадства, яно не да такой ступені безнадзейнае, каб тут ужо пачала існаваць спадчынная манархія. Пытанне нават не ў тым, што гэта выкліча нейкае надзвычайнае абурэнне ў краіне, і грамадзяне, як адзін, выйдуць на вуліцы і гучна скажуць: «НЕ!», «Досыць!», «Хопіць!» і гэтак далей. Але я думаю, што такі сцэнар перадачы ўлады не для дадзенага часу і не для дадзенага месца.

Юры Хашчавацкі, рэжысёр:
«Як гайка на пупе гэтага рэжыму»

Я веру, што будзе такая спроба. Я нават перакананы ў гэтым. Але пры гэтым ўпэўнены яшчэ і ў тым, што нічога з гэтага не атрымаецца. Таму, што Аляксандр Рыгоравіч, як у тым анекдоце, гайка на пупе ў гэтага рэжыму. Гайку адкруціш і ўсё адваліцца. Ніхто іншы так не здолее трымаць у страху абсалютна ўсіх. Абавязкова знойдуцца людзі, якія пачнуць адзін з адным змагацца. Прычым, да самазнішчэння. А ні ў каго з іх не існуе ніякай магчымасці ўтрымацца ля этай улады. Таму, што, акрамя ўсяго іншага, Лукашэнка давёў краіну да таго, што ў такім выглядзе яна ўжо трымацца не можа. І патрэбныя будуць іншыя людзі і іншая канцэпцыя. Пакуль усё трымаецца на страху перад Лукашэнкам. Але, як толькі яго не стане, усё пачне развальвацца.

Апытанне праводзіў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ

Бобруйск. Автосервис
Памятники
Вам также могут понравиться
BE EN RU