Домой В регионе Ці можна сфатаграфаваць бюлетэнь, скласьці яго гармонікам, закрыць шторку? 8 адказаў пра...

Ці можна сфатаграфаваць бюлетэнь, скласьці яго гармонікам, закрыць шторку? 8 адказаў пра выбары

Як паводзіць сябе падчас галасаваньня: ці можна фатаграфаваць бюлетэнь і што казаць камісіі? Разьбіраемся зь юрыстам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Паўлам Сапелкам.

1. Ці можна фатаграфаваць бюлетэнь (таксама і ў тым выпадку, калі шторкі кабіны раскрытыя)?

Выбарчае заканадаўства не забараняе фатаграфаваць свой бюлетэнь і перадаваць гэтыя здымкі іншым асобам.

«Гэта не парушае закону, таму і ня можа пацягнуць за сабой адказнасьць», — сказаў Павал Сапелка.

2. А што адказваць сябрам камісій, калі яны пачнуць забараняць фатаграфаваць?

Для выбарцаў важныя толькі тыя нарматыўныя акты, якія маюць абавязковую сілу для ўсіх — Выбарчы кодэкс і Пастановы ЦВК.

«Трэба прасіць сяброў камісіі патлумачыць свой пункт гледжаньня са спасылкай на прававы акт, які зьяўляецца абавязковым для ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу», — сказаў Павал Сапелка.

3. Ці можна публікаваць бюлетэнь?

Публікацыю бюлетэня да 20 гадзіны ў дзень галасаваньня 9 жніўня могуць расцаніць як агітацыю.

«У пэўным сэнсе перадача іншай асобе фатаздымка бюлетэня ў дзень галасаваньня можа разглядацца як агітацыя, хоць гэта зь вельмі вялікай нацяжкай. Я ня бачу перашкодаў публікаваць яго, але калі Лідзія Ярмошына амаль што просіць не публікаваць у дзень галасаваньня, то давайце ня будзем публікаваць, калі нехта бачыць у гэтым агітацыю», — сказаў Павал Сапелка.

4. Ці можа выбарнік запатрабаваць, каб закрылі шторку ў кабіне для галасаваньня?

Кожны выбарнік мае права патрабаваць, каб яму забясьпечылі тайну галасаваньня, яго волевыяўленьня.

«Тэарэтычна выбарнік можа неяк павярнуцца, каб яго ніхто ня бачыў, і паставіць значок. Але галасаваньне — гэта ня толькі прастаўленьне значка ў квадраціку, а ў цэлым волевыяўленьне. Чалавек можа вырашыць, галасаваць яму ці не, запоўніць бюлетэнь ці не, напісаць на ім тое, што яму хочацца, ці не. У савецкія часы на бюлетэнях пісалі пасланьні партыі і ўраду, але нават тады ніхто не замахваўся на гэтыя шторкі. Чалавек, які прыходзіць на ўчастак, мае права патрабаваць захаваньня сваіх правоў», — кажа Павал Сапелка.

5. Ці можна скласьці бюлетэнь гармонікам? Ці залічаць яго?

«Ад таго, што бюлетэнь складуць трубачкай ці гармонікам, трохкутнікам ці караблікам — ад гэтага бюлетэнь ня стане несапраўдным. Прыкметы несапраўднасьці ўказаныя ў законе», — сказаў Павал Сапелка.

6. Ці можа выбарнік прыйсьці на ўчастак у дзень галасаваньня зь белым бранзалетам, ці зьвінавацяць яго ў агітацыі?

Ён можа прыйсьці з бранзалетам любога колеру, стужкай, зь любымі аксэсуарамі.

«З партрэтам кандыдата на ўчастак ня варта ісьці, бо гэта можа быць расцэнена як агітацыя. Я прапаную таксама зьняць партрэты правадыра (прэзыдэнта) з вакон камісій, каб забясьпечыць роўнасьць усіх кандыдатаў», — кажа Павал Сапелка.

7. Калі звычайны выбарнік заўважыў парушэньні падчас галасаваньня, што яму рабіць?

Зьвярнуцца ў камісію, у вышэйшую камісію, у пракуратуру.

«Калі ён стаў сьведкам злачынства, то ў Сьледчы камітэт альбо ў пракуратуру».

8. Як зафіксаваць парушэньне, ці можна гэта сфатаграфаваць?

«Забарона на фатаграфаваньне, зноў жа, зьявілася з фантазіі нашых арганізатараў выбараў. Мы сваім назіральнікам раім, калі яны бачаць яўнае парушэньне на ўчастку для галасаваньня, то фатаграфаваць яго. Магчыма, пасьля гэтага назіральніка выдаляць. А выбарніку наогул можна быць спакойным, бо прагаласаваць яму ўсё роўна дадуць», — кажа Павал Сапелка.

 

https://www.svaboda.org/