На краўдфандынгавай платформе «Талака» зараз вядзецца збор сродкаў на бюст Алеся Адамовіча, які плануецца ўсталяваць на малой радзіме пісьменніка – у Глушы.
Сабраць трэба BYN 8 тысяч. На сённяшні дзень на рахунку ёсць ужо 10% ад патрэбнай сумы, ці BYN830. Збор будзе працягвацца яшчэ цягам 35 дзён. Усе ахвярадаўцы атрымаюць падзяку і асабістае запрашэнне на ўсталяванне помніка.
Ініцыятар збора сродкаў – бабруйчанін Андрусь Архіпенка . У студзені бягучага года ён сабраў больш за 600 подпісаў за ўсталяванне бюста Адамовіча. Тады Андрусь выйшаў з падпіснымі лістамі на вуліцы Бабруйска, каб нагадаць жыхарам горада пра славутага земляка і прапанаваць падтрымаць ініцыятыву па ўсталяванні помніка пісьменніку ў ягонай роднай Глушы.
Адначасова была адкрытая анлайн-петыцыя, якую падпісаў 331 чалавек.
У красавіку сваю згоду на ўсталяванне помніка дало Міністэрства культуры. Макет будучага бюста вырабіў скульптар Уладзімір Мелехаў.
Ці гатовыя бабруйчане падтрымаць збор сродкаў? Што ўвогуле жыхары Бабруйска ведаюць і памятаюць пра Алеся Адамовіча? Адказы – у нашым відэасюжэце.
Марына Маўчанава
Відэа Аляксандра Багдановіча