Домой Общество Ці будуць апазіцыянеры праціраць штаны ў выбаркамах

Ці будуць апазіцыянеры праціраць штаны ў выбаркамах

Пасля фарміравання акруговых і ўчастковых камісій беларускія апазіцыйныя структуры запалі ў шок, піша «Тут і Цяпер».

За бортам

Яны ведалі, што няшмат хто патрапіць у камісіі ад іх структур, але такога мізэрнага выніку не чакалі. Што тычыцца ўчастковых камісій, то доля прадстаўнікоў апазіцыйных партый сёння складае каля 0,1% (61 чалавек з 68945). Яны прадстаўлены менш, чым у 1% камісій. Гэта фактычна выключае апанентаў улады з арганізацыі галасавання і падліку галасоў і такім чынам пазбаўляе магчымасці ўплываць на працу УВК.

Некаторыя апазіцыйныя партыі, напрыклад АГП, заявілі, што ў знак пратэсту могуць адклікаць сваіх прадстаўнікоў з выбарчых камісіяў. Яны лічаць, што раз немагчыма паўплываць на кантроль за падлікам галасоў, то няма чаго там праціраць штаны.

Але ці падлік галасоў і назіранне за ім адзінае, што можа зрабіць сябра камісіі?

Гарантыі — пакуль толькі мара

«Не», — адказвае адзін з каардынатараў кампаніі партыйнага назірання «За свабодныя выбары» Віктар Карняенка.

Па-першае, ён нагадвае, што прапановы апазіцыі па ўмовах правядзення свабодных выбараў «абсалютна канструктыўныя і вельмі простыя». «Першае — сапраўдны падлік галасоў, хоць бы на ўзроўні членаў камісій. Другое — правы назіральнікаў. Інакш гэта атрымліваюцца не выбары, а клаўнада, калі назіральнік стаіць за 10 метраў ад стала, на якім лічацца бюлетэні, і ўвесь працэс падліку закрываецца магутнымі спінамі членаў камісіі. І трэцяе — гэта не проста магчымасць, а гарантыі ўдзелу апазіцыі ў выбарчых камісіях», — кажа Карняенка.

З трэцім пытаннем беларуская апазіцыя ўжо праляцела.

Але, паводле Карняенкі, гэта не азначае, што немагчыма паспрабаваць вырашыць першыя два.

«Мы прапаноўвалі проста прыняць адпаведныя пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі, пастановы акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, якія прадугледжвалі, па меншай меры, першыя два пункты. Такія пастановы можа прыняць сама ўчастковая камісія. Пасадзіць за стол назіральніка і паказаць яму, як лічаць галасы», — сказаў Карняенка.

Ён лічыць, што нават проста прапановай аб прыняцці такой пастановы акруговай або ўчастковай выбарчай камісіі можна дэмакратызаваць працэдуру выбараў і зрабіць яе больш празрыстай. «Калі камісія такую пастанову не прымае, значыць, не хоча сумленна лічыць галасы і не будзе лічыць іх сумленна», — адзначае Карняенка.

Але пакуль аб падобных ініцыятывах ад апазіцыі ў акруговых выбарчых камісіях не чуваць. Прадстаўнікі палітычных партый займаюць пазіцыю не членаў акруговых камісій, а назіральнікаў у гэтых камісіях. Вядома, наўрад ці аднаму з 13 членаў камісіі ўдасца пераканаць астатніх 12. Але паспрабаваць можна?

«Можна і трэба», — кажа адзін з сяброў акруговай камісіі па Жодзінскай выбарчай акрузе № 64 Аляксандр Валчанін. «Усё тут залежыць ад стаўлення мясцовых улад. Калі казаць пра нашу акругу, то ў нас нават пастановы такой прымаць не трэба. Я размаўляў з назіральнікам ад АГП у Салігорску — там яму не далі нават інфармацыі, хто падаў дакументы на рэгістрацыю. У нас такое немагчыма. Дзесьці на пасяджэнні камісіі не пускаюць назіральнікаў — у нас на кожным пасяджэнні прыходзь хто хоча, рабі што хочаш. Магу нават любога журналіста запрасіць — прыязджайце, паглядзіце, як мы працуем», — кажа Валчанін.

«На мінулых выбарах кожны мог памацаць бюлетэні, сфатаграфаваць усё што хоча. То бок, у нас такой праблемы не існуе», — заявіў Валчанін.

Патрэбна ўсяго адна пастанова

А вось член акруговай камісіі па 98 Грушаўскай акрузе Мінска Сяргей Вазняк чамусьці ўпэўнены, што камісія падобную пастанову «пракаціць». «Безумоўна, я паспрабую вынесці праект такой пастановы. Але там я адзін прадстаўляю дэмакратычныя сілы, якія зацікаўлены ў правядзенні сумленных выбараў. Астатніх 12 — з праўладных арганізацый і партый», — тлумачыць Вазняк.

«Тут важна не тое, каб назіральнікі бачылі падлік галасоў, а каб члены камісій лічылі ўсе бюлетэні. Са шматгадовай практыкі: у нас яны падзяляюцца на маленькія кучкі, і кожны член камісіі лічыць толькі сваю кучку. Нават калі я падлічыў 300 бюлетэней, не ведаю выніку ў цэлым па ўчастку. Такім чынам, нават сябры камісій не ведаюць вынік галасавання», — сказаў Вазняк.

«Была б толькі добрая воля ўсёй камісіі на такі падлік, каб кожны бюлетэнь паказваўся не толькі назіральнікам, а ўсім членам камісіі. Але пакуль што такой волі няма і, пэўна, наўрад ці будзе», — уздыхае Вазняк.

Такім чынам, забяспечыць сумленны падлік галасоў можна, але для гэтага трэба добра папрацаваць і пераканаць камісіі прыняць усяго толькі адпаведную пастанову. Пакуль у апазіцыі яшчэ ёсць час вярнуцца да ранейшых арыенціраў і, як казалі ў савецкія часы, «здзейсніць подзвіг на працоўным месцы». Гэта значыць, пачаць адстойваць сваю пазіцыю па пытанні выбараў і допуску да падліку галасоў не толькі назіральнікаў, але і саміх сябе ў акруговых і ўчастковых выбарчых камісіях.

ДАРЭЧЫ

Аказваецца, членам акруговых выбаркамаў плацяцца за працу ў іх нейкія грошы. Напрыклад, брэсцкі актывіст АГП Сяргей Вельгас перавёў атрыманыя за працу ў акруговай камісіі грошы на рахунак, прызначаны для лячэння хворага двухгадовага хлопчыка.

Сяргей КОЎШ «ТУТ I ЦЯПЕРЬ»