Домой Общество Ці атрымаецца ў апазіцыйных кандыдатаў гаварыць ад сэрца?

Ці атрымаецца ў апазіцыйных кандыдатаў гаварыць ад сэрца?

З наступнага панядзелка кандыдаты ў дэпутаты пачнуць выступаць па дзяржаўным радыё і тэлебачанні са сваімі перадвыбарчымі праграмамі.

«ТУТ I ЦЯПЕРЬ» пацікавілася, аб чым плануюць гаварыць у эфіры прэтэндэнты на дэпутацкае крэсла.

Міхаіл Пашкевіч: не пра лямпачкі ў пад’ездах

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Міхаіл Пашкевіч з радасцю памяняў бы пяць хвілін звычайнага выступу на 10 хвілін тэледэбатаў.

— У мяне яшчэ няма тэксту, які я мог бы вам прачытаць, — гаворыць Міхаіл. — Ёсць канцэпцыя кампаніі «Гавары праўду», і для нас гэтыя выбары — шмат у чым тактычны момант для прасоўвання структуры. Але пытанне аб тым, што выносіць на першы план выступлення (калі мяне, вядома, зарэгіструюць), застаецца актуальным. Ведаю дакладна, што буду казаць не пра лямпачкі ў пад’ездах, а пра больш глабальныя рэчы.

З іншага боку, гэта будзе ўсяго 5 хвілін на тэлеканале «Беларусь 2», у вячэрні час. Таму мне здаецца, што гэты эфір не самае важнае. Я буду больш удзяляць увагі кампаніі «ад дзвярэй да дзвярэй». Дарэчы, нават штаб Абамы працуе па гэтай тэхналогіі.

Яшчэ зраблю акцэнт на прыцягненні беларусаў замежжа, таму што ў мяне ў Купалаўскай акрузе Мінска галасуюць усе беларусы, якія знаходзяцца за мяжой і ў дзень выбараў выкажуць жаданне прыйсці ў амбасаду. За мяжой няма датэрміновага галасавання, няма інтэрнатаў і воінскіх часцей, якія могуць выгнаць на датэрміновае галасаванне. Там жывуць беларусы, якія ўжо зрабілі стратэгічны выбар. Хачу патлумачыць, што я раблю стаўку не на дэмакратычную эміграцыю — гэтых людзей не трэба агітаваць прыйсці на выбары, бо яны выступаюць за байкот. За межамі Беларусі жыве шмат людзей, якія з’ехалі з нашай краіны і засталіся ў эміграцыі.

Адмаўляцца ад выступу на радыё і на тэлебачанні я не буду. Але калі будзе магчымасць змяніць пяць хвілін выступу на 10 хвілін тэледэбатаў з кандыдатам ад улады, то, вядома, выберу тэледэбаты…

Яраслаў Берніковіч клапоціцца пра дзяцей

Глыбоцкі актывіст Яраслаў Берніковіч, які спыніў сваё членства ў Партыі БНФ спецыяльна для таго, каб пайсці на выбары, шчыра прызнаецца: калі давядзецца выступаць перад тэлекамерай, будзе змагацца з хваляваннем кожны дзень.

— Нягледзячы на тое, што выступ яшчэ не падрыхтаваны, я ведаю, пра што буду гаварыць, калі справа дойдзе на эфіру, — гаворыць Яраслаў. — Перш за ўсё праблемы горада. У Новаполацку разбітыя двары, у дэфіцыце паркоўкі… Яшчэ хацеў бы закрануць тэму выбарнасці старшыняў аблвыканкамаў. Прапаную скараціць колькасць ідэолагаў, а вызваленыя грошы накіраваць на аздараўленне дзетак і дапамогу шматдзетным сем’ям.

Мне цяжка сказаць, наколькі я падрыхтаваны гаварыць перад камерай. Аднак буду старацца. Адмаўляцца ад эфірнага часу не планую — маю намер выступіць і на радыё, і на тэлебачані.

Станіслаў Багданкевіч

Экс-кіраўнік Нацбанка спікер Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч заклапочаны тым, як сказаць усё самае важнае і пры гэтым укласціся ў адведзены час.

— Я буду казаць пра тое, што ў нас няма выбараў — гэта самы галоўны тэзіс, — распавядае Станіслаў Антонавіч (Кальварыйская акруга № 104, г. Мінск).

— Пачну з таго, што ўсё спазнаецца ў параўнанні. І калі параўнаць нашы дасягненні ва ўмовах незалежнасці з той жа Літвой, Польшчай і іншымі краінамі па фондзе аддачы, прадукцыйнасці, заробку, пенсіях, то стане зразумела, што мы значна адстаём ад усіх суседзяў. І прычына гэтага — у аўтарытарнай мадэлі кіравання. Нагадаю пра тое, што ў 2011 годзе ў нас здарыўся абвал і цэн, і нацыянальнай валюты. І ўсё гэта адбылося не ва ўмовах нейкага калапсу, як, напрыклад, пры развале СССР, а ва ўмовах гэтак званага росквіту. Калі б гэта было ў дэмакратычнай краіне, то паслужыла б падставай для расследавання і палітычных адставак чыноўнікаў. Можа быць, адстаўкі ўрада. У нас жа нічога гэтага не здарылася. Аўтарытарны рэжым не дазваляе грамадству кіраваць сваім жыццём.

Яшчэ скажу пра тое, што каштоўнасць выбараў надзвычай высокая. І АГП заклікае людзей пратэставаць, не з’яўляцца на выбарчы фарс. У нас ёсць праграма мадэрнізацыі Беларусі, аднак за доўгія гады мы ні разу не змаглі выступіць з ёй перад грамадскасцю. У нас няма выбараў, таму што няма галоснасці, публічнасці, шырокага абмеркавання праблем.

Адзінае, трэба будзе ўкласціся ў пяць хвілін. Чытаць па паперцы — будзе дрэнна выглядаць. Казаць свабодна — магу не ўкласціся. Таму трэба дакладна разлічыць час. Калі, вядома, справа дойдзе да выступаў.
ЭКСПЕРТЫЗА

Алег Манаеў: «Гаварыць трэба ад сэрца…»

Аб чым варта сказаць кандыдатам у дэпутаты, каб крануць выбаршчыкаў? На якія тэмы рабіць асноўны акцэнт?

Пра гэта мы спыталі вядомага сацыёлага прафесара Алега Манаева.

— Нейкага спецыяльнага рэцэпта на гэты конт у мяне няма, але я лічу, што гаварыць трэба пра тое, што хвалюе людзей і чым будучы дэпутат збіраецца ім дапамагчы, — раіць Алег Цімафеевіч. — Як паказваюць вынікі аналізу грамадскай думкі, пытанні вялікай палітыкі, змены выбарчага заканадаўства хвалююць людзей значна менш, чым сацыяльна-эканамічная праблематыка. Але, з іншага боку, фіксаваць увагу толькі на прыбіранні вуліц або пракладцы труб — гэта таксама няправільна. Нават з такімі ўсечанымі функцыямі, як у нас, не справа парламента вырашаць задачы на ўзроўні камунальнай гаспадаркі.

Галоўнае падчас выступу зачараваць выбаршчыка. Каб людзі, слухаючы выступ, адчулі: калі ўзнікне нейкая няпростая сітуацыя, гэты чалавек не забудзецца пра сваіх выбаршчыкаў і будзе абараняць іх правы. Як гэта зрабіць — ужо іншае пытанне…

Гаварыць трэба ад сэрца. Мы з вамі жывём у краіне, якая ўсяго 20 гадоў таму была камуністычнай. І таму ў нас не спрацуюць тэхналогіі, якія даюць паспяховыя вынікі ў Еўропе ці Амерыцы.

Што тычыцца падрыхтоўкі да выступленняў, таго, як трымацца перад камерай, правільна выступаць, гэта, безумоўна, таксама важны момант. Але калі ўзяць сярэднестатыстычнага кандыдата, які проста хоча стаць дэпутатам, то мне цяжка ўявіць, што ён будзе трэніравацца з прафесійнымі дыктарамі, кінарэжысёрамі ці аператарамі.

Я ўзгадваю апытанні, якія сацыёлагі рабілі ў 90-х гадах. Тады людзей больш за ўсё прыцягвалі ў кандыдатах у дэпутаты шчырасць, сумленнасць, рашучасць. А ўжо як чалавек праявіць гэтыя якасці — гэта яму вырашаць…

АФІЦЫЙНА

Пяць хвілін на ўсё

Кандыдаты ў дэпутаты маюць права на адзін бясплатны выступ са сваёй перадвыбарчай праграмай па дзяржаўным ТБ і адно — па дзяржаўным радыё.

Выступы прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла будуць доўжыцца да 14 верасня. Графік размеркавання паміж акруговымі камісіямі эфірнага часу складзены такім чынам, каб у перыяд перадвыбарчай агітацыі кожны кандыдат у дэпутаты змог рэалізаваць прадастаўленае яму права.

Цэнтрвыбаркам прадугледзеў, каб выступы выпадалі на самыя рэйтынгавыя перыяды, калі найбольшая колькасць гледачоў і слухачоў знаходзяцца дома. Кандыдаты ў дэпутаты прадставяць свае перадвыбарчыя праграмы па працоўных днях: у тэлеэфіры з 19.00 да 20.00, па радыё з 18.00 да 19.00. Як паведамляе belta.by, тэле- і радыёдэбаты будуць праходзіць у той жа час, эфір для іх таксама будзе прадастаўлены бясплатна.

Прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты, якія вылучаюцца па горадзе Мінску, змогуць агучыць сваю перадвыбарчую праграму і паўдзельнічаць у дэбатах у эфіры тэлеканала «Беларусь 2» і на хвалях радыёстанцыі «Сталіца». Кандыдаты, зарэгістраваныя па абласцях, акрамя Мінскай, выступяць па мясцовым тэле-і радыёвяшчанні. Для тых, хто балатуецца ад Мінскай вобласці, эфірны час пададуць тэлеканал «СТБ» і «Сталіца».

Марына МІТ «ТУТ I ЦЯПЕРЬ»