Домой Общество Чаму хварэюць чыноўнікі

Чаму хварэюць чыноўнікі

Людзі хварэюць па-рознаму. І толькі чыноўнікі — аднолькава, піша «Тут i Цяпер».

Згусцеюць хмары над галавой якога чынушы, ён — брык на бальнічны ложак і ляжыць. Медыкі заўважылі нават, што з перапуду начальнікі часта хварэюць на ныркі. Твар у іх робіцца азызлы, а пад вачыма ўтвараюцца мяшкі. Так было за савецкім часам, і тое ж адрадзілася ў сучаснай Беларусі. Магчыма, нават у большым маштабе і з некаторымі нюансамі ў хваробе «вертыкальных» чыноўнікаў рознага калібру.

Пайшлі самыя неверагодныя чуткі

Да прыкладу, у жніўні некаторыя інтэрнэт-рэсурсы напісалі, што супрацоўнікі сілавых структур затрымалі старшыню Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца. Аднак ідэолагі гарвыканкама абверглі гэтую інфармацыю: старшыню не затрымалі, ён нават не хворы, ён — у адпачынку. А праз тры тыдні Піліпца знялі з пасады і перамясцілі ў крэсла першага намесніка дырэктара камунальнага прадпрыемства «Гомельаграпрампраект».

На прадпрыемстве спачатку пацвердзілі, што Віктар Піліпец сапраўды ў іх штаце, але калі на працы ён не паявіўся, заявілі: «Захварэў».

Тым часам у горадзе сталі распаўсюджвацца самыя неверагодныя чуткі пра лёс нядаўняга кіраўніка горада. Нават казалі, што ён нібыта звёў рахункі з жыццём: адны гаварылі — павесіўся, іншыя — застраліўся.

І толькі 26 верасня, пасля завяршэння парламенцкіх выбараў, Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што Віктар Піліпец узяты пад варту на аснове «часткі 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса — «Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў». Такая вось хвароба!

Сталая гамельчанка Людміла так выказалася наконт сітуацыі з былым мэрам: «Гэта ўсё адбываецца ад недахопу інфармацыі. Атрымліваецца вакуум, нейкая „чорная яма“. Таму трэба ўсё гэта шырэй асвятляць, якой бы непрыемнай ні была гэтая інфармацыя. Факт, канечне, абуральны: магчымасць ёсць красці, а сумлення мала — тут апетыты і разгуляліся».

Нераўнадушны да мясцовых спраў гамяльчук Андрэй яшчэ больш катэгарычны ў ацэнках: «Тое, што ў горадзе адбываецца, па-зладзейску называецца перадзел улады. Па-мойму, Піліпец з кімсьці своечасова не падзяліўся. Штосьці яны дзеляць, і трэба сваіх паставіць».

Ланцужком, ланцужком

Праз два дні пасля паведамлення пра арышт Піліпца відавочцы распавядалі, што супрацоўнікі сілавых структур быццам бы надзелі кайданкі ў рабочым кабінеце дырэктару «Гомельводаканала» Аляксандру Ранько, які да ліпеня бягучага года займаў пасаду намесніка старшыні гарвыканкама па будаўніцтве.

Так ці інакш, але сёння ў «Гомельводаканале» на пытанне «Дзе дырэктар?» завучана адказваюць: «Пакуль яго не будзе… Ну, захварэў чалавек. На сёння абавязкі дырэктара выконвае галоўны інжынер».

Тут трэба дадаць, што ўлетку за перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў пры размеркаванні кватэр былі арыштаваны чацвёра кіраўнікоў упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама. Прычым спачатку забралі дырэктара ўпраўлення Ігара Адарчанку і яго намесніка Валерыя Барысевіча, пазней — яшчэ дваіх. А ўсім тым, хто спрабаваў звязацца з дырэктарам УКБ, адказвалі стандартна: «Яго не будзе, ён захварэў».

Некаторыя СМІ перадалі, што ў звязку з кватэрнымі махінацыямі затрыманы таксама памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка, якога на пачатку верасня Аляксандр Лукашэнка нечакана вызваліў ад пасады і які, будучы кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36, напярэдадні датэрміновага галасавання раптоўна зняўся з выбараў.

Такая ж доля нібыта напаткала і першага намесніка старшыні аблвыканкама Аляксандра Баранава, цішком тэрмінова перасунутага нядаўна на працу ў аб’яднанне «Беларуснафта». Ва ўсякім разе, на сайце Гомельскага аблвыканкама яго імя выдалена са спіса намеснікаў, а ў графіку прыёму грамадзян насупраць прозвішча першага намесніка пазначана: «У сувязі з хваробай прыём грамадзян перанесены на няпэўны тэрмін».

Адным словам, куды ні глянь — хворая «вертыкаль».

Без загаду зверху ніяк

Блізкія да ўлады крыніцы сцвярджаюць, што льготныя кватэры для сваякоў набывалі і некаторыя іншыя высокапастаўленыя гомельскія чыноўнікі, у прыватнасці з абласнога Савета дэпутатаў.

Кватэрныя махінацыі ў Гомелі пачалі раскручваць супрацоўнікі КДБ і Дзяржкантролю. Было ўстаноўлена, што ў 2011 годзе службоўцы ўпраўлення капітальнага будаўніцтва гарвыканкама размеркавалі 25 кватэр у чатырох дамах, якія былі пабудаваны з выкарыстаннем бюджэтных грошай, не гараджанам, чые дамы пайшлі пад знос з прычыны дзяржаўных патрэб, а чыноўнікам ды іх сваякам.

Пра гэта на сёлетніх «Дажынках» у Горках сказаў журналістам Аляксандр Лукашэнка: «Некаторыя чыноўнікі, як гэта атрымалася ў Гомелі, куплялі, будавалі кватэры за 20 тысяч долараў і перапрадавалі затым за 50 тысяч». І паабяцаў: «Сёння крымінальная справа заведзена, і не адзін чыноўнік са сваімі сваякамі і набліжанымі сядуць на лаву падсудных».

Але выглядае так, што махлярствы з ільготнымі кватэрамі ў горадзе — гэта вырак не толькі нечакана «захварэлым» гомельскім чыноўнікам, але і бескантрольнай сістэме, якая існуе ў Беларусі. Нездарма ж калумністы ад грамадскага жыцця сцвярджаюць, што ніводзін пракурор, ніводзін супрацоўнік праваахоўных органаў не можа ўмешвацца ў дзейнасць «вертыкальных» чыноўнікаў, не можа пачаць нейкую справу сам па сабе, без загаду «зверху». І гэта таксама сімптом хваробы.

Аляксей КЛІМОВІЧ «Тут i Цяпер»