Домой Общество Чаму «разумных дый бедных» становіцца ўсё больш

Чаму «разумных дый бедных» становіцца ўсё больш

Платная адукацыя ў нашай краіне ўжо даганяе Польшу і Чэхію
Уступная кампанія ў ВНУ Беларусі амаль завершана: бюджэтнікі ўжо «адстраляліся», а 6 жніўня скончылася і залічэнне на ўсе платныя аддзяленні ў ВНУ другога патоку. 54 дзеючыя ў краіне дзяржаўныя і камерцыйныя ўніверсітэты, інстытуты ды акадэміі планавалі прыняць сёлета ў шэрагі студэнтаў каля 91 тысячы чалавек. Але рэальна гэтая лічба можа аказацца прыкметна меншай — нават у апошнія дні прыёму дакументаў на многія спецыяльнасці адзначаўся недабор платнікаў. Наколькі даступна сёлета для беларусаў вышэйшая адукацыя, удакладняе «Тут и теперь» .
Адукацыя апярэджвае інфляцыю
На нядаўняй нарадзе Міністэрства адукацыі была агучана інфармацыя аб тым, што з 1 верасня 2012 года беларускія ВНУ могуць павысіць кошт навучання максімум на 29%. Большасць устаноў адукацыі не сталі чакаць заканчэння тэрміну прыёму дакументаў на платнае навучанне — 4 жніўня — і агучылі павялічаныя ўжо кошты на 2012/2013 навучальны год. У сярэднім ён абыдзецца бацькам наваспечаных першакурснікаў у 10-12 мільёнаў беларускіх рублёў, або амаль у тры сярэднебеларускія заробкі (паводле даных Белстата, за чэрвень 2012 года ён склаў 3,75 мільёна рублёў).
Для параўнання: на пачатку 2011/2012 навучальнага года найбольшы цэннік быў у БДУ — 5,48-7,48 мільёнаў рублёў, БДТУ — 6,26 мільёнаў і БНТУ — 6,18-6,42 мільёнаў, сярэдні ж кошт платнай вышэйшай адукацыі складаў 5 мільёнаў рублёў. Узгадаўшы, паводле Белстата, сярэднебеларускі заробак у чэрвені 2011 года — 1,87 мільёна рублёў, атрымаем, што год вучобы ў ВНУ летась каштаваў амаль тры сярэдніх заробка. Пры гэтым кошт навучання цягам года павялічваўся тройчы (у верасні, лістападзе 2011-га і лютым 2012-га), а ў некаторых ВНУ і 4 разы!
Небліскучыя бакі аднаго медаля
«Ну што сказаць? — паціскае плячыма маці другакурсніка Тамара Салаўёва. — Навіна, канечне, не самая прыемная, але мы да павышэння рыхтаваліся, таму асабліва абурацца няма з чаго. Заплацім колькі трэба і за гэты год, і за наступныя, зато потым нічога не будзем вінныя гэтай дзяржаве. Мы, дарэчы, год назад адразу ішлі на платнае. І не таму, што ў сына мазгоў мала, а ў мяне грошай многа, як некаторыя знаёмыя лічаць, а, па-першае, каб не трапіць у ідыёцкую сітуацыю з-за асобнага конкурсу для „сельскіх“ і „гарадскіх“ — крыўдна ж не паступіць толькі таму, што не трапіў у „гарадскую“ квоту». І па-другое: я цяпер сплю спакойна, бо ведаю, што праз некалькі гадоў сыну не трэба будзе адпрацоўваць у якой-небудзь маляўнічай глухамані за жабрацкія грошы. Тым больш сын маёй дапамогай не злоўжывае і ўжо знайшоў сабе неблагую падпрацоўку абсалютна самастойна».
11-класніцу Алену Міхальчык уступны марафон чакае толькі на лета, але ўжо сёння, прызнаецца дзяўчына, яна ўзважвае, колькі высілкаў і грошай запатрабуе вышэйшая адукацыя: «Я з сям’і патомных урачоў, таму адказ на пытанне „кім стаць?“ быў знойдзены яшчэ ў малодшых класах. Аднак чым бліжэй да паступлення, тым часцей задумваюся, ці правільны гэта будзе выбар. Прахадны бал на маю спецыяльнасць сёлета склаў 315, летась быў 290. Рэальна ацэньваючы свае магчымасці (а я далёка не выдатніца і не пераможца гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіяд), разумею, што на бюджэт магу і не прайсці. Платнае ж навучанне запатрабуе сама менш 14 мільёнаў рублёў у год (і гэта сённяшнія цэны, а праз год-два яны будуць яшчэ вышэйшымі!). Бацькі запэўнілі, што здолеюць аплаціць мне вучобу, і сказалі, каб я ні ў якім выпадку не адмаўлялася ад мары стаць урачом. Але я не хачу сядзець у іх на шыі, бо ведаю, як цяжка гэтыя грошы дастаюцца. Каб найхутчэй вярнуць бацькам пазыку, трэба будзе падацца ў стаматолагі ў які-небудзь камерцыйны цэнтр, а мяне ж прыцягвае педыятрыя, дзе заробкі — слёзы дый толькі. Часам думаеш: мо лепш плюнуць на той „мед“ і скончыць пасля школы курсы маляроў-тынкоўшчыкаў? Буду зарабляць па паўтары тысячы ўмоўных, як матчына прыяцелька, і смяяцца ўголас над „разумнымі і беднымі“, якіх кожны будаўнік лёгка абвядзе вакол пальца і развядзе на грошы».
Міжрадкоўе
Студэнцкае пагалоўе ў сінявокай няўхільна змяншаецца. Так, леташні план прыёму ў ВНУ краіны быў большым за сёлетні на 15 тысяч месцаў (планавалася прыняць 105 тысяч, рэальна ж паступілі ўсяго 89,7 тысячы чалавек), а ў 2010/2011 навучальным годзе студэнтамі сталі каля 103 тысяч чалавек.
«Частка маіх вучняў ужо некалькі гадоў займаецца не па беларускіх, а па расійскіх падручніках і метадычках, — дзеліцца назіраннямі рэпетытар па матэматыцы Юрый Шаліма. — Не трэба быць занадта шыракалобым, каб здагадацца, навошта ім гэта. Кошт навучання, напрыклад, у смаленскіх філіялах ВНУ цалкам параўнальны з нашымі, пры тым што ён пераглядаецца ў бок павелічэння не так імкліва, як у нас, а мноства платных пераэкзаменовак дае магчымасць атрымаць „корочки“ нават вельмі ляніваму і „дубоваму“ студэнту. Прынамсі, асабіста я не ведаю ніводнага чалавека, адлічанага са смаленскіх ВНУ за непаспяховасць».
Учора і заўтра
«Вучыцца ў беларускіх ВНУ — усё адно што гуляць у рускую рулетку, — крывіцца Міхась Бараноўскі, бацька трэцякурсніцы аднаго са сталічных універсітэтаў. — З аднаго боку, узровень тэстаў такі, як быццам цягнуць паступаць усіх жадаючых; з другога, ці не ў апошні дзень прыёму дакументаў — бамс, абвяшчаюць ТАКІ кошт навучання, нібыта адкрытым тэкстам гавораць першакурснікам і бацькам: „ідзіце адсюль, у вас грошай не хопіць вучыцца ў нашай найкруцейшай ВНУ“. Летась пасля лістападаўскага павышэння цаны нам давялося даплаціць больш за мільён, а ў лютым — яшчэ мільён. Нядрэнна так, праўда? Ні якасць навучання, ні матэрыяльная база ад гэтага не палепшыліся, дый, мяркуючы па водгуках выкладчыкаў, якімі прыкрываецца рэктарат, на іх зарплаты нашы даплаты амаль што не паўплывалі. Калі сёлета сітуацыя паўторыцца, то будзем абмяркоўваць з дачкой варыянт пераходу на завочнае».
«Складана прагназаваць, якія перспектывы чакаюць вышэйшую адукацыю, — разважае эксперт „Тут і цяпер“ экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў. — Мяркую, увогуле ад яе атрымання мала хто адмовіцца, бо ў свядомасці бацькоў — і гэта цалкам правільна — сядзіць упэўненасць, што вышэйшая адукацыя дае чалавеку большыя перспектывы. Няхай будаўнік сёння зарабляе больш за медыка, але гэта не назаўсёды, пагадзіцеся. Я перакананы, што калі ў маладога чалавека добры розум, то ён знойдзе выйсце. У нас кошт платнай адукацыі даганяе, калі ўжо не дагнаў, тыя ж Польшчу і Чэхію, у той час як беларускі дыплом у Еўропе яшчэ трэба пацвярджаць (мы ж дагэтуль не ўвайшлі ў Балонскі працэс). Так што варыянты ёсць, і моладзь, якая думае пра будучыню, іх абавязкова знойдзе. Прычым гэта зробяць самыя адораныя і разумныя, а ў нас застануцца „сярэднякі“. На жаль, у Беларусі дагэтуль не могуць зразумець, што, перш чым патрабаваць аддачу, ва ўсё гэта трэба ўкладваць грошы, — у навуку, адукацыю, ахову здароўя, спорт і г.д.».
Атрымліваецца, альтэрнатыў у сённяшніх старшакласнікаў і іх бацькоў зусім няшмат: альбо пачынаць адкладваць грошы на ВНУ ледзь ці не з 1 класа, альбо адмаўляцца ад «корочек» увогуле і аддаваць перавагу, як настойліва вымушае «партыя», перайменаваным у каледжы тэхнікумам і прафтэхвучылішчам, альбо ўсё ж атрымаць вышэйшую адукацыю, але ўжо не «між Літвой і Украінай», а ў іншых шыротах. І застацца працаваць там жа.
Цана ведаў (для першакурснікаў) у 2012/2013 навучальным годзе
БДУ дзённая 11,8-14,95 млн завочная 4,95-6,95 млн
БДЭУ дзённая 11,358-11,587 млн завочная 4,406 млн другая вышэйшая адукацыя 4,554 млн
БНТУ дзённая 12,6-12,8 млн завочная 5,325-5,477 млн
БДУІР дзённая 12,7-14,7 млн завочная 4,5 млн вячэрняя 8,7 млн
Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт дзённая 10,7 млн завочная 3,5 млн
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце РБ дзённая 13,32 млн завочная 6,5 млн другая вышэйшая 6,678 млн
Медыцынскі ўніверсітэт дзённая 12,5-15,96 млн завочная (толькі фармацэўтыка) 5,48 млн
Магілёўскі дзяржуніверсітэт
імя Куляшова дзённая 9,5-10 млн завочная 2,9 млн
Брэсцкі дзяржуніверсітэт
імя Пушкіна дзённая 11,1-12 млн завочная 3,759-4,11 млн
Віцебскі дзяржуніверсітэт
імя Машэрава дзённая 10,75-12,2 млн завочная 3,5-3,7 млн
Гомельскі дзяржуніверсітэт
імя Скарыны дзённая 9,996 млн завочная 4,913 млн
Гродзенскі дзяржуніверсітэт
імя Купалы дзённая 11-12,39 млн
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс) вочная 1,2-2,3 тысячы еўра (12,2-23,39 млн), але пры гэтым амаль 60% студэнтаў атрымліваюць зніжкі ў 400-800 еўра ці нават стыпендыю 2000 еўра ў год
Універсітэт інфармацыйных тэхналогій (Варшава) дзённая 3600 злотых (8,9 млн беларускіх рублёў)
Смаленскі гуманітарны ўніверсітэт дзённая 32,7-35,7 тыс. расійскіх рублёў
(8,368-9,656 млн беларускіх) завочная 25,5 тыс. расійскіх рублёў
(6,556 млн беларускіх)

Вікторыя ПРАКАПОВІЧ «Тут и теперь»