Домой Общество Чаму немагчыма з’яўленне ў парламенце новых «рэспубліканцаў»

Чаму немагчыма з’яўленне ў парламенце новых «рэспубліканцаў»

Мабыць, самы яркі перыяд усяго існавання Палаты прадстаўнікоў — той час, калі там існавала дэпутацкая група «Рэспубліка». Здавалася б, столькі гадоў мінула, а прозвішчы парламентарыяў-рэспубліканцаў да гэтага часу на слыху! Фралоў, Парфяновіч і Скрабец застаюцца аднымі з самых вядомых і яркіх беларускіх дэпутатаў.

Гэта асабліва бачна на фоне цяперашняй парламенцкай шэрасці.

«ТУТ i ЦЯПЕР» вырашыла высветліць, чым сёння займаюцца лідары дэпутацкай групы «Рэспубліка», ці ўспамінаюць яны сваю парламенцкую дзейнасць і што думаюць з нагоды мінулай выбарчай кампаніі.

Сергей Скрабец у спісе невыязных

Сяргей Скрабец ужо некалькі гадоў спрабуе афіцыйна працаўладкавацца. Але ў некалі паспяховага багатага бізнесмена — воўчы білет. Плюс непагашаны пазоў на паўтара мільярда беларускіх рублёў і забарона на выезд з краіны.

Сяргей Мікалаевіч з цеплынёй узгадвае сваё парламенцкае мінулае.

«Лічу, што мы недарма свой дэпутацкі хлеб елі, — кажа Скрабец. — І мне, на самай справе, ёсць, што ўспомніць. Напрыклад, як мяне пазбаўлялі зарплаты за тое, што я выступаў на сесіі АБСЕ. Як Уладзімір Канаплёў пастаянна выхоўваў мяне і Парфяновіча. Як нашага адчайнага генерала на дыван выклікалі, калі ён аб’явіў аб недаверы прэзідэнту і ўраду. Адным словам, шмат было кур’ёзных выпадкаў, звязаных з нашай працай».

Сяргей Скрабец уважліва сачыў за парламенцкай кампаніяй. І нават хацеў сам прыняць удзел у выбарчай гонцы, але ў апошні момант не змог, спаслаўшыся на перашкоды з боку спецслужбаў.

«На мой погляд, вынікі выбараў былі прадказальнымі, — кажа ён. — Але пры гэтым я ўсё роўна лічу, што людзі, якія сур’ёзна займаюцца палітыкай, павінны ўдзельнічаць у палітычных кампаніях, што праводзяцца ў краіне».

На думку Скрабца, у новы склад парламента не маглі патрапіць выпадковыя людзі.

«У нас сістэма настолькі ўжо адпрацавана, што толькі людзі, глыбока адданыя Лукашэнку і рэжыму, могуць прайсці ў парламент, — выказвае сваё меркаванне экс-дэпутат. — Любая альтэрнатыва выключана. Лукашэнка, мабыць, зрабіў выснову па выніках работы ў парламенце нашай групы „Рэспубліка“. Акрамя таго, што мы ладзілі галадоўкі супраць трэцяга прэзідэнцкага тэрміну, рыхтавалі імпічмент, уносілі свае законапраекты, мы вельмі сур’ёзна працавалі ў выбарчых акругах, з людзьмі.

Я добра памятаю сваю першую дэпутацкую справаздачу аб праведзенай рабоце, дзе напісаў, што нам неабходна не прэзідэнцкая, а парламенцкая рэспубліка. Публікацыя, якая выйшла ў газеце накладам каля 20 000 асобнікаў, нарабіла шмат шуму. Мяне выклікаў тагачасны спікер парламента Вадзім Папоў і моцна аблаяў за гэтую справаздачу…

Сёння Лукашэнку патрэбен парламент, які падтрымаў бы любую яго ініцыятыву. А па маёй інфармацыі, узгадненне спісаў новага парламента пачынаецца яшчэ за два гады да выбараў. Але пры гэтым, паўтаруся, я лічу, што такія палітыкі, як Навасяд, Лябедзька, Мілінкевіч, Някляеў абавязаны ўдзельнічаць у выбарах незалежна ад вынікаў галасавання. Я лічу, што змена рэжыму ў нашай краіне павінна адбыцца дэмакратычным шляхам, а не гвалтоўным. А адзіны шлях — выбары».

Нягледзячы на тое, што Сяргей Скрабец у апошні час не выступае з гучнымі рэвалюцыйнымі лозунгамі і не свеціцца на першых палосах незалежных газет, націск на яго сям’ю, як кажа ён сам, не слабее.

«Цяпер я па-ранейшаму беспрацоўны, — распавядае ён. — Наша партыя не мае рэгістрацыі. Яе лідар Мікола Статкевіч ужо амаль два гады як у турме. Я невыязны, мяне і маіх бацькоў па-ранейшаму тузаюць судовыя выканаўцы. Пазоў вісіць у паўтара мільярда беларускіх рублёў. Маёмасць арыштавана, у брата забарона на адчужэнне маёмасці. Адным словам, націск на мяне і на маю сям’ю не слабее…».

Валерый Фралоў ні пра што не шкадуе

Генерал Валерый Фралоў схадзіў на гэтыя выбары ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Але паход атрымаўся няўдалым: па выніках яму аддалі толькі трэцяе «прызавое» месца. Але Валерый Дзмітрыевіч не лічыць сябе здраднікам, альбо, як кажуць некаторыя, легітымізатарам рэжыму. Ваенны пенсіянер кажа, што гэтая кампанія яго многаму навучыла, а досвед, як вядома, не прап’еш.

«Не шкадую, што ўдзельнічаў у мерапрыемстве пад назвай „Выбары“, якое многія класіфікавалі як фарс, — кажа ён. — Я ўдзельнічаў, таму што гэта выбары — адзін са спосабаў блізкіх стасункаў з людзьмі. Так, я не быў на завадскіх прахадных — пікеты ў асноўным ладзіліся непадалёк магазінаў, але гэта нармальна, бо людзі з прахадной часцяком адразу ў краму накіроўваюцца. Павінен сказаць, што я такое задавальненне атрымаў ад зносін з людзьмі! І наслухаўся, скажу я вам, усякага — не толькі кампліменты гаварылі.

Пагутарыўшы з народам, магу сказаць, што людзі байкатавалі гэтыя выбары не таму, што некаторыя партыі да гэтага заклікалі. Гэта ўнутранае адчуванне людзей. Да байкоту многіх падштурхнула работа двух апошніх скліканняў парламента: ніякіх рашэнняў дэпутаты самастойна не прымаюць, людзям не дапамагаюць, які сэнс за іх галасаваць? Таму байкот падрыхтавалі самі дэпутаты, улада сваімі наплявальніцкімі адносінамі да меркавання людзей.

Але калі б да выбарчых участкаў дайшлі адсоткаў 30 ці 40, то ўсё роўна намалявалі б яўку больш за 50 адсоткаў…».

Некаторыя чыноўнікі ўжо заявілі, што ўскладаюць вялікія надзеі на гэты парламент.

«А я зусім не ўскладваю ніякіх надзей, — прама кажа генерал. — Людзі падабраны і ведаюць, чаго ад іх хочуць. Таму будуць з усім згаджацца і падтакваць. Упэўнены, што большасць дэпутатаў не будуць у Авальнай зале праяўляць высокую спрытнасць, змагацца за нешта, адстойваць нейкія прынцыпы. Народныя выбраннікі будуць займацца не заканатворчасцю, а законазацвярджэннем.

Амаль з усімі, хто калісьці ўваходзіў у дэпутацкую групу «Рэспубліка», Валерый Фралоў падтрымлівае сяброўскія адносіны.

«Маем зносіны, амаль тым жа складам і збіраемся, — кажа ён. — Шчыра рады, што лёс у свой час звёў мяне з гэтымі людзьмі…».

Уладзімір Парфяновіч не атрымаў расійскі пашпарт

Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч ужо даўно жыве на два дамы. Працуе ў Маскве, а ў Мінск наведваецца толькі раз на месяц. Сваю працу ў Расіі Уладзімір Уладзіміравіч называе цяжкай: «З людзьмі заўсёды самая цяжкая праца».

Парфяновіч па-ранейшаму выдатна арыентуецца ў беларускіх рэаліях і не верыць, што ў Палаце прадстаўнікоў новага склікання можа з’явіцца нейкая дэпутацкая група накшталт колішняй «Рэспублікі».

«Не, не зможа там з’явіцца «Рэспубліка » ці нешта падобнае на яе. Таму што там усё худасочныя, — амаль на пальцах тлумачыць Уладзімір Парфяновіч. — І без стрыжня. Так што нічога добрага чакаць не трэба. Гэта нулявы парламент, які сёння наогул нічога не вырашае.

У наш час ад парламента яшчэ хоць нешта залежала, мы маглі выказаць сваё меркаванне, а цяпер зусім іншая сітуацыя».

Вядомы ў мінулым спартсмен не хадзіў на выбарчы ўчастак. Кажа, што па прычыне павагі да сябе.

«Я апошні раз хадзіў на галасаванне, калі выбіраўся сам, — распавядае Парфяновіч. — А больш не хадзіў. Не тое, што б я за байкот: проста лічу, што ісці галасаваць у цяперашніх умовах — сябе не паважаць. Таму я не хаджу галасаваць па прычыне павагі да сябе.

Страшна, што людзі з выбарчых камісій не разумеюць, што рана ці позна трэба будзе несці адказнасць за фальсіфікацыю. Яны думаюць, што ўсё забудзецца. Не забудзецца! І трэба будзе пасядзець у турме. Таму трэба будаваць новыя турмы…».

Парфяновіч не быў прыхільнікам таго, каб яго прыяцелі ішлі на выбары.

«Я і Фралова адгаворваў, і Навасяда, — кажа ён. — Але ў кожнага свая пазіцыя. Сёння я лічу, што той жа Навасяд малайчына. І што ён павінен усе матэрыялы пра фальсіфікацыі перадаць прэсе, змясціць у інтэрнэце. Трэба расказваць пра тое, як нас усіх у чарговы раз падманулі…».

Уладзімір Парфяновіч кажа, што не мае намеру мяняць беларускі пашпарт.

«Кожны месяц бываю ў Мінску, — падкрэслівае ён. — Я пашпарт не мяняў, таму што люблю сваю краіну, а вось яе кіраўнікоў — не».

Марына МІТ