Домой Общество Біскуп Аляксандр Яшэўскі: Хрыстус  Уваскрос!

Біскуп Аляксандр Яшэўскі: Хрыстус  Уваскрос!

“Дык ачысціце старую закваску,

каб быць вам новым цестам,

бо вы прэсныя.

Пасха нашая, Хрыстус, ахвяраваны за нас! ”

1 Кар 5,7

 

Дарагія Браты і Сёстры і ўсе людзі добрай волі!

 

Сёння і ў бліжэйшыя тыдні мы святкуем Вялікдзень. Праз муку і смерць на крыжы Езус збавіў чалавецтва, выправіўшы такім чынам бясконцую несправядлівасць граху. Ва ўваскрасенні Езуса праявілася Яго перамога над грахом і яго наступствамі. Гэтая падвойная перамога Хрыста — над смерцю і грахом — вечная.

Вялікдзень умацоўвае нашую веру. Дзякуючы гэтаму святу мы маем упэўненасць, што перамога Хрыста застаецца перамогай не толькі ўчора, але таксама сёння і на ўсе вякі.

Святкаванне Пасхі памнажае і нашу надзею. У гэты цяжкі час, які выпала нам перажываць, мы ведаем, што Езус, пераможца, прысутнічае ў ім. Уваскрослы і праслаўлены, Ён надае сэнс нашаму чалавечаму існаванню. Мэта жыцця чалавека — гэта шчасце з Богам у вечнасці пасля смерці. І Езус Хрыстус адзіны, хто можа прывесці нас туды.

Урэшце, Вялікдзень павялічвае нашую міласэрнасць, а значыць Боскую любоў, якая перадаецца ў нашыя сэрцы праз ласку хросту і захоўваецца праз сапраўднае хрысціянскае жыццё. Любоў і міласэрнасць Езуса бязмежныя. Ён схіляецца да кожнага чалавека індывідуальна. Дазволім жа міласэрнасці ўваскрослага Пана дакрануцца да нас, каб з даверам ісці ўслед за Ім. Наследуючы Езуса будзем праяўляць міласэрнасць праз служэнне бліжняму, будзем уважлівымі да няшчасных —якія церпяць фізічна або перажываюць душэўныя пакуты.

Вялікдзень нясе нам таксама Божую радасць: смутак і пакуты тут, на зямлі, не параўнальныя са шчасцем, якое Бог Айцец рыхтуе для тых, хто любіць Яго, для тых, хто з добрым і шчодрым сэрцам прымае Яго Сына, Езуса Хрыста, увасобленую Міласэрнасць.

Ад усяго сэрца жадаю вам радаснай Пасхі, радаснай у надзеі і міласэрнасці ўваскрослага Езуса Хрыста!

Х р ы с т У с   У в а с к р о с !

біскуп Аляксандр Яшэўскі, S.D.B.

Біскупскі Вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці