Домой В стране «Бачылі метку маркерам і казалі: «О, ну ты папаў»

«Бачылі метку маркерам і казалі: «О, ну ты папаў»

Эрык Арлоў-Шымкус — купалавец, музыка гуртоў Harotnica mix і Luty Sakavik. Апошнія 12 сутак ён правёў не на сцэне, а за кратамі. Пры затрыманні яго збівалі дубінкамі і памячалі маркерам, у камеры адключалі ацяпленне. З Акрэсціна хлопец выйшаў у статусе падазраванага па крымінальнай справе.

Эрыка затрымалі на маршы 25 кастрычніка. А 18-й гадзіне ён быў на вуліцы Арлоўскай, калі пачаліся выбухі.

«Мы пабеглі хавацца ў пад’езд — нас там было чалавек 15, калі не больш. Адзін мужчына пускаў у кватэру схадзіць у прыбіральню, папіць вады. Мы стараліся ціха стаяць. А пасля ў пад’езд зайшлі жыхары, якія па іншы ідэалагічны бок. У нейкі момант бабуля крыкнула сілавікам: «Яны тут!», — распавядае музыка.

Частка людзей паспела схавацца ў кватэры. Эрык застаўся на лесвічнай пляцоўцы. Амапаўцы загадалі ўсім легчы на прыступкі і пачалі выводзіць мужчын.

«Мяне выводзілі апошнім. Калі спускаўся на першы паверх, бачыў, што хлопца збіваюць дубінкамі і маральна рыхтаваўся. Мяне паставілі на калені — па правым сцягне я атрымаў два ўдары. Спыталі, што тут раблю. Адказаў, што спужаўся выбуху. Пасля два ўдары па левай назе. Спыталі, дзе буду наступны раз, адказаў, што дома».

Дубінкай разбілі Эрыкаў тэлефон. На вуліцы яго паднялі за валасы і на левай шчацэ паставілі метку маркерам. У аўтазаку хлопцу прыляцела некалькі тумакоў па галаве.

Купалаўца даставілі ў Цэнтральнае РУУС.

«Калі хтосьці з супрацоўнікаў бачыў маю метку, казаў: о, ну ўсе, ты папаў. Я распавядаў адно — яны надрукавалі зусім іншае. Спрабавалі навязаць, што я біў амапаўца, падсоўвалі такі пратакол. Я, канечне, падпісваць адмовіўся, бо гэта хлусня.

У РУУС час ад часу былі розныя пагрозы, што са мной зробяць амапаўцы. Але на шчасце, больш ніхто не біў», — дзеліцца Эрык.

Па «народных» артыкулах 23.34 і 23.4 яму далі 12 сутак. Арышт хлопец адбываў на Акрэсціна.

Супрацоўнікі ізалятара вялі сябе па-рознаму.

«Бывалі такія, якія нейтральна ставіліся. Бывалі ідэйныя — ты просіш звадзіць у душ ці на шпацыр, а табе кажуць: «Ты на Плошчы сваё нагуляў». Ці: «Нагадай, за што ты тут? Вось адсядзіш 12 сутак, тады памыешся і пагуляеш». У душ я так ні разу і не патрапіў. На шпацыр мяне вывелі на сёмы дзень і за пару гадзін да вызвалення, што дзіўна: там, здаецца, была нейкая праверка.

Мяне пастаянна пераводзілі з камеры ў камеры, я ў 5-6 за гэты час пабываў. Два разы ў нас у камеры адключалі ацяпленне. Рэзка: прыходзіць нейкая змена — і батарэя робіцца халоднай, мяняецца — батарэя ўключаецца зноў».

Пра тое, што пачалі затрымліваць музыкаў, Эрык даведаўся яшчэ на Акрэсціна. Спачатку ўбачыў праз вакенца перадачу для свайго сябра. У апошнія дні ў ізалятары чуў, як хтосьці спявае моцным харавым голасам.

У адной з камер, дарэчы, штодзень спявалі дзяўчаты. Некаторыя наглядчыкі ім падыгрывалі: «Давайце «Купалінку».

Музыка ўспамінае, як прэс-служба МУС хацела запісаць з ім пакаяльнае відэа:

«Я ім, мякка кажучы, адмовіў, хоць яны дзве спробы зрабілі. Казаў, што не давяраю ім і гэта не мае ніякага працэсуальнага дачынення да маіх спраў. А яны запытвалі, ці кідаў я камяні».

2 лістапада Эрыка павезлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе ён даведаўся, што праходзіць падазраваным па крымінальнай справе. Яму інкрымінуюць падрыхтоўку або актыўны ўдзел у дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). У справе ўсплыў той самы пратакол, дзе запісана, што музыка біў амапаўца.

«Думаю, моцна паўплывала, што ў мяне была тая метка на твары. Але я нічога не рабіў, каб на мяне заводзілі крымінальную справу. У першы дзень ўзялі мае анкетныя дадзеныя, на другі была мая адвакатка, і я ад дачы паказанняў адмовіўся. Цяпер мне афіцыйна забаронены выезд за мяжу», — кажа Эрык.

Ужо ў ізалятары ён даведаўся, што разам з ім па гэтай справе праходзіць яшчэ некалькі чалавек.

На затрыманні творчай інтэлігенцыі купалавец рэагуе эмацыйна.

Разам з лідарам «Рэха» Андрусём Такіндангам, якога затрымалі 7 лістапада

«Калі знік паэт Строцаў, мяне гэта зачапіла, бо я ведаю, наколькі ён бяскрыўдны чалавек. Для сілавікоў няважна, хто ты — музыка, супрацоўнік кабельных сетак, айцішнік ці менеджар сярэдняга звяна. Для іх мы проста адзінкі.

На сваім судзе я казаў, што ў мяне ў бліжэйшыя дні два выступы, калі мяне не будзе, яны сарвуцца, а квіткі ўжо прададзены. Але гэта ніякім чынам не паўплывала».

У 2010-м Эрык таксама адбываў за кратамі 12 сутак. Кажа, быў маральна гатовы, што і цяпер гэта можа адбыцца ў любы момант. Трымацца дапамагалі добрыя людзі, якіх сустракаў у камерах, і фізічная нагрузка.

«Я кожны дзень па коле хадзіў вакол стала. Палічыў, што 100 колаў — гэта адзін кіламетр. І ў мяне была норма 8 км у дзень. Кагосьці, канечне, гэта раздражняла, але мы знаходзілі паразуменне.

Насамрэч, калі б не крымінальная справа, для мяне гэтыя 12 сутак — непрыемнасць, якую лёгка перажыць. Бо гэта не 25 сутак і не 30, як было ў некаторых».

nashaniva.by