Домой Общество Бабруйскія маршруткі: кошт пытання

Бабруйскія маршруткі: кошт пытання

Кіраўнік горада зацікавіўся коштам праезду ў «маршрутках».

У панядзелак, 11 студзеня, на планёрцы старшыня Бабруйскага гарвыканкама сп. Андрэй Каваленка закрануў пытанне аб кошце праездаў у маршрутных таксі.

Як паведаміла выданне «Вячэрні Бабруйск», сп. Каваленка на заўвагу, што перавозчыкі маюць права самі вызначаць кошты праезду, адказаў, цытата: «Калі ў дадзеным выпадку не будзе наведзены парадак, то заўжды знойдуцца іншыя ахвотнікі абслугоўваць гарадскія маршруты».

Нагадаем, што з 26 снежня кошт у грамадскім транспарце Бабруйска падаражэў да 4000 рублёў. У сувязі з гэтым некаторыя перавозчыкі ўзнялі кошт праезду да 6000. Але не ўсе. І вось чаму:

— Розніца праезду ў нас і ў грамадскім транспарце складае ўсяго толькі тысячу рублёў, — кажа адзін з кіроўцаў маршрутнага таксі, каторы папрасіў не называць яго імя. — Таму людзі яшчэ падумаюць, на чым ехаць. То бок колькасць нашых пасажыраў узрастае, калі мы не ўзвышаем кошты. А як там вырашаць гарадскія ўлады — не ведаю.

Справа ў тым, што ў выпадку непавышэння коштаў на маршрутных таксі, гэты від транспарту можа перахапіць шмат карыстальнікаў аўтобусаў і тралейбусаў. А тое, у сваю чаргу адаб’ецца на гарадскім бюджэце.

Вось такі «кошт пытання».

Яўген Васьковіч