Домой Производство Бабруйскі зефір навучыць разбірацца ў беларускім арнаменце?

Бабруйскі зефір навучыць разбірацца ў беларускім арнаменце?





Славуты ласунак ад фабрыкі «Красный пищевик» цяпер у нязвыклым выкананні — з беларускім арнаментам звонку і ўнутры каробкі.

Як патлумачыла Аксана Сысой, спецыяліст па брэндзінгу ААТ «Красный пищевик», упакоўкі з зефірам было вырашана аздобіць арнаментам, таму што апошнім часам такія народныя матывы сталі вельмі папулярнымі.

На падарункавы набор зефіра «Бела-ружовы» нанесены адзін з найбольш распаўсюджаных элементаў беларускага арнамента — «запоўнены ромб». Ён сімвалізуе ўрадлівасць, мацярынства і нараджэнне ўсяго новага.

У аснове афармлення ўпаковак для зефіра «Ванільны ў шакаладзе» і «Зефір у белай глазуры» — арнамент «дрэвы жыцця», які сімвалізуе вечнасць і неўміручасць.

Паводле маркетолагаў фабрыкі, аздабленнем прадукцыі з выкарыстаннем нацыянальнага беларускага арнаменту, ААТ «Красный пищевик» падкрэслівае шматвекавые традыцыі вырабу сваёй прадукцыі.

У кожным пакунку новага зефіра можна знайсці ўкладыш з асобнымі элементамі беларускага арнаменту. Там жа даецца іх тлумачэнне на расейскай і ангельскай мовах.

Як распавяла Аксана Сысой, у хуткім часе з’явіцца і апісанне на беларускай мове, бо такое пажаданне ўжо не раз выказвалі пакупнікі.

Марына Міхневіч