Бабруйскі гурт Straight Land марыць запісаць лепшы на беларускай зямлі альбом, падштурхнуць сваіх слухачоў папаўняць слоўнікавы запас праз свае песні, задумвацца пра здаровы лад жыцця; выпускае інтэрнэт-лэйбл і шукае сябе паміж гроўлам і чыстым вакалам. Каманда ўжо шэсць год грае альтэрнатыўную музыку, выпусціла нават альбом у Канадзе і марыць у бліжэйшыя пяць рабіць тое ж тым жа складам. З вакалістам Straight Land Андрэем Русіным гутарыла Алена Акуліч.
ЕРБ: Вашаму гурту ўжо 6 год. Што вы лічыце сваімі найбольшымі дасягненнямі?
Андрэй Русін: Дасягненнем можна лічыць ужо хаця б тое, што мы 6 год разам як каманда. Тэрытарыяльна мы месцімся ў Бабруйску, што павялічвае нашае дасягненне ў прынцыпе. За час нашага існавання мы ўмудрыліся выпусціць тры паўнавартасных альбомы, 2 сінглы, адзін з іх інтэрнэт-сінгл – яго ўжо паўгады можна спампаваць у сеціве. Апроч таго мы выпускаліся, напрыклад, у Канадзе, Тайландзе, але, зразумела, абмежаваным накладам.
ЕРБ: Але для большасці металістаў, якія пампуюць вашую музыку і ходзяць на канцэрты, гэтыя словы пададуцца незразумеламі і будуць адпужваць…
А.Р.: Мы пра гэта не думалі. Таму ў новы альбом я прапаную рабіць зноскі з тлумачэннямі і траскрыпцыямі. Зразумела, гэта жарт. Але я лічу, што нашая лірыка мусіць падштурхнуць людзей. якія не разумеюць нейкіх словаў, зазірнуць у слоўнік. Хаця слоўнікі зараз, напэўна, неактуальныя… Зазірнуць у гугл і даведацца, што ж гэта такое. Я думаю гэта можа стаць добрым штуршком да развіцця слоўнікавага запасу.
ЕРБ: Я як вы ставіцеся да прадстаўнікоў іншых субкультураў, і як яны ставяцца да вас?
А.Р.: Да астатніх прадстаўнікоў субкультур мы ставімся лаяльна. Выключаючы хіба што зусім радыкальныя і дэструктыўныя. Але ў нас у горадзе існуе меркаванне, што мы не тру. Мы спакойна гэта ўспрымаем, бо дарослыя людзі. А вось на адным з канцэртаў у Магілёве быў дзіўны інцыдэнт з дзяўчынкай, як гэта зараз прынята называць, эма. Пасля канцэрту яна падыйшла да нашага банэру і пачала пляваць. Але на трэцім пляўку яе схапілі ахоўнікі і вывялі.
ЕРБ: Ваш стыль прадугеджвае традыцыйны цяжкі спеў-рык (гроўл) і так званы чысты спеў. З цягам часу чаго стала больш, чаго менш і куды наогул вы рухаецеся ў музычным плане?
А.Р.: З цягам часу так і не быў дасягнуты парытэт паміж чыстым вакалам і гроўлам. У выключна дэз нам не вельмі цікава ўкладвацца. Хочацца і чыстым вакалам паспяваць. Мне нават на 23 лютага пажадалі, каб я заспяваў чалавечым голасам (усміхаецца). А да чаго мы імкнемся? Мы імкнемся найперш да якасці. Але можна, канешне, спрачацца, наколькі той жа гроўлінг з’яляецца якасным вакалам.
ЕРБ: А што трэба, каб быць добрым бубначом? Вы яго доўга шукалі і ў рэшце рэшт знайшлі.
А.Р.: У нашым горадзе знайсці бубнача вельмі скаладана, бо ў нас наогул дэфіцыт музыкаў. Мы доўга ішлі да таго, каб у нас, у Straight land з’явіўся жывы бубнач. Зараз мы узялі Дзіму – добрага музыку і файнага чалавека.
ЕРБ: На гэтай радаснай ноце будзем заканчваць. Вашыя планы на месяц, бягучы год, пяцігодку?
А.Р.: Нашыя планы на месяц зрабіць новую праграму з жывым бубначом, завяршыць наш інтэнэт-Сінгл. У наступным годзе з новай праграмай аб’едзіць як мага больш гарадоў і краінаў.