Краязнаўца і мінакі – пра тое, як можна выкарыстоўваць рэдзюіты і бастыёны, і хто мусіць клапаціцца пра адбудову нашай спадчыны.
Бабруйская крэпасць – ці не самы вядомы архітэктурны помнік нашага горада. Будавалася яна напярэдадні вайны з Напалеонам, у 1810 годзе.
Дзеля ўзвядзення гэтай цытадэлі, якая мусіла абараняць заходнія межы Расейскай імперыі, быў знішчаны старажытны Бабруйск разам з ягонай яшчэ сярэднявечнай забудовай.
Да сённяшняга дня застаўся адзіны сведка таго, «дакрэпаснога» горада – касцёл езуітаў, пабудаваны ў 1747 годзе. У складзе крэпасці ён выкарыстоўвайся як цэйхгаўз. За «саветамі» быў гаўптвахтай. Сёння – разбураецца, нягледзячы на шыльду на браме «ахоўваецца дзяржавай».

Бабруйская крэпасць – гэта гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь другой катэгорыі, то бок, «каштоўнасць рэспубліканскага значэння». Адначасова – гэта помнік у гаротным стане, кінуты на волю лёса.
Не дапамагаюць адбудове крэпасці, прыцягненню турыстаў і, такім чынам, інтэграцыі ў эканоміку горада ні планы па рэнавацыі, ні прыгожыя праекты архітэктараў, ні дабрачынны рахунак па зборы сродкаў на рэканструкцыю, адкрыты гарвыканкамам.
«Бабруйскі кур’ер» неаднаразова пісаў пра праблемы і перспектывы «фартэцыі над Бярэзінай».
Гэтым разам мы вырашылі паразмаўляць з мясцовым экскурсаводам, педагогам, крайзнаўцам Людмілай Дабравольскай пра месца крэпасці ў культуры, адукацыі, турызме ў Бабруйску, пра магчымыя перспектывы і цікавыя ідэі па выкарыстанню тых будынкаў, што яшчэ захаваліся. Таксама мы запыталіся сустрэтых у крэпасці мінакоў, што яны думаюць пра сённяшні стан помніка і якім хацелі б яго бачыць. Падрабязней – у нашым відэасюжэце.
Марына Міхневіч
Фота Віктара Масаловіча
і Марыны Маўчанавай