Домой Общество Бабруйск, вясна, Хадановіч…

Бабруйск, вясна, Хадановіч…






У Бабруйску прайшла творчая сустрэча з паэтам і перакладчыкам, старшынёй беларускага ПЭН-цэнтру, Андрэем Хадановічам.

Імпрэзу зладзілі Саюз беларускіх пісьменнікаў і беларускі ПЭН-цэнтр.

Падчас сустрэчы Андрэй Хадановіч прачытаў свае вершы са зборніка «Дэжавю».

Таксама паэт прэзентаваў дыск «Муры» з перакладамі на беларускую песен замежных выканаўцаў.

Некалькі твораў спадар Хадановіч праспяваў для бабруйчан. Па словах паэта, пераклады песен у апошнія гады сталі ягоным сапраўдным захапленнем. Госці вечарыны пачулі «Муры» і «Наш клас» Яцэка Качмарскага, «I’m your man» і «Алелюя» Леанарда Коэна па-беларуску.

Напрыканцы сустрэчы Андрэй Хадановіч адказаў на пытанні бабруйчан. Былую настаўніцу цікавіла, якія творы Хадановіча маглі б быць уключаныя ў школьную праграму. На што паэт адказаў, што сёння наўрад ці гэта магчыма. І заўважыў, што беларуская школьная праграма далёкая ад сапраўднага сучаснага літаратурнага свету Беларусі. У той жа час, вершы Хадановіча хацелі ўключыць у падручнікі для беларускіх школ у Польшчы на Падляссі.

Пракаментаваў Андрэй Хадановіч і сітуацыю з заявай ПЭН-цэнтру пра «дыскрымінацыю» расейскамоўных пісьменнікаў — што тычыцца іх магчымасцяў апублікавацца, удзельнічаць у літаратурным працэсе у Беларусі. Гэтая заява апошнімі днямі вылілася амаль у скандал. У рэзанансе, які набыла сітуацыя, паэт абвінаваціў журналістаў.

«Мне здаецца, што журналісты ўпакавалі матэрыял так, каб ён выбухнуў. Завострылі ўвагу на досыць выпадковым слове „дыскрымінацыя“, таму што яно рэзкае, яно не пакіне абыякавым. Мы ўжылі гэтае слова неапраўдана, а журналісты ў пагоне за рэйтынгамі яго перадзёрнулі. Я шкадую, што адразу не звярнуў увагу на тое, што было напісана на сайце ПЭН-цэнтру, бо слова дыскрымінацыя замоцнае, нам ня варта яго ўжываць».

Калі ж прыбраць «гэтае неадэкватна-вострае слова «дыскрымінацыя», то Андрэй Хадановіч гатовы адказваць за кожнае слова ў дачыненні да расейскамоўных пісьменнікаў.

28 лютага падчас чарговага агульнага сходу Беларускага ПЭН-цэнтру была заснаваная прэмія «Кніга года». У прэс-рэлізе з гэтай нагоды на сайце арганізацыі з’явілася інфармацыя, што прэтэндаваць на прэмію могуць як беларускамоўныя, так і расейскамоўныя пісьменнікі, бо «рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул ня маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за усё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтар зьвяртае увагу на пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць».

Андрэй Хадановіч — беларускі паэт і перакладчык. Нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Менску. Паводле адукацыі філолаг, спецыялізуецца на французскай літаратуры. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Выкладае на філфаку БДУ гісторыю французскай літаратуры. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, з 2008 году — старшыня беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтар кніг «Старыя вершы», «Лісты з-пад коўдры», «Землякі, альбо Беларускія лімерыкі», «Берлібры», «Несіметрычныя сны». Перакладае з французскай, украінскай, польскай.

Марына Міхневіч