Домой В регионе «Бабруйск не стаў ачагом пандэміі, мо, гэта знак для нас?»

«Бабруйск не стаў ачагом пандэміі, мо, гэта знак для нас?»

Каталікі адсвяткавалі Вялікдзень – Свята Ўваскрасення Езуса Хрыста. У бабруйскім касцёле людзей было адчувальна меньш, чым звычайна ва ўрачыстасці. Але святыня не была пустой. Адбылася і традыцыйная, так званая «рэзурэкцыйная» працэсія вакол касцёла.

Сёлета велікодныя святы прыйшліся як раз на разгар пандэміі каронавірусу. У сувязі з хуткім распаўсюджваннем інфекцыі і значнай смяротнасцю, у Італіі ўжо некалькі тыдняў храмы, як месцы, дзе збіраецца шмат людзей, цалкам зачыненыя. Набажэнствы там адбываюцца без удзелу вернікаў. У Польшчы абмежавалі колькасць прысутных парафіян на Святой Імшы да пяці чалавек.

У нашай краіне арцыбіскуп, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Рэспублікі Беларусь Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ ў сакавіку выдаў загад аб забароне ўшанавання абразоў, крыжа і рэліквій праз пацалункі, перадачы знака спакою поціскам рукі, аб неабходнасці рэгулярнай дэзынфекцыі канфесіяналаў і іншых рэчаў у касцёлах.

Напярэдадні святаў Кандрусевіч выдаў яшчэ адзін загад з дыспэнсай (дазволам) для вернікаў застацца дома на Вялікдзень, і нават самастойна асвяціць велікодныя стравы. У інтэрнэце быў змешчаны тэкст адмысловай малітвы. Тыя, хто адчуваў сябе дрэнна ці баяўся заражэння, мог заставацца дома.

 Каталікі адсвяткавалі Вялікдзень

  ВялікдзеньАле людзі прыйшлі ў касцёлы. У Бабруйску былі запоўненыя ўсе лавы. Як распавёў пробашч бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Андрэй Яркавец, у суботу, 11 красавіка, напярэдадні Велікоднай Вігіліі, некалькі разоў на дзень у касцёле асвячаліся святочныя стравы. І на кожнае асвячэнне прыходзілі людзі. Не было такога, каб касцёл стаяў зусім пустым.

Падчас святочных Імшаў некаторыя парафіяне былі ў масках, але агулам, склалася адчуванне, што на тую ж Вербніцу, тыдзень таму, у ахоўных павязках было больш людзей.

На пачатку Вігілійнай Імшы ўвечары ў суботу пробашч Андрэй Яркавец звярнуўся да вернікаў з наступнай прамовай:

«Цешуся, што сёння дзверы нашага касцёла адчыненыя, што мы можам сабрацца разам і святкаваць, асабліва беручы пад увагу тое, што адбываецца ў свеце, гэтую навалу каронавірусу…. Наша святыня столькі год была зняважаная, а сёння яна адчыненая, каб быць для нас маці і карміцелькай у гэтую няпростую хвіліну. Бабруйск не стаў ачагом пандэміі. Мо, гэта знак для нас?»

Як праходзіла Вігілія напярэдадні Вялікдня ў Бабруйску ў разгар пандэміі – глядзіце ў нашым відэасюжэце.

 

Марына Міхневіч