Домой В регионе Бабруйск напярэдадні Калядаў наведаў Андрусь Такінданг

Бабруйск напярэдадні Калядаў наведаў Андрусь Такінданг

На апошняй у бягучым годзе сустрэчы на беларускамоўных курсах «Мова Нанова» наведнікі доўга не адпускалі музыкаў.

18 снежня беларускамоўныя курсы «Мова Нанова» пайшлі на святочныя вакацыі – прыблізна на месяц. На апошнія заняткі ў бягучым годзе да бабруйскіх курсантаў завітаў вядомы беларускі музыка, паэт і мастак Андрусь Такінданг. І не адзін, а ў дуэце з акардэаністам Ігарам Асідчанка. Разам яны склалі роўна палову гурта «Рэха», лідэрам якога з’яўляецца Андрусь. Дарэчы, у лістападзе пасля дваровага канцэрту ў Менску міліцыя арыштавала «Рэха» усім складам на 15 содняў па адыёзным адміністрацыйным артыкуле 23.34.

Бабруйск наведаў Андрусь Такінданг
Вядучыя курсаў “Мова Нанова” Сяржук Лацінскі і Ірына Ласіхіна разам з музыкамі Андрусем Такіндангам і Ігарам Асідчанка

Выступ дуэта ў Крэатыўнай прасторы «13:87» быў прысвечаны надыходзячым Калядам і доўжыўся больш за гадзіну. Новыя і старыя песні Такінданга прыйшліся па гусце гледачам. Часцяком яны спявалі разам з музыкамі, а ў канцы канцэрту яшчэ доўга не адпускалі артыстаў. Многія наведнікі курсаў добра знаёмыя з ягонай творчасцю, бо да гэтага Андрусь раней ўжо некалькі разоў наведваў наш горад.

Акрамя удзельнікаў гурта «Рэха», у лістападзе модныя курсы «Мова Нанова» наведалі легендарныя беларускія музыкі Піт Паўлаў і лідэр этна-фолк гурта «Троіца» Іван Кірчук, а таксама – некалькі іншых цікавых гасцей… Курсы адновяць сваю працу не раней за 15 студзеня.

Падрабязней аб падзее глядзіце ў нашым відэасюжэце.

 

Аляксандр Багдановіч
Відэа Віктара Масаловіча