Домой Образование Бабруйчанка хоча стварыць беларускамоўны клас

Бабруйчанка хоча стварыць беларускамоўны клас

Распачаўся новы навучальны год. Як і ў мінулыя гады, для дзяцей, жадаючых навучацца на роднай мове, у Бабруйску такой магчымасці няма.

Беларуская мова дае больш магчымасцяў для развіцця

У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская. Але ў Бабруйску бацькі не маюць магчымасці выбраць, на якой мове будуць вучыцца іх дзеці — у горадзе няма ніводнага беларускамоўнага класа.

Сын бабруйчанкі Наталлі Халанскай Раман пойдзе ў школу ў наступным годзе. Наталля вельмі хацела б, каб ён вучыўся на роднай мове. Яшчэ ў жніўні яна размесціла ў групе моўных курсаў — «Мова Нанова» — у сацыяльных сетках зварот да бацькоў, якія б хацелі, каб іх дзіця навучалася па-беларуску. Наталля марыць аб’яднаць хоць некалькі такіх сем’яў, каб стварыць беларускамоўны клас.

«Па-першае, для мяне гэта нонсэнс, што людзі, якія жывуць у Беларусі і лічаць сябе беларусамі, не ведаюць роднай мовы. Гэта мусіць выпраўляць школа, — тлумачыць сваё памкненне Наталля. — Акрамя, я падыходжу да пытання мовы з вельмі практычнага пункту погляду. Я лічу, што навучанне па-беларуску з першага класа будзе спрыяць развіццю дзіцяці з лінгвістычнай кропкі погляду перш за ўсё. Беларуская мова вельмі падобная да польскай, чэскай моў. Чалавек, які ведае беларускую, будзе нашмат вальней сябе пачуваць у гэтых краінах».

Наталля выхоўвае свайго сына як білінгва — чалавека, які аднолькава добра валодае дзвума мовамі. Яна сама вучыць Рамана, які пакуль ходзіць у дзіцячы садок, беларускай мове — размаўляе з ім, чытае кніжкі па-беларуску. Расейскай мове непазбежна навучыць нашае грамадства — лічыць Наталля.

Яна разглядае такі варыянт, што ў будучым яе сын атрымае вышэйшую адукацыю за мяжой.

«А для гэтага ў яго мусіць быць моцная моўная база. І калі зараз ён будзе білінгвам, будзе ведаць добра беларускую мову, бо вучыцца на ёй у школе, і расейскую, бо чуе яе штодня ў сваім атачэнні, ён будзе больш развітым, будзе больш моўных здольнасцей мець», — мяркуе Наталля.

Беларуская мова пужае бабруйскіх бацькоў?

Але аднадумцаў Наталля пакуль што не знайшла. Людзі ў большасці негатыўна ставяцца да беларускамоўнага навучання — кажа маладая мама:

«У нас бацькі лічаць, што калі іх дзіця будзе вучыцца па-беларуску, яно стане ізгоем, яму цяжка будзе камінукаваць з іншымі, жыць у грамадстве, разумець людзей, будзе закрытая дарога для атрымання вышэйшай адукацыі, бо ў нас усё па-расейску, дзіця празавуць «дзеравеншчынай».

Усе гэтыя страхі Наталля лічыць надуманымі.

«Па-першае, ёсць праграмы навучання на беларускай мове, распрацаваныя Міністэрствам адукацыі, — распавядае мама пяцігадовага Рамана. — Па-другое, усе складанасці ў галавах людзей. Дзіця не будзе ізгоем, і разумець расейскую мову яно будзе, бо яна ж у нас паўсюль, ад яе не схаваешся. А вось тое, што культурнае развіццё ў людзей, што ведаюць беларускую мову, культуру, якой іх вучылі ў беларускамоўных школах, нашмат вышэйшае, гэтага бацькі разумець не хочуць чамусьці».

Як варыянт, Наталля разглядае хоум-скулінг (хатняе навучанне). Але зноў жа ў Бабруйску дзяўчына сустрэлася з неразуменнем такой формы адукацыі. Паводле Наталлі, бацькі баяцца, што ў такім выпадку дзіця будзе сядзець дома ў самоце, а бацькі ці настаўнік будуць яго вучыць. Насамрэч усё можа быць інакш. Наталля распавядае, што можна арганізаваць дома цэлы клас з 5-6 дзяцей. Для іх бацькі знаходзяць настаўніка, плацяць яму, а ён праводзіць заняткі з дзецьмі. На нейкія спецыяльныя заняткі — маляванне, спевы, — дзеці могуць хадзіць у школу.

«Але ў нас усе баяцца, што не будзе ў дзіцяці сацыялізацыі, — кажа Наталля. — Але як не будзе? Па-першае, гэта будзе сапраўдны клас. Па-другое, калі бацькі паклапоцяцца, каб дзіця мела магчымасць хадзіць на розныя кружкі, гуляць у двары з аднагодкамі, будзе й сацыялізацыя. А вось соцыюм школы, дарэчы, больш падобны да соцыюма турмы, чым таго, у якім потым даводзіцца жыць і працаваць. Бо што, мы калі працуем, вакол нас усе аднаго ўзроста, і перад кожным стаіць адна задача? Усе розныя. У традыцыйнай школе гэтага няма».

Ідэю стварэння беларускамоўнага класа ў Бабруйску цалкам падтрымлівае Вольга Рудая, якая шмат год прапрацавала ў адной з бабруйскіх школ настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

«Наколькі памятаю, ніколі не паўставала ў Бабруйску пытанне пра стварэнне такога класа. Проста супер, што сёлета з’явілася такая ініцыятыва», — кажа спадарыня Рудая.

У той жа час настаўніца выказвае апасенні, што «чыноўнікі будуць стаяць „намертва“, каб падобнае ў нас не з’явілася».

У падтрымку неабходнасці стварэння беларускамоўнага класа, спадарыня Вольга прывяла словы адной мамы будучага першакласніка:

«Розныя мовы развіваюць і дазваляюць успрымаць свет праз пераламленне некалькіх культур. А значыць, у беларускім класе дзіця мае шанц рэалізаваць сябе паўней — бо ў ягоным актыве з шасці гадоў будуць адразу і беларуская, і руская мовы».

«Бабруйскі кур’ер» у сваю чаргу запытаўся ў бабруйчан, як яны ставяцца да навучання па-беларуску. Адказы і меркаванні — у нашым відэасюжэце.

На фота: сям’я гродзенскага прафесара Алеся Астроўскага яшчэ некалькі гадоў таму выступала за навучанне на беларускай мове…

Марына Міхневіч