Домой Общество Бабруйчан вучылі рамяству, унесенаму ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА

Бабруйчан вучылі рамяству, унесенаму ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА







Грамадская ініцыятыва «Жыццё ў дзеянні» правяла майстар-клас па валянню з лямцу.

Занятак праводзіла прафесійная рамесніца Юлія Літвінава. Перад тым, як распачаць валянне, майстрыха распавяла гасцям пра гісторыю валяння з лямцу, пра тое, які шлях праходзіць гэты матэрыял ад стрыжкі авечкі да майстэрні рамесніка.

Удзельнікі майстар-класа даведаліся пра традыцыі вырабу рэчаў з воўны ў розных краінах, пра тое, чым адрозніваецца воўна ў залежнасці ад розных парод авечак, і дзе ў Беларусі дагэтуль жыве мастацтва валяння.

Пасля кароткай тэарэтычнай часткі ўдзельнікі занятку прыступілі да валяння сваіх першых вырабаў з лямцу. Спадарыня Юлія прапанавала навучыцца рабіць упрыгожванні з ваўняных шарыкаў для пацеркаў ці бранзалетаў метадам так званага «сухога валяння».

Але фантазія шмат каго з гасцей пайшла далей, і ў выніку майстар-класа можна было пабачыць арыгінальныя сэрцайкі, кубікі з воўны, кветкі і розныя незвычайныя фігуры.

Юлія Літвінава заўважыла, што рукадзелле — гэта не толькі цікава, але і можа прынесці адчувальную карысць. Майстрыца распавяла, як сёння можна зарабляць на сваёй ручной працы, што патрэбна, каб зарэгістравацца ў якасці рамесніка. Рамесніцтва апошнім часам набыло асаблівую актуальнасць у Беларусі, бо можа дапамагчы пазбегнуць «падатку на дармаедаў», падкрэсліла спадарыня Юлія.

Валянне з лямцу — старажытнае рамяство, унесенае ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА. У Беларусі ўнікальны ўзор валяння з воўны захаваўся на Дрыбіншчыне — там дагэтуль майстры-шапавалы ўручную вырабляюць самабытныя валёнкі. У гэтым годзе Міністэрства культуры Беларусі збіраецца прадставіць дрыбінскае шапавальства на ўключэнне ў Спіс ЮНЭСКА.

Бабруйскі майстар-клас па валянню з лямцу адбыўся ў рамках праекту «Жыццё ў дзеянні».

Вялікая прэзентацыя ініцыятывы адбудзецца ў нядзелю 14 чэрвеня, ў 12.00, па адрасе: вул. Кастрычніцкая, 173-а.

У праграме: майстар-класы па вышыванцы, выцінанцы з паперы, пляценню з саломкі, валянню з лямцу і тэматычная прэзентацыя «Ландшафтны дызайн».

Марына Міхневіч