Домой В стране Апытанне тыдня: За што на Празе пабілі беларусаў?

Апытанне тыдня: За што на Празе пабілі беларусаў?

На днях у Варшаве павінен быў адбыцца футбольны турнір на кубак Беларускага дома з удзелам каманд тэлеканала «Белсат», «Еўрарадыё», «Еўрапейскай Беларусі» і Беларускага інфармацыйнага дома. Але закончыўся матч грубым збіццём беларусаў польскімі хуліганамі. Чаму так адбылося, разбіралася «Тут і цяпер».

На стадыёне гімназіі № 23 на варшаўскай вуліцы Тарнавецкай у адпаведнасці з афіцыйным дазволам кіраўніцтва навучальнай установы павінен быў пачацца матч. Аднак у гэты час стадыён быў заняты — дзве каманды мясцовых жыхароў гулялі ў футбол.

Нягледзячы на настойлівыя просьбы кіраўніцтва гімназіі, каманды адмаўляліся пакінуць поле. Пры гэтым палякі сталі пагражаць беларускім гульцам і балельшчыкам.

Гульцы «Белсата», «Еўрарадыё», «Еўрапейскай Беларусі» і Беларускага інфармацыйнага дома чакалі каля паўгадзіны, потым балельшчыкі сталі развешваць на агароджы стадыёна бел-чырвона-белыя сцягі,

спадзеючыся, што вось-вось пачнецца матч на кубак Беларускага дома.

Аднак, убачыўшы беларускія сцягі, палякі сталі іх зрываць з агароджы.

Пры гэтым у адрас тых, хто сабраўся сярод беларусаў (многія з іх прыйшлі з дзецьмі, было шмат дзяўчат і жанчын), сыпаліся брудныя абразы і пагрозы накшталт: «Зараз пад’едуць нашы сябры з бітамі і мы вас заб’ем».

Потым хуліганы перайшлі да дзеянняў — павалілі на зямлю і пачалі збіваць нагамі арганізатара турніру, судырэктара Беларускага дома Змітра Бародку,

які прыйшоў на матч з двума маленькімі сынамі. Фотажурналіст charter97.org Іван Мяжуй спрабаваў здымаць напад на фотаапарат. У выніку яго таксама збілі, паваліўшы на зямлю, а затым забралі фотакамеру.

На месца здарэння прыехала паліцыя, але хуліганы ўжо паспелі знікнуць. Змітра Бародку і Івана Межуя павезлі на хуткай дапамозе ў бальніцу.

У дырэктара Беларускага дома зламаны нос, у журналіста разбіта галава — яму наклалі швы, а таксама зламаны палец.

Сяргей Комлач, журналіст:
«Гэта тыповая гопніцкая разборка»

— Гэта была тыповая разборка з боку польскіх гопнікаў. Ім усё роўна, ці ты беларус, ці ты з іншага раёна Варшавы. Яны проста абаранялі сваю тэрыторыю. Як любыя дваровыя гопнікі любой краіны. Я не ведаю, наколькі гэта тыповыя паводзіны жыхароў варшаўскіх ускраін. Я першы раз быў на Празе. Ёсць устаноўка, што гэта самы небяспечны раён Варшавы. Там жыве шмат люмпенаў і гопнікаў. І абраць гэты раён для правядзення футбольнага турніру было дрэннай ідэяй. Такі быў выбар арганізатараў з Беларускага дома.

Адам Глобус, літаратар:
«Не трэба падаваць гэты інцыдэнт як дваровую разборку»

— У мяне гэтая гісторыя не выклікала ніякага здзіўлення. Даўно чакалася нешта падобнае. Так палякі нас «любяць». Гэта натуральна і прыкра — што людзей пабілі ні за што. Я сам сутыкнуўся з белым крыміналам у Осла. Гэты горад мяне здзівіў больш, чым зараз Варшава. Мяне папярэджавалі, што ў Осла тут нельга хадзіць, там нельга хадзіць. А я забыўся пра гэта. Белы горад. Ніякіх «бронксаў». Ніякага цемнаскурага крыміналу. І я зразумеў, што колер скуры правапарушэнням не замінае. А з палякаў фанабэрыстасць заўсёды вылазіла. І ведаем мы англійскіх небяспечных фанатаў. У адной з самых цывілізаваных краін. Зараз галоўнае, калі прыедуць палякі, не даказваць, што мы яшчэ больш «крутыя». І не трэба падаваць, што гэта разборка чыста дваровая, што ў ёй няма нацыянальнага моманту. Гэта глупства. Яны ж бачылі, што прыйшлі беларусы. І білі нас. І наша МЗС павінна выказаць сваё меркаванне на гэты конт. Гэта ж нашых грамадзян пабілі. Апазіцыйныя яны ці афіцыйныя. Што гэта мяняе?

Міхась Янчук, журналіст:
«Трэба ведаць геаграфію»

— Я пятнаццаць гадоў пражыў у Варшаве. З іх гады тры з паловай на Празе. І хачу сказаць, што там ёсць месцы, куды пасля заходу сонца ўвогуле лепш не заходзіць. Думаю, што такія месцы ёсць у кожным горадзе, хапае іх і ў Мінску. У Варшаве найстрашнейшая вуліца — гэта вуліца Брэсцкая. Яны якраз і былі недалёка ад гэтай вуліцы. Але сутыкнуліся, на маю думку, з футбольнымі фанатамі варшаўскага клуба «Легія», якія славяцца сваёй «інтэлігентнасцю». Фактычна гэта банды. І нашы сустрэліся з такой вось бандай, якая гуляла ў футбол. Так што тут ніякіх ні палітычных, ні нацыянальных як першасных фактараў няма. Проста гэта не тыя людзі ў не ў тым месцы. Я б так сказаў. Калі выбіраць нейкую пляцоўку, то лепш на другім беразе Віслы. На Празе ёсць выдатныя раёны, дзе спакойна. А «Грохув», і «Прага Пулноц» — гэта такія месцы, дзе можна без гаманца застацца альбо без пальца на руцэ. Гэтаму інцыдэнту паспрыяла няведанне геаграфіі і культурнага кода.

Зміцер Новікаў, дырэктар «Эўрарадыё»:
«Адмарозкаў хапае ўсюды»

— Варшава не страшнейшая за Мінск. У палякаў менш праблем, у іх ёсць касцёл. Яны больш талерантныя і менш агрэсіўныя. Далей. У Польшчы дастатковая колькасць бандытаў і адмарозкаў. Як і ў любой краіне. Я лічу, што, калі паехаць у Нямеччыну, там іх будзе больш. Бо чым большая краіна, тым больш жорсткія ўмовы. Напрыклад, Украіна. Пра Расію ўвогуле маўчу. Там «малатнуць» так, што касцей не збярэш. З іншага боку, ёсць мясцовыя, якія ўсё жыццё ў тым раёне жывуць, на гэтым стадыёне тусуюцца. І сярод іх ёсць група адмарозкаў, якія прыкрываюцца фанацтвам «Легіі». Дарослыя хуліганы. Гэта іх раён, гэта іх месца. Нашы там вырашылі пагуляць, а яны пачалі на іх «наязджаць», пачалі правакаваць. Чаплялі жонку Бародкі, дзяцей яго і гэтак далей. Ён і штурхнуў аднаго з палякаў. Той яго справакаваў, а Зміцер адрэагаваў. Адразу атрымаў у нос, які чамусьці зламаўся. І пачалася бойка некалькіх людзей.

Апытанне рабіў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ