Домой Культура Аляксей Шэін: «Трэба рэалізоўваць сэнс свайго жыцьця»

Аляксей Шэін: «Трэба рэалізоўваць сэнс свайго жыцьця»



16 ліпеня ў Бабруйску прайшла прэзентацыя рамана Аляксея Шэіна «Сем камянёў» — першага ў Беларусі «высокага фэнтэзі».

Кніга, якую Аляксей Шэін прадставіў бабруйскай аўдыторыі, зьяўляецца літаратурным дэбютам аўтара, а таксама здзейсьненай марай ягонага дзяцінства. Пачынаючы пісьменьнік распавёў пра свой твор, крыніцы натхненьня і адказаў на шматлікія пытаньні ўдзельнікаў сустрэчы.

Раман «Сем камянёў» быў напісаны за тры з паловай гады, але насамрэч праца над ім вялася значна даўжэй. За гэты час спадар Шэін ажаніўся, стаў татам трох хлопчыкаў. Менавіта бацькоўства зьявілася для яго сапраўдным натхненьнем й стымулам.

Аўтар прызнаецца, што ніколі не захапляўся фэнтэзі, але ён мяркуе, што беларуская літаратура не багатая на прыгодніцкія раманы для дзяцей і падлеткаў і таму яму захацелася зрабіць кнігу ў дадзеным жанры.

«Высокае фэнтэзі» — гэта, інакш кажучы, — чарадзейная прагодніцкая казка. Сапраўды, як адзначае Аляксей Шэін, ягоны твор увабраў у сабе сюжеты шматлікіх беларускіх казак зь іх адвечнымі тэмамі каханьня, веры й свабоды.

Падзеі рамана «Сем камянёў» адбываюцца ў дзівоснай краіне Эферыі, куды трапляе галоўны герой, каб адшукаць крыніцу жывой вады для сваёй хворай сяброўкі.

Дарослыя чытачы змогуць правесьці паралелі зь беларускай рэчаіснасьцю. Прынамсі, зьвярнуць увагу на экалагічныя праблемы, ад якіх пакутуюць жыхары казачнай краіны. А таксама на пануючыя ў ёй страх, падман, хлусню — вынік дваццаці чатырох гадоў кіраўніцтва дыктатара-самазванца…

На самой справе аўтар не імкнуўся перанесьці беларускія рэаліі на старонкі сваёй кнігі, бо, такім чынам, праз некалькі год яе было б ужо нецікава чытаць… Спадар Шэін падкрэсьлівае, што галоўнай мэтай ён ставіў раскрыцьцё праблем, якія тычацца нашага агульнага жыцця.

Пісьменьнік дае карысную параду тым, хто хоча напісаць кнігу: «Калі ў вас ёсьць дзіцячыя мары — знайдзіце ў сабе магчымасьць рэалізаваць іх нягледзячы на ўсе. Калі мы ідзем міма сваёй мары — жыццё ідзе міма нас».

Некаторыя з аматараў творчасьці Шэіна, захопленыя ягоным дэбютам, могуць быць расчараванымі, бо аўтар запэўняе, што «Сем камянёў» — скончаны раман, «сіквела» ня будзе. Але ён ужо працуе над новым творам — «інтэлектуальным дэтэктывам-загадкай».

«Гэта нешта сярэдняе паміж Караткевічам й Дэнам Браўнам. Сюжэт будзе зьвязаны з асобай Францішака Скарыны, а падзеі адбываюцца ў наш час» — кажа Аляксей.

Пад заслону імпрэзы перад яе ўдзельнікамі выступіў Віктар Козел — экс-вакаліст гурта «Тэзаўрус», які называлі «бацькамі айчыннага року». Ён выканаў некалькі кранальных песьняў й балад, з захапленьнем сустрэтых бабруйчанамі.

Александрына Глаголева