Домой Общество Алесь Бяляцкі: «У Бабруйск прыязжаю як да сяброў»

Алесь Бяляцкі: «У Бабруйск прыязжаю як да сяброў»

У Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій 30 кастрычніка ў Бабруйску адбылася сустрэча са старшынёй праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім.

Таксама бабруйчане прагледзелі фільм пра бабруйскага дысідэнта Міхася Кукабаку.

Фільм «Дысідэнт» прэзентавалі ягоныя стваральнікі — рэжысёр Віктар Трацякоў і сцэнарыст Паліна Сцепаненка.

«Фільм пра Кукабаку — гэта не проста дакументальная стужка. Гэта вяртанне Міхася, на радзіму», — зазначыла Паліна Сцепаненка.

Пасля прагляду «Дысідэнта», стваральнікі фільму і Алесь Бяляцкі адказалі на пытанні бабруйчан.

Спадар Бяляцкі распавёў пра сваё жыццё ў Бабруйску падчас зняволення ў бабруйскай калоніі. Праваабаронца зазначыў, што Бабруйск стаў яму вельмі блізкім і ён цяпер прызджае сюды як да сяброў.

Бабруйчане даведаліся, што ў калоніі Алесь Бяляцкі пачаў пісаць кнігу пра вядомага бабруйскага пісьменніка і ахвяру савецкіх рэпрэсій Барыса Мікуліча. Але паспеў напісаць толькі 50 старонак, як яго выпусцілі. Таму скончыць гэтую кнігу, а таксама — асобную кнігу пра жыццё ў калоніі, — у планах спадара Бяляцкага.

Напрыканцы сустрэчы Алесь Бяляцкі падараваў прысутным сваю кнігу «Іртутнае срэбра жыцця», складзеную з лістоў, што пісаліся ў калоніі.

Міхась Кукабака нарадзіўся 3 снежня 1936 года ў Бабруйску. Вядомы як беларускі і савецкі праваабаронца, аўтар шматлікіх публіцыстычных матэрыялаў. Шматразовы палітычны вязень — прайшоў праз прымусовае псіхіятрычнае лячэнне і шэраг турмаў і калоній. Цяпер жыве ў Маскве.

Алесь Бяляцкі — старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека FIDH. У 2011 годзе быў арыштаваны па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і быў асуджаны на 4,5 гады зняволення ў Бабруйскай выпраўленчай калоніі № 2.
Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд — палітычна матываваным. 21 чэрвеня бягучага году Бяляцкага вызвалілі па амністыі.

30 кастрычніка як Дзень памяці палітычных рэпрэсій дагэтуль адзначаецца ў Беларусі невялікай часткай грамадства з дэмакратычнымі поглядамі. Афіцыйныя ўлады гэты дзень не прызнаюць.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў падвалах турмы НКУС у Менску былі растраляныя 100 беларускіх пісьменнікаў і культурных дзеячоў. У 1974 годзе ў Маскве савецкія дысіденты падчас прэс-канферэнцыі для замежных журналістаў на кватэры А. Сахарава ўпершыню прапанавалі названць гэты дзень днём памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсій. Але ўжо ў 90-х праваабаронцы заўважылі, што казаць пра «дзень памяці» яшчэ занадта рана, бо праблема рэпрэсій і палітвязняў і дагэтуль застаецца актуальнай на ўсёй постсавецкай прасторы.

Глядзіце ў нашым відэаматэрыяле інтэрв’ю з Алесем Бяляцкім.

Марына Міхневіч