Актывісты ГА «Добродетель» жадаюць пабудаваць у нашым горадзе сталы прытулак для жывёл
Жывёлы — сябры нашы меншыя. Мы ставімся да іх з пяшчотай, лашчым іх, клапоцімся… Але ёсць і іншы бок медаля — шматлікія здзекі з жывёл, пабудаваныя для іх скуралупні. У часовых прытулках іх часцей за ўсё забіваюць, называючы гэта маляўнічым словам — эўтаназія.
Аднак у Бабруйску знайшліся людзі, якія сталі сябрамі жывёл. Яны стварылі грамадскую арганізацыю «Добродетель», якая мае статут і афіцыйную рэгістрацыю. Яе дзейнасць не абмяжоўваецца рамкамі нашага горада. Так, чацвёртага кастрычніка сябры арганізацыі наведалі Мінск, дзе з аднадумцамі адсвяткавалі Сусветны дзень абароны жывёл, які праводзіцца ў гонар святога Францыска Асізкага, які па легендзе разумеў мову жывёл.
У будучыні «Добродетель» плануе праводзіць у Бабруйску выставы сабак і катоў. Актывісты суполкі жадаюць пабудаваць у нашым горадзе сталы прытулак для жывёл, дзе кожны жадаючы мог бы набыць сабе «новага сябра сям’і». Аднак не ўсё так проста. На лісты з просьбай выдзеліць для прытулка памяшканне, з Бабруйскага райвыканкама прыходзілі адказы, у якіх сяброў жывёл прасілі прыняць удзел у аўкцыёне.
— Пасля некалькіх спроб мы пайшлі на прыём да старшыні Бабруйскага райвыканкама спадара Шалкоўскага, — кажа старшыня бабруйскага грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Добродетель» Вольга Азаронак. — І ён абяцаў паспрыяць вырашэнню нашага пытання.
28 кастрычніка ў Мінску прайшоў круглы стол пад назвай «Метады сумеснай дзейнасці абаронцаў, валанцёраў і грамадскасці» на якім прысутнічалі і бабруйскія актывісты. Удзельнікі абмяркоўвалі законапраект «Аб абароне жывёл ад жорсткага абыходжання».
— Вярхоўная Рада Украіны, напрыклад, ужо прыняла такі закон — першая сярод краін СНД і апошняя ў Еўропе, — гаворыць спадарыня Азаронак. — Таму мы ўзялі яго за аснову, а нашы юрысты будуць адаптаваць яго для Беларусі. Засталося толькі сабраць за месяц пяцьдзесят тысяч подпісаў.
На круглым стале было вырашана стварыць «Ахоўны саюз» у які ўвойдуць таксама і бабруйскія сябры жывёл.
Сябры жывёл пачалі выпускаць сваю газету «Друзья животных». Яна распаўсюджваецца бясплатна і таму кожны, хто жадае, можа набыць яе альбо ў рэдакцыі газеты «Бобруйский курьер», альбо замовіць яе па тэлефоне 8 (029) 548-50-47 (МТС); 8 (044) 70-78-77-6.
Яўген ВАСЬКОВІЧ