Домой Спорт Адкрыты чэмпіянат Еўропы прайшоў «на ўра»!

Адкрыты чэмпіянат Еўропы прайшоў «на ўра»!





Фота Марыі Ральскітэ

Сярод пераможцаў і прызёраў — шмат бабруйчан
24 траўня у бабруйскім Палацы мастацтваў прайшоў адкрыты чэмпіянат Еўропы па фітнэсе і культурызме (версія WFF WBBF). Адрозненне гэтай федэрацыі ад іншых — у тым, што ў спаборніцтвах могуць выступаць дзеці, юнакі, ветэраны і, нават, інваліды. У кантынентальным форуме прынялі ўдзел больш за 170 спартоўцаў з 19-ці краін свету. Акрамя еўрапейскіх дзяржаў у Беларусь прыехалі прадстаўнікі Азіі і Паўднёвай Амерыкі. Каля ста ўдзельнікаў прадстаўлялі нашу краіну.
Сярод пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў у розных катэгорыях ёсць шмат бабруйчан. Так, чэмпіёнкай ў катэгорыі «Атлетычны бодзібілдынг», а таксама абсалютнай пераможцай сярод жанчын стала Валянціна Казлоўская. Яна разам са сваім суайчыннікам Аляксандрам Собалевым з Гародні перамагла ў «Атлетычным бодзібілдынге» і сярод пар. У катэгорыі «Перформанс» першынствавала Юлія Карчэўская. Сярод юніёрак до 21-го года не было роўных Рэнаце Каладзінскай, паміж юніёраў у гэтай жа ўзроставай групе Алег Ксяндзоў заняў другое месца. Сярод ветэранаў, каму ўжо мінула 50 год, трэцім стаў яшчэ адзін наш зямляк — Аляксей Лагойка. Таксама бронзавы медаль сярод інвалідаў заваяваў Яўген Сысой. А абсалютным чэмпіёнам сярод мужчын-культурыстаў стаў Хамед Моравей з Ірану.
Таксама аспрэчваліся ўзнагароды ў фітнэсе і мадэльным фітнэсе. Абсалютную перамогу ў фітнэсе ва ўзросце да 21-го года і ў абсалютнай катэгорыі атрымала бабруйчанка Вераніка Брылеўская. Сярод дзяўчат да 16-ці год ў мадэльным фітнэсе першае месца заняла Алеся Франк, а другой была Юлія Грышанава. А вось ў фітнэсе ў сваіх узроставых групах абедзве дзяўчыны выйшлі пераможцамі. Бронзавыя ўзнагароды ў мадэльным фітнэсе дасталіся Анастасіі Радзішэўскай і Вольге Самак. У катэгорыі «Мадэльны фітнэс», але сярод мужчын, таксама, выступілі і бабруйчане: Ілья Якаўлеў атрымаў «срэбра», Максім Куніцкі — «бронзу».
Спаборніцтвы па культурызме такога масштабу ў нашым горадзе прайшлі ўпершыню. Замежныя госці і беларускія ўдзельнікі адзнычылі высокі арганізацыйны ўзровень чэмпіянату. Адкрыты кантынентальны форум ладзілі ў асноўным бабруйчане на чале з прэзідэнтам еўрапейскага аддзялення Сусветнай федэрацыі фітнэса і культурызма Уладзімерам Курыльчыкам.

Антон ПУЦІЛА.