Домой Общество Ад Дуніна-Марцінкевіча да сучаснікаў, ці Як мы здзейснілі праменад па літаратурнаму Бабруйску

Ад Дуніна-Марцінкевіча да сучаснікаў, ці Як мы здзейснілі праменад па літаратурнаму Бабруйску







Да Дня беларускага пісьменства цэнтральная бібліятэка ім. М. Горкага прапанавала бабруйчанам літаратурную экскурсію з наведваннем мясцінаў, звязаных з пісьменнікамі, што нарадзіліся ці працавалі ў Бабруйску.

З 4 па 6 верасня экскурсія — бясплатная, і да яе можа далучыцца любы жадаючы. Вырашыў здзейсніць літаратурны праменад па родным горадзе і «Бабруйскі кур’ер».

Дзень беларускага пісьменства — экскурсія на расейскай мове

Распачалася экскурсія каля помніка Вінцэнту Дуніну-Марцынкевічу ў гарадскім парку культуры і адпачынку. Тут да групы экскурсантаў чалавек у 25 выйшаў актор (а таксама — рэжысёр) бабруйскага тэатра Сяргей Карбоўскі ў вобразе Дуніна-Марцінкевіча і прачытаў урывак з твора драматурга.

А потым зацікаўленыя бабруйскай літаратурнай гісторыяй пачулі ад галоўнага бібліёграфа бібліятэкі ім. Горкага Таццяны Голубевай аповед пра жыццё і творчасць айца беларускай драматургіі.

Сярод тых, хто прыйшоў на пачатак першай экскурсіі, было шмат афіцыйных асобаў горада, журналісты з кожнага гарадскога СМІ, і амаль ніводнага звычайнага бабруйчаніна — аматара літаратуры. Так, можна было пабачыць намесніка ўпраўлення па ідэалагічнай працы, культуры і па справаха моладзі Бабруйскага гарвыканкама Ірыну Роскач, дырэктара і навуковых супрацоўнікаў Бабруйскага краязнаўчага музея, дырэктара і супрацоўнікаў гатэля «Турыст».

Але галоўны бібліёграф бібліятэкі Горкага зазначыла, што экскурсія выклікала вялікую цікавасць у жыхароў Бабруйска. Бібліятэчны тэлефон не змаўкае ад званкоў жадаючых трапіць на эскурсію.

Пасля парку наступнай кропкай стала вуліца Энгельса — былая Інвалідная, на якой некалі жылі адразу тры знакавыя для Бабруйска асобы — Леанід Коваль, Эфраім Севэла і рэжысёр Саламон Казіміроўскі.

Таццяна Голубева спыніла групу каля месца за агароджкай парку, дзе некалі стаяў дом Леаніда Коваля. Экскурсія прыцягвала ўвагу мінакоў, якія спыняліся і нават прасілі экскурсавода распавядаць гучней.

Пакуль група ішла ад помніка Дуніну-Марцінкевічу да месца былога дома Коваля, мы трохі паразмаўлялі з Таццянай Голубевай, якой і належыць ідэя экскурсіі. Але тэкст і маршрут, паводле спадарыні Таццяны, распрацоўвалі ўсім калектывам бібілятэкі.

Шмат увагі ў экскурсіі прысвечана габрэйскім пісьменнікам.

«Але ж гэта Бабруйск, і тут нарадзіліся і жылі на нашых вуліцах шмат якія выдатныя габрейскія пісьменнікі, і яны — частка нашай спадчыны», — кажа спадарыня Таццяна.

Літаратурная экскурсія прымяркаваная да Дня беларускага пісьменства.

«А чаму яна не на беларускай мове?», — пытаемся.

«Справа ў тым, што я не валодаю беларускай мовай, — адказала наша суразмоўца. — Я сама з Расеі, і не ведаю беларускай мовы. То бок, некалі я нават на гэтай мове размаўляла, калі жыла ў Маладзечанскім раёне. Але потым, калі я вучылася ў інстытуце, нада мной усе смяяліся. І цяпер я не магу па-беларуску размаўляць».

Тым не меньш, як зазначыла спадарыня Таццяна, для жадаючых будзе магчымасць праслухаць экскурсію на роднай мове. Як раз за намі мусіла ісці наступная група, для якой старшыня аддзела абслугоўвання бібліятэкі ім. Горкага Валянціна Нікіціна распавядала пра бабруйскіх пісьменнікаў па-беларуску.

«Але ж разумееце, з нашых пісьменнікаў бабруйскіх вось толькі Дунін-Марцінкевіч і Мікуліч пісалі на беларускай мове, астатнія — і Коваль, і Севэла, і Шульман і іншыя пісалі па-расейску», — дадае спадарыня Таццяна нібы ў апраўданне расейскамоўнай экскурсіі.

Выканкам і журналісты на аўтобусе, астатнія — пешшу

Да далейшага прыпынку групу падвёз аўтобус.

«А як наступныя групы — сёння і заўтра? Іх таксама будзе вазіць аўтобус?» — пытаемся, бо трохі здзіўляе такая шчодрасць гарадскіх уладаў — на бясплатную экскурсію забяспечыць усіх аўтобусамі.

«Не, яны будуць хадзіць пешшу, — адказвае наш экскурсавод. — Ну вось, наступныя слухачы — моладзь. Ім жа прасцей будзе прайсці, чым гэтай групе».

Далей нас чакае вуліца Бахарава — былая Шасейная, мясціны, дзе жыў мастак і пісьменнік Абрам Рабкін, дзе стаяла аптэка Разоўскага, пра якую Рабкін пісаў, вуліца Сацыялістычная, якую ў сваім «Праменадзе па Сацыялцы» апісваў Саламон Шульман.

Пасля габрэйскай часткі гораду мы прыехалі туды, дзе працавалі ўжо беларусы — да тэатру і будынку былой тыпаграфіі ім. Непагодзіна. Тут экскурсантаў сустрэлі акторы тэатра, і зноў прадставілі ўрывак з п’есы Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія».

Таццяна Голубева ў сваю чаргу распавяла пра Міхася Лынькова, які некалі ў будынку цяперашняй рэдакцыі газеты «Бабруйскае жыццё» заснаваў філіял літаратурнага аб’яднання «Маладняк», якое збірала бабруйскіх паэтаў і пісьменнікаў.

Звязала мінулае і сучасныя дні бабруйская паэтэса Іна Шчаглова, якая прачытала ўдзельнікам экскурсіі свой верш, напісаны па-беларуску і прысвечаны Беларусі.

Скончылася экскурсія каля бібліятэкі імя Пушкіна. Тут спадарыня Таццяна распавяла пра Барыса Мікуліча, які некалі працаваў у гэтай бібілятэцы.

Напрыканцы экскурсіі Таццяна Голубева пералічыла тых пісьменнікаў, якіх не закранае экскурсія — прагучалі імёны Мікалая Аўрамчыка, Сяргея Грахоўскага, Платона Галавача, нашых сучаснікаў.

Некаторых жа, цесна звязаных з Бабруйскам і маючых сусветнае прызнанне, як, напрыклад, Алеся Адамовіча, які таксама быў звязаны з Бабруйшчынай, наогул не ўзгадалі.

Марына Міхневіч