ААТ «Славянка» адзначыла на мінулым тыдні сваё 80-годдзе. За гэтыя гады прадпрыемства было прызёрам разнастайных конкурсаў і атрымлівала шматлікія ўзнагароды.
У цяперашні час «Славянка» — адно з буйнейшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці ў краіне. А пачыналася ўсё ў далёкім 1930 годзе, калі аб’ядналіся пяць габрэйскіх арцеляў у фабрыку імя Дзяржынскага. Адразу быў наладжаны выпуск штаноў і чыгуначнай формы. Тады прадпрыемства заняло 10% рынку краіны.
Падчас вайны праца фабрыкі прыпынілася. Але пасля вызвалення горада яна аднавілася. Распачаўся выпуск вайсковага абмундзіравання. У гэтай галіне завод стаў адным з лепшых у Савецкім Саюзе, ён быў найбуйнейшым пастаўшчыком такой вопраткі. У 1950 годзе ў асартыменце з’явілася цывільнае адзенне.
У 1968 годзе фабрыцы прысуджана ўзнагарода — Чырвоны Сцяг — за перамогу ў спаборніцтве сярод прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. А ў 82-м была атрымана «бронза» на выставе ВДНХ.
Прадпрыемства стала першым у Саюзе, хто стаў выпускаць вайсковую форму для вайны ў Афганістане, гэтак званую «афганку».
Пасля ўсталявання беларускай дзяржаўнасці фабрыка стала звацца «Славянкай» і пачала шукаць выхады на замежныя рынкі. Па выніках 2003 года «Славянка» заваявала званне лепшага прадпрыемства горада і атрымала дыплом за лепшую якасць на ХХІІ Міжнародным кірмашы лёгкай прамысловасці ў Маскве.
Зараз ААТ «Славянка» су-працоўнічае з Фінляндыяй, Францыяй і, галоўным чынам — з Расіяй. А ў мінулым годзе яна стала лідэрам па вырабу школьнай прадукцыі, абарачэнне прадукцыі склала 43,1 мільярда рублёў.
— Крызіс, канешне, паўплываў на пакупніцкі попыт, — адзначае дырэктар ААТ «Славянка» спадар Цеймураз Бачарышвілі. — Узрасла канкурэнтнасць, выраслі кошты на энергетычную сыравіну… Але мы прыкладаем усе намаганні, каб крызіс не надта ўплываў на нашу працу.
Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара