Домой Общество 5 лістапада ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Станем за журналістыку!»

5 лістапада ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Станем за журналістыку!»

Яна ладзіцца ўжо пяты год запар з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ).
Міжнародныя арганізацыі заклікаюць сваіх партнёраў і калег у гэтыя дні надаць асаблівую ўвагу барацьбе за правы журналістаў, паляпшэнне ўмоваў іх працы, супраць палітычнага і камерцыйнага ціску на прэсу, фізічнага гвалту і г.д. Акцыя «Станем за журналістыку» мае таксама засведчыць ролю журналісцкіх арганізацый у справе павышэння якасці журналістыкі.
На працягу цэлага тыдня журналісты свету ладзяць акцыі пратэсту, сяброўскія сустрэчы, прэзентацыі, семінары, якія маюць прыцягнуць увагу грамадскасці да сваіх найбольш надзённых праблем.
У еўрапейскім маштабе сёлета найбольш трывожнай лічыцца сітуацыя ў Турцыі, дзе за кратамі ўтрымліваюць каля 60-і журналістаў. Аднак, безумоўна, кожны рэгіён найперш канцэнтруецца на праблеме, важнай менавіта для яго.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» як асацыяваны сябра МФЖ і ЕФЖ далучалася да акцыі на працягу ўсіх гадоў яе існавання. БАЖаўцы праводзілі тэматычныя «круглыя сталы», ладзілі арыгінальныя перформансы ў падтрымку свабоды слова ў Мінску і рэгіёнах, выступалі з заявамі, рыхтавалі тэматычныя слайд-шоў і г.д.
Сённяшняя сітуацыя, на думку арганізацыі, вымагае супольных дзеянняў па двух асноўных накірунках: абарона нашага калегі Андрэя Пачобута, які знаходзіцца пад крымінальным пераследам, і ўратаванне часопіса «Arche-Пачатак», якому пагражае закрыццё.
Але праблем у беларускай журналістыкі, безумоўна, значна больш. І за нас іх ніхто не вырашыць.
Мы заклікаем усіх сваіх калег далучацца да акцыі, якая не абмяжоўваецца адным днём ці тыднем. Публікуйце матэрыялы, адпраўляйце лісты ў абарону сваіх калег, збірайцеся і абмяркоўвайце, як пастаяць за свае правы.

Станем за журналістыку разам!