Домой Общество У Бабруйску бярэ пачатак «Школа рамеснікаў»

У Бабруйску бярэ пачатак «Школа рамеснікаў»

Шостага студзеня ў Бабруйску адбыўся круглы стол, на якім абмяркоўваўся праект «Школа рамеснікаў». Гэтым мерапрыемствам быў дадзены старт шэрагу тэматычных заняткаў.

У сераду прэзентавалі народнае рамяство Зміцер Мурашка і Юлія Літвінава. Яны распавяліаб сваім вопыце рамесніцкай працы, а таксама паказалі кінастужку аб тым, як яны ездзілі ў адну шведскую школу рамеснікаў.

— У Швецыі людзі, каторыя жадаюць навучыцца народнаму рамяству, — кажа спн. Юлія, — не плоцяць грошы за навучанне. Яны толькі пакрываюць выдаткі на матэрыял, які выкарыстаюць падчас свайго навучання.

Але галоўнае, як адзначыла Юлія Літвінава, у гэтых школах не ставяць адзнакі.

Галоўны крытэр паспяховасці вучня —іхнія прададзеныя вырабы. Менавіта на неабходнасць запатрабаванасці вырабаў сярод спажыўцоў робяць акцэнт і Юлія са Змітром.

— Вельмі важна, каб гэтая ініцыятыва мела працяг, — кажуць яны. — Толькі тады гэтыя людзі (каторыя сталі рамеснікамі ў Бабруйску — заўвага аўтара) будуць мець і сталы заробак і цікавае баўленне часу.

На круглым стале прысутнічалі бабруйчане розных узростаў. Частка з іх зарэгістраваліся летась у якасці рамеснікаў. Некаторыя не хавалі, што паглядзелі ў бок рамесніцкай дзейнасці з-за дэкрэта аб так званым дармаедстве. Але ўсё ж большасць прысутных мелі на мэце знайсці сабе цікавы занятак ці сталы заробак.

Стартап «Школы рамеснікаў» ставіў у свае задачы заахвоціць не толькі тых людзей, каторыя адкрылі сваё рамяство, але й былых «дармаедаў» і ўсіх зацікаўленых.

Таксама было зазначана, што на занятках у рамках «Школы» будуць вучыць беларускаму народнаму рамяству.

— Нашая культура занядбала, — кажуць ідэйныя натхняльнікі праекта «Школы» Галіна Смірнова і Таісія Кабанчук. — Яна не мае попыту ў нас, у беларусаў. У той жа час турысты хочуць бачыць штосьці нашае, а не матрошкі і кастрамскія хусткі.

І ўжо восьмага студзеня адбыліся першыя практычныя заняткі. На іх народны майстар Валянціна Нікіціна з Крычаву вучыла бабруйскіх рамеснікаў вырабляць беларускія лялькі.

Яўген Васьковіч