Домой Общество 15 000 рублёў за долар гэтай восенню — гэта рэальна?

15 000 рублёў за долар гэтай восенню — гэта рэальна?

Крызіс еўрапейскай валюты можа сур’ёзна «падсекчы» беларускі рубель і адпаведна айчынную эканоміку. Наколькі сур’ёзна, разважалі эксперты «Тут і цяпер».

«Сітуацыя на фінансавым рынку Беларусі ў значнай ступені залежыць ад сітуацыі ў еўразоне. На сёння можна разглядаць тры сцэнарыі развіцця падзей у еўразоне — катастрафічны, прамежкавы і аптымістычны, аднак усе яны могуць прывесці да негатыўных наступстваў для Беларусі: гэта дэвальвацыя нацыянальнай валюты, адток капіталу, нізкая інвестыцыйная актыўнасць і, як вынік, спад вытворчасці ў рэальным сектары», — паведаміў загадчык кафедры «Арганізацыя і аналіз прадпрымальніцкіх працэсаў» БНТУ Л.Жалтанога ў гутарцы з карэспандэнтам агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

Паводле яго слоў, «катастрафічны сцэнарый» развіцця падзей у зоне еўра прадугледжвае знікненне еўра як валюты. Па словах Л.Жалтаногі, «найбольшы патэнцыял развіцця мае першы сцэнарый».

Пры такім сцэнары «наступіць сур’ёзнае выпрабаванне для нашай эканомікі. Курс долара ў адносінах да расійскага рубля можа вырасці да 50 расійскіх рублёў / $1, і не выключана, што нам прыйдзецца плаціць за $1 Br13-15 тыс.», — сказаў вучоны. Суразмоўца агенцтва звярнуў увагу на тое, што рэцэсія ў еўрапейскай прамысловасці прывядзе да зніжэння попыту на значныя пазіцыі беларускіх тавараў: нафтапрадукты, металапракат, хімічную прадукцыю, драўніну, будаўнічыя матэрыялы».

Павал Данэйка, кіраўнік Інстытута прыватызацыі і менеджменту (ІПМ):
«Калапсу не будзе»

— У еўразоне ёсць двайная залежнасць: яна з’яўляецца асноўным рынкам для кітайскай прадукцыі, адначасова Кітай з’яўляецца асноўным пакупніком еўрапейскага тэхналагічнага абсталявання. Зніжэнне ў Еўропе попыту будзе, таму што скарачаюцца дзяржвыдаткі, і, натуральна, спажывецкі попыт на кітайскія тавары знізіцца. Кітай у адказ не будзе замаўляць у Еўропе дадатковае абсталяванне. Атрымліваецца такое замкнёнае кола. Рэцэсія будзе, але адаб’ецца яна для Беларусі праз Расію і цэны на нафту. Таму што беларуская прадукцыя на еўрапейскі рынак пастаўляецца ў нязначным аб’ёме. Гэта нафтапрадукты. Цэны на нафту знізяцца. Адпаведна, расійскі попыт скароціцца. Расійская стагнацыя закране і нас, але гэта не будзе такі крызіс, як папярэдні фінансавы. Тады былі перакрыты каналы фінансавання, а цяпер будзе павольнае развіццё рэцэсіі, заснаванай на зніжэнні попыту. Нагадаю, што ў 2011-м сусветная эканоміка была на ўздыме, а жах быў толькі ў нас. Наша асноўная праблема — нізкая эфектыўнасць эканомікі, якая вызначаецца неэфектыўнай работай дзяржсектара. Нам патрэбны структурныя рэформы, перамяшчэнне рабочай сілы і рэсурсаў у галіны, якія даюць максімальную дадатковую вартасць. І гэта можна зрабіць выключна з дапамогай прыватнага сектара. Інакш эфектыўнасці не будзе.

Надзея Стасенка, прадпрымальніца:
«Нам пагражаюць уласнае глупства і лайдацтва»

— Няшчасная, ахопленая крызісам Грэцыя абыграла вялікую Расію на Еўра-2012. Прыгнечаная беспрацоўем Іспанія стала чэмпіёнам. Італьянцы, дзе крызіс набірае абароты, выйгралі ў немцаў. Варта падумаць, чаму раптам у гэтых краінах, дзе такія праблемы, людзі гуляюць у футбол за мільёны? Чаму яны так распусціліся і дазваляюць сабе нахабства выйграваць у немцаў, якія трымаюць усю фінансавую сістэму Еўрасаюза?

Беларусі пагражае не падзенне еўра, а ўласнае глупства і лайдацтва.

Леанід Заіка, эканаміст:
«Па восені беларусы, магчыма, адпусцяць сабе вусы»

— Я б не стаў звязваць сітуацыю з еўра і становішча ў Беларусі. Мы займаем прыкладна 0,2 працэнта ў знешнім абароце Еўрасаюза. Дарэчы, як у любой маленькай краіны, у нас завышаны амбіцыі. А што тычыцца рэальнай сітуацыі, то асноўныя інфляцыйныя і курсавыя змены ўжо адбыліся. Таму сённяшнія суадносіны долара і еўра захаваюцца, а беларусам трэба думаць аб тым, як ім жыць далей, а не пра тое, як еўра будзе ўздзейнічаць на продажы. Яны ідуць. Ужо ледзь ці не палову беларускага экспарту складаюць нафтапрадукты. Станоўчае сальда гандлёвага балансу пры нізкім узроўні жыцця. Восенню нічога ўражвальнага не адбудзецца. Людзі вернуцца з адпачынкаў, пабачаць, што іх зарплата ў два з паловай разу ніжэйшая, чым у расіян; пераканаюцца ў тым, што больш змахваюць на малдаван. Магчыма, адпусцяць сабе вусы пасля гэтага, каб быць больш сімпатычнымі. У Беларусі палова насельніцтва жыве за кошт сацыяльных трансфертаў. Людзі разбэшчаны гэтай расійскай нафтай і танным газам. Чыноўнікі будуюць сабе дамы, урад размазвае вясёлыя фарбы на экранах тэлевізараў.

Але пры гэтым які сэнс нешта рэфармаваць, калі прададзім на паўтара мільярда долараў бензіну пад шыльдай растваральніка? Жывём бедна, цэны высокія, як пры ваенным камунізме. Але жывём! Наша праблема ў тым, што людзі ўжо не разумеюць і не хочуць нейкіх змен. Пры чым тут праблемы еўра? Быццам нешта здарыцца з еўра, і працавітая Беларусь, якая выпускае суперкамп’ютары, цудоўныя аўтамабілі, нанатэхналагічнае абсталяванне, моцна пацярпець. Што тут можа пацярпець? Праблемы з еўра выгадны толькі Міхаілу Уладзіміравічу Мясніковічу і Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Можна спісаць свае праблемы на грэкаў і іспанцаў.

Варвара Карольчык, менеджэр:
«Нас чакае капанне бульбы і распродаж актываў за бясцэнак»

— Праблемы ў еўразоне, сапраўды, глыбокія і сістэмныя. Таму Беларусь чакае тое, што да яе не будзе нікому справы. Нікому! Ні Еўропе з яе праблемамі, ні Расіі з натуральным патанненнем нафты. Беларусь восенню чакае капанне бульбы. Усе грандыёзныя планы па прыватызацыі, што павінна была адбыцца ўжо ўчора, аформленыя не ў лепшы момант. Беларусь з яе «смачнымі кавалкамі» і «жамчужынамі» на вачах таннее як аб’ект інвестыцый. У цэлым інвестыцыйны клімат пагаршаецца, а ў такіх экзатычных і рызыкоўных месцах ён пагаршаецца шматкроць. А паколькі мы нічога не прадаваць не можам, то непазбежна патрапім на распродаж збяднелых пакупнікоў, як расійскіх, так і еўрапейскіх. Калі ў людзей аказаліся лішнія рублі, то зараз добрая нагода купіць валюту. Але гэта, хутчэй, рэчы ажыятажна-панічныя. Сказаць, што наш рубель і еўра не звязаны паміж сабой, няправільна: «зайчык» расце і падае з унутраных прычын. Часткай глабальнага свету мы не сталі.

Апытанне падрыхтаваў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ

http://svabodaby.net/by/